Парушэньні правілаў гандлю ўстанавілі «ва ўсіх аб’ектах, якія трапілі пад маніторынг», паведамляе МАРГ. Сярод выяўленых парушэньняў, паводле ведамства:
- У кожнай другой краме прадавалі тавары са скончанымі тэрмінамі прыдатнасьці.
- Больш чым у 70% правераных крамаў не прытрымліваліся пераліку тавараў, якія абавязкова павінны быць у продажы.
- У некаторых крамах (іх колькасьць не называюць) прадавалі сьвежую гародніну «з прыкметамі недабраякаснасьці» і «неадпаведную ўсталяваным патрабаваньням».
- Спэцыялісты выявілі ў продажы тавары «безь неабходнай і дакладнай інфармацыі», а таксама «неналежнае афармленьне цэньнікаў» або наогул іх адсутнасьць.
- Таксама ў спэцыялістаў МАРГ узьніклі пытаньні да некаторых шаляў, якія «не прайшлі своечасовую дзяржаўную паверку».
Па выніках праверак сетцы крамаў накіравалі рэкамэндацыі аб ліквідацыі парушэньняў, а таксама выдалі прадпісаньні аб забароне продажу прадуктаў са скончаным тэрмінам прыдатнасьці.
Паводле зьвестак Гандлёвага рэестру, ТАА «Эўрагандаль» адкрыла ў Беларусі больш за 1,1 тысячы розьнічных гандлёвых абʼектаў, адзначае ведамства. На сайце гандлёвай сеткі «Хіт» указана, што сетка налічвае больш за 350 крамаў у розных кутках Беларусі.
Раней у лютым спэцыялісты МАРГ прыходзілі з праверкамі і ў іншыя гандлёвыя сеткі Беларусі, сярод іх — «Капеечка», «Сьвятлафор», «Суседзі».
У 86% крамаў гандлёвай сеткі «Суседзі», у якіх прайшлі праверкі, супрацоўнікі ведамства выявілі «парушэньні дзейнага заканадаўства», сярод якіх — продаж тавараў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасьці, невыкананьне абавязковага асартымэнту тавараў, адсутнасьць неабходных сродкаў вымярэньняў, інфармацыі для спажыўцоў, неналежнае афармленьня цэньнікаў і інш. У Беларусі цяпер дзейнічаюць 234 крамы сеткі «Суседзі».
З 22 крамаў сеткі «Сьвятлафор» у абласных цэнтрах, Менску, Стоўбцах і Дзяржынску, куды прыйшлі спэцыялісты МАРГ, парушэньні правілаў гандлю выявілі ў кожнай зь іх. У трох крамах таксама знайшлі тавары са скончаным тэрмінам прыдатнасьці. На пачатак 2025 году ў Беларусі працавалі 127 гандлёвых кропак сеткі.
Па выніках маніторынгу крамаў гандлёвай сеткі «Капеечка», якая належыць ЗАТ «Дабраном», парушэньні знайшлі ў 96% абʼектаў. Агулам кампанія «Дабронам» адкрыла ў Беларусі больш за 1,1 тысячы розьнічных гандлёвых абʼектаў, паведамілі ў МАРГ. На сайце «Капеечкі» гаворыцца, што сетка налічвае больш за 850 прадуктовых крамаў фармату «каля дома» па ўсёй Беларусі.
Форум