29-гадовую жыхарку Менска Вераніку Жалубоўскую затрымалі пасьля вяртаньня ў Беларусь. Яе вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 году (ч. 1 арт. 342 КК), піша «Наша ніва».
Разгляд крымінальнай справы Жалубоўскай пачынаецца 4 сакавіка 2025 году ў 11:30 у судзе Фрунзэнскага раёну Менску.
Ёй інкрымінавалі 342 ч. 1 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Вераніцы пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
Вераніка Жалубоўская скончыла Менскі ліцэй № 1, а затым атрымала дыплём Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Адначасова вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У 2016 годзе дзяўчыну прызналі пераможцай менскага конкурсу «ВелаМіс». Яна тады расказала, што вельмі любіць катацца на ровары.
Пасьля заканчэньня МДЛУ Вераніка адпрацавала тры гады бортправадніцай у Катарскіх авіялініях. Яна была мадэльлю і акторкай, зьнялася ў эпізадычных ролях у чатырох фільмах пад псэўданімам Вераніка Брусьнікіна і супрацоўнічала з мадэльнымі агенцтвамі.
Апошняе фота ў сацсетцы яна выклала 18 лістапада 2024 года з Турэччыны. Пасьля гэтага паехала ў Беларусь — пэўна, тады яе і затрымалі. Ейныя сацсеткі зь лістапада 2024-га неактыўныя.
Форум