Сілавікі зладзілі ператрус у бабулі былога журналіста «Белсату»
Беларускія сілавікі працягваюць прыходзіць зь ператрусамі да былога журналіста «Белсату» Сяргея Скулаўца, які ўжо з 2023 году не жыве ў Беларусі. А самому яму прапаноўваюць вярнуцца.
Як расказаў Сяргей Скулавец «Белсату», на Новы год сілавікі зладзілі яшчэ адзін ператрус у ягонай 86-гадовай бабулі, якая жыве ў вёсцы Хорск Столінскага раёну.
«31-га вечарам зноў прыехалі зь ператрусам да бабулі. Са Століна наведаўся сьледчы з пастановай пра ператрус, якую падпісаў пракурор з Івацэвічаў. Перад гэтым званілі маме, назваліся зь міліцыі і паведамілі, што супраць мяне завялі крыміналку. Міліцыянт таксама сказаў, што яму даручылі распавесьці пра тое, што калі я надумаю вяртацца, то трэба зьвярнуцца ў камісію памілаваньня. Ён распавёў гэта маме і папрасіў яе перадаць мне», — кажа Сяргей Скулавец.
Паводле яго, бабуля замкнула весьніцы, дык міліцыянт пераскокваў праз плот.
Грамадзяніна Эстоніі каля году ўтрымліваюць за кратамі ў Беларусі
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што са студзеня 2024-га году ў зьняволеньні ў СІЗА Беларусі знаходзіцца грамадзянін Эстоніі Алан Роя. Яго абвінавачваюць у датычнасьці да «экстрэмісцкага фармаваньня».
Год таму, 16 студзеня 2024 году, КДБ прыняў рашэньне аб прызнаньні «экстрэмісцкім фармаваньнем» фонду «Fund of Belarus Friend LTD». У рашэньні ведамства былі пазначаныя асобы, якія нібыта маюць дачыненьне да фонду: беларусы Алег Стэфановіч і Аляксандар Сырыца, а таксама эстонец Алан Роя.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Алану інкрымінуюць ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім).
Фонд Fund of Belarus Friend LTD заснаваны для дапамогі пацярпелым ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Ягоныя інтэрнэт-рэсурсы не абнаўляюцца з 2021 году.
Новы суд за салідарнасьць з палітвязьнямі
16 студзеня ў Менскім абласным судзе пачаўся суд над 60-гадовай Натальляй Ладуцькай. Справу разглядае судзьдзя Ўладзімер Арэшка, паведамляе «Вясна». Натальлю Ладуцьку судзяць за салідарнасьць з палітвязьнямі.
Жанчыну затрымалі 23 студзеня 2024 году падчас масавага рэйду КДБ за дапамогу палітвязьням. Натальлі прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Падрабязнасьці справы невядомыя.
Берасьцейца судзяць за ўдзел у пратэстах
У судзе Ленінскага раёну Берасьця 16 студзеня пачалі разглядаць крымінальную справу супраць Мікіты Мяргасава паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Працэс вядзе судзьдзя Аляксандар Семянчук, піша «Вясна».
Мікіту Мяргасава затрымалі 13 верасьня 2024 году разам зь іншым берасьцейцам Дзьмітрыем Жаўнеруком. «Пакаяльнае відэа» зь імі зьявілася ў праўладным тг-канале. Падрабязнасьці справы праваабаронцам не вядомыя.
Ляўрэата конкурсаў вакалістаў і ўдзельніка хору будуць судзіць за пратэсты
22 студзеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачнецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Даніеля-Ландсея Кейты. Яму інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Працэс будзе весьці судзьдзя Тацяна Пірожнікава, пішуць праваабаронцы.
Пра затрыманьне хлопца стала вядома ў чэрвені 2024 году — на «пакаяльным відэа» ён «прызнаваўся» ў тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў нэгатыўныя камэнтары пра міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, а таксама дрэнна ставіўся да расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Ўкраіне.
Вядома, што затрыманы — ляўрэат I ступені рэспубліканскага і III ступені міжнароднага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна.
Форум