Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб унясеньні зьменаў у ранейшы дакумэнт, які вызначаў умовы экспартнага фінансаваньня, уведзеныя 24 студзеня 2023 году.
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, меры падтрымкі экспарту беларускай прадукцыі прадоўжаныя да 2026 году ўключна. Раней іх ухвалілі на 2023/2024 гады.
Дакумэнт прадугледжвае магчымасьць атрыманьня ў Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь экспартных крэдытаў у беларускіх і расейскіх рублях, а таксама дзяржаўнае страхаваньне экспартных рызык з магчымасьцю перастрахаваньня.
Як вынікае з апублікаванай пастановы, урад дапоўніў меры падтрымкі экспарту яшчэ адным пунктам, але яго зьмест засакрэціў (яго пазначылі заўвагай «для службовага выкарыстаньня»).
Урад Беларусі 24 студзеня 2023 году ўхваліў пастанову «Аб умовах экспартнага фінансаваньня» ў разьвіцьцё ўказу Аляксандра Лукашэнкі «Аб дадатковых мерах па забесьпячэньні функцыянаваньня эканомікі» ад 14 сакавіка 2022 году.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. За гэта супраць Беларусі ўвялі замежныя санкцыі.
Форум