Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца банкаў, падаткі, заробкі, апастыль, дапамога на пахаваньне. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 сакавіка 2025 году


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З пачаткам вясны ў Беларусі набудуць моц важныя зьмены, якія закрануць фінансы, падаткі, мэдыцыну, транспарт і сувязь.

«Белтэлекам» павысіў тарыфы на зарадку электрамабіляў

Павышэньне адбудзецца 1 сакавіка. Пра гэта паведаміла прэс-служба кампаніі. Зьмяненьні датычацца паслуг на электразарадных станцыях сеткі Evika!, яны будуць дзейнічаць як для фізычных, так і для юрыдычных асоб.

З новага месяца цана зарадкі для фізычных асоб складзе 43 капейкі за 1 кВт·г (з улікам ПДВ), а для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў — 36 капеек за 1 кВт·г (без уліку ПДВ).

На гэты момант цана за зарадку пераменным токам складае 40 капеек за 1 квт·г.

Пры папаўненьні энэргіі пастаянным токам тарыфы будуць наступнымі:

  • для фізычных асоб — 56 капеек за 1 кВт · г (з ПДВ);
  • для юрыдычных асоб і ІП — 47 капеек за 1 кВт · г (без ПДВ).

Восем банкаў, што працуюць у Беларусі, паведамілі пра зьмяненьне асобных правілаў абслугоўваньня і прадставілі новыя магчымасьці для кліентаў, сьведчыць праведзены «Позіркам» маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

У васьмі банках будуць новаўвядзеньні ў працы з кліентамі

«Белгазпрамбанк» 1 сакавіка падвысіць камісію для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за перадачу паведамленьняў: аб выдачы (скасаваньні) банкаўскай гарантыі «з выкарыстаньнем спэцыялізаванага праграмнага забесьпячэньня ў форме электроннага дакумэнта» — з 43,2 да 48 рублёў; аб зьмяненьні банкаўскай гарантыі — з 34,8 да 39,6 рубля.

«Белінвэстбанк» прапануе мікрабізнэсу паслугі банка-гаранта. Максымальная сума, даступная кампаніі або індывідуальнаму прадпрымальніку ў рамках усіх дагавораў аб мікрагарантыі, — 25 тыс. базавых велічынь (1,05 млн рублёў). Гарантыйная падтрымка ажыцьцяўляецца ў беларускіх і расейскіх рублях (пры неабходнасьці — у іншых валютах). Тэрмін разгляду заяўкі — да пяці дзён. Для атрыманьня паслугі заклад не патрэбны. Гарантыі могуць быць выдадзеныя пад паручальніцтва фізычных асоб або няўстойку.

«БНБ Банк» ня будзе спаганяць дадатковую камісію за выкананьне плацежных даручэньняў для банкаўскіх пераводаў у далярах і эўра на рахункі атрымальнікаў, адкрытыя ў іншых банках Беларусі. Правіла дзейнічае пры плацяжы з укладнога (дэпазытнага) банкаўскага рахунку або за кошт сродкаў, якія паступілі з падобнага рахунку, а таксама пры ажыцьцяўленьні плацяжу з рахунку па ўліку крэдытнай запазычанасьці або за кошт сродкаў, якія паступілі з падобнага рахунку.

«БСБ Банк» аказвае фізычным асобам паслугу «Мой курс» для рэзэрваваньня індывідуальнага курсу праз тэлеграм-бот (@mycourse_bsb_bot). З дапамогай гэтага сэрвісу кожны ахвочы можа падаць заяўку з пажаданай сумай угоды, у адказ банк прапануе індывідуальны курс, які будзе дзейнічаць цягам адной гадзіны.

«Парытэтбанк» прапануе юрыдычным асобам новы пакет абслугоўваньня «Бізнэс-каса», які дазваляе выбіраць аптымальную колькасьць касаў (адну ці дзьве), прымаць плацяжы любымі картамі і плацежнымі сэрвісамі. Кліентам абяцаюць доступ да тэрміналаў «4 у 1», камісіі на залічэньне «ад 1,1% без патрабаваньняў да абароту». Акрамя таго, банк прапануе бясплатна адкрыць рахункі больш як у 11 валютах, праводзіць безьлімітную колькасьць пераводаў у беларускіх рублях, выпусьціць і абслугоўваць адну карпаратыўную карту, здаваць выручку.

«Сбер Банк (Беларусь)» з 3 сакавіка ў рамках пакета «СберКарта» будзе штомесяц спаганяць плату ў памеры 3,99 рубля (ад яе вызваляць тых кліентаў, у якіх безнаяўны абарот па карце на месяц складае ня менш як 350 рублёў або ёсьць залічэньні на карту фонду аплаты працы на агульную суму ня менш як 500 рублёў). Такі ж памер платы будзе вызначаны за пакет «Клясычны»; за пакет «Статусны» — 5,99 рубля, «Элітны» — 12,99.

«Тэхнабанк» зьмяніў правілы па дакумэнтарных акрэдытывах. Скасаваньне такога акрэдытыву да заканчэньня тэрміну будзе каштаваць 25 даляраў. Адкрыцьцё акрэдытыву па імпарце з наданьнем пакрыцьця — 0,15% сумы (мінімум 40 даляраў, максымум — 250). Прыём дакумэнтаў з разыходжаньнямі — 20 даляраў.

«Цэптэр банк» прапануе юрыдычным асобам і ІП, якія ўпершыню адкрываюць рахункі і падключаюцца да пакетаў разьлікова-касавага абслугоўваньня «Ваш партнэр 3», «Ваш партнэр 4» і «Ваш партнэр 5», ажыцьцяўляць неабмежаваную колькасьць плацяжоў у расейскіх рублях на рахункі ў банках-нерэзыдэнтах бяз выплаты камісійнай узнагароды да канца 2025 году.

Унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны

1 сакавіка рамесьнікі, самазанятыя на адзіным падатку і ўладальнікі аграсядзіб павінны заплаціць страхавыя ўнёскі ў ФСАН за IV квартал 2024 году. Сума складзе 29% ад самастойна ўстаноўленага даходу, але ня менш за мінімальны заробак. Выключэньне — самазанятыя, якія выплачваюць падатак на прафэсійны даход.

Таксама да 1 сакавіка індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты і натарыюсы павінны пералічыць страхавыя ўнёскі за 2024 год. Калі праца вялася ўвесь год, мінімальны плацеж складзе 2629,2 рубля.

Падаходны падатак

Дэклярацыю аб даходах за 2024 год неабходна падаць да 31 сакавіка. Гэта тычыцца грамадзян, якія атрымлівалі даходы за мяжой, прадалі маёмасьць, атрымалі даходы ад няблізкіх сваякоў або маюць статус ІП за мяжой. Выплаціць падатак трэба будзе да 1 чэрвеня, інакш пагражае штраф ад 21 да 420 рублёў.

Крэдыты стануць даражэйшымі

З сакавіка павялічваюцца разьліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР), што прывядзе да росту ставак па крэдытах.

Для фізычных асоб стаўка павялічыцца да 18,18% (0,47%), а для юрыдычных — да 12,87% (0,37%).

Ацэнка крэдытаздольнасьці

Банкі, лізінгавыя і мікрафінансавыя арганізацыі пачнуць прымяняць адзіныя крытэрыі ацэнкі платаздольнасьці кліентаў. Будзе ўлічвацца паказчык пазыковай нагрузкі, які не павінен перавышаць 40 працэнтаў.

Калі даход пазычальніка пасьля выплаты ўсіх абавязаньняў акажацца ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму, яму абавязаныя паведаміць пра магчымыя рызыкі.

Вырастуць заробкі некаторым мэдыкам

З 1 сакавіка павялічацца надбаўкі сярэдняму мэдычнаму пэрсаналу. Работнікі сфэры аховы здароўя атрымаюць прыбаўку — 10% акладу. Мэдыкі анэстэзіялёгіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі — 130%.

Для фэльчараў хуткай дапамогі, якія працуюць без урачоў, надбаўка складзе 170 працэнтаў. У далейшым чакаецца, што даплаты вырастуць у верасьні і сьнежні.

Зьменшыцца дапамога на пахаваньне

У сакавіку 2025 году ў Беларусі скароціцца — прычым істотна, адразу на 266,5 беларускага рубля — дапамога на пахаваньне. Згодна зь дзейным заканадаўствам велічыня дапамогі ў Беларусі пераглядаецца штомесяц, а канкрэтная сума залежыць ад паказчыка сярэдняй зарплаты ў Беларусі за пазамінулы месяц, калі лічыць ад даты сьмерці. Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у студзені 2025 году сярэдняя заработная плата ў Беларусі скарацілася на 266,5 BYN і склала 2427 рублёў 40 капеек.

Такім чынам, у сакавіку 2025 году велічыня дапамогі на пахаваньне складзе 2427,4 рубля.

Пашырэньне рэгуляваньня цэнаў на лекі

Дзяржава пачне кантраляваць цэны яшчэ на 17 лекаў, сярод якіх амаксіцылін, дыкляфэнак, кетараляк, мэльдоній і фэнібут. Усяго ў сьпісе цяпер 54 прэпараты.

Адмена роўмінгу з Расеяй

З 1 сакавіка набывае моц новы тарыф, які дазваляе беларусам і расейцам карыстацца сувязьзю бяз роўмінгу. Ён уключае 150 хвілін уваходных і выходных званкоў і 5 ГБ мабільнага інтэрнэту.

Адукацыя

Школьнікі будуць адпачываць з 23 па 30 сакавіка. Наступная, чацьвёртая чвэрць будзе кароткая, а летнія вакацыі стартуюць 1 чэрвеня.

У сакавіку пачынаецца заключны этап рэпэтыцыйнага тэставаньня, які завершыцца ў красавіку.

Запіс на апастыль дакумэнтаў

З сакавіка ўводзіцца папярэдні онлайн-запіс для падачы дакумэнтаў на апастыль.

Гэтыя і іншыя зьмены набываюць моц з 1 сакавіка 2025 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG