Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вайсковы парад у Беларусь на 80-годзьдзе перамогі ў Другой усясьветнай вайне запрасілі расейцаў і кітайцаў


Расейскія вайскоўцы на парадзе ў Менску 3 ліпеня 2024. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія вайскоўцы на парадзе ў Менску 3 ліпеня 2024. Ілюстрацыйнае фота

Замежныя вайскоўцы будуць удзельнічаць у парадзе ў Беларусі не ўпершыню.

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі дэталі арганізацыі вайсковага параду, прымеркаванага 80-годзьдзю зь дня перамогі ў Другой усясьветнай вайне.

«Задума параду маштабная. Плянуецца ўдзел больш як 24 парадных разьлікаў, а таксама паветраных суднаў. [...] Мы запрасілі парадныя разьлікі з дружалюбных нам краін — Расейскай Фэдэрацыі, Кітая, а таксама сьцяганосныя групы зь дзяржаўнымі сьцягамі краін СНД. Часткова пацьверджаньне ўдзелу шэрагу краін ужо атрымалі», — сказаў Леанід Касінскі, памочнік міністра абароны Беларусі ў ідэалягічнай працы ва Ўзброеных сілах краіны.

Паводле яго, парад 9 траўня будзе складацца зь дзьвюх частак — гістарычнай і сучаснай. «Гістарычная частка будзе ўключаць праходжаньне рознай рэтратэхнікі і парадных разьлікаў у форме з узбраеньнем ваенных гадоў. Па сутнасьці, гістарычная частка будзе пабудаваная на асобных элемэнтах параду Перамогі 1945 году ў Маскве. У складзе мэханізаванай калёны пройдуць легендарныя танкі Т-34. Упершыню на парадзе будуць знакамітыя тачанкі з кулямётамі», — дадаў ён.

Леанід Касінскі паведаміў, што на парадзе таксама пакажуць беларускую вайсковую тэхніку, сродкі радыёэлектроннай барацьбы, а таксама новае ўзбраеньне, якое цяпер атрымлівае беларускае войска.

Летась 3 ліпеня ў вайсковым парадзе з нагоды 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў удзельнічалі вайскоўцы з Расеі, Азэрбайджану, Казахстану, Кітаю, Кіргістану, Таджыкістану і Ўзбэкістану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG