Белстат падвёў вынікі выбарачнага абсьледаваньня ўзроўню жыцьця хатніх гаспадарак у чацьвёртым квартале 2024 году. Больш за палову насельніцтва краіны мае рэсурсы звыш 1000 рублёў у месяц.
Наяўныя рэсурсы сярэдняй хатняй гаспадаркі складалі 2545,8 рубля ў месяц, што на 49,7 рублёў больш, чым у трэцім квартале.
У наяўныя рэсурсы ўваходзяць грашовыя сродкі хатніх гаспадарак, кошт спажытых прадуктаў харчаваньня, вырабленых у асабістай падсобнай гаспадарцы, за мінусам матэрыяльных выдаткаў на іх вытворчасьць і (або) паступіўшых зь іншых крыніц без аплаты, і кошт атрыманых у натуральнай форме льготаў і выплатаў.
Сярэднія рэсурсы гарадзкіх сем’яў вырасьлі на 59,5 рублеў да 2671,3 рублі ў месяц. Вясковае насельніцтва валодала рэсурсамі ў 2138,4 рублёў на сямʼю ў месяц, што на 16,6 рублёў больш, чым у трэцім квартале.
У структуры спажывецкіх выдаткаў хатніх гаспадарак доля выдаткаў на харчаваньне склала 36,9%, на пакупку нехарчовых тавараў — 37,7%, на аплату паслугаў — 23%.
Рэсурсы, большыя за 1000 рублёў, меў 51% беларусаў.
Доля «самых багатых» — тых, хто маюць рэсурсы звыш 1700 рублёў, склала 13,4% у цэлым па краіне. У Менску такіх было 23%.
Рэсурсамі менш за 400 рублёў валодала 1,7% насельніцтва.
Форум