Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сталіцы Баўгарыі пратэстоўцы штурмавалі прадстаўніцтва Эўразьвязу і падпалілі дзьверы будынка


Пратэсты каля прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Сафіі 22 лютага
Пратэсты каля прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Сафіі 22 лютага

У сталіцы Баўгарыі Сафіі 22 лютага некалькі тысяч прыхільнікаў ультранацыяналістычнай партыі «Адраджэньне», якую называюць прарасейскай, паспрабавалі штурмаваць прадстаўніцтва Эўразьвязу і падпалілі ўваходныя дзьверы будынка. Адбыліся сутыкненьні з паліцыяй.

Як паведамілі Баўгарскай службе Радыё Свабодна ў міністэрстве ўнутраных спраў краіны, былі затрыманыя сама меней шэсьць чалавек. Каля 10 супрацоўнікаў паліцыі атрымалі траўмы. Гэта пакуль папярэдняя інфармацыя.

Падчас сутычнак пратэстоўцаў з паліцыяй
Падчас сутычнак пратэстоўцаў з паліцыяй

Беспарадкі адбыліся падчас акцыяў супраць плянаў баўгарскіх уладаў перайсьці з нацыянальнай валюты леў на эўра. Удзельнікі антыўрадавай акцыі скандавалі: «Не эўра!», «Адстаўка!». Яны закідалі будынак місіі ЭЗ чырвонай фарбай, яйкамі, пэтардамі і бутэлькамі з запальнай сумесьсю перш, чым паліцыя іх адціснула.

Пратэстоўцы ў Сафіі
Пратэстоўцы ў Сафіі

Урад Баўгарыі ўжо асудзіў гэты напад. У заяве кабінэта міністраў краіны падкрэсьліваецца, што падобнае «непрымальна і супярэчыць прынцыпам вяршэнства закона», перадае Reuters.

Акцыя пратэсту 22 лютага пачалася ля будынка Цэнтральнага банку Баўгарыі, якая ўваходзіць у Эўразьвяз. Там прысутныя падпалілі пудзілы старшыні Эўрапейскага цэнтральнага банка Крыстын Лягард і іншых чыноўнікаў. Некаторыя размахвалі сьцягамі Баўгарыі, а таксама сьцягамі няісных цяпер СССР і ГДР, іншыя несьлі плякаты з надпісам «Мы ня хочам эўра».

Пратэстоўцы спальваюцьпудзілы з тварамі Крыстын Лягард і іншых эўрапейскіх палітыкаў
Пратэстоўцы спальваюцьпудзілы з тварамі Крыстын Лягард і іншых эўрапейскіх палітыкаў

Кіраўнік партыі «Адраджэньне» Кастадзін Кастадзінаў заявіў, што акцыя была арганізаваная з мэтай «абараніць свабоду». «Мы ня хочам, каб фінансавая незалежнасьць Баўгарыі была разбураная», — заявіў ён.

Новы ўрад Баўгарыі, які быў зацьверджаны ў мінулым месяцы па выніках датэрміновых выбараў у кастрычніку, ужо сёмых за чатыры гады, пацьвердзіў прыхільнасьць імкненьню далучыцца да эўразоны ў наступным годзе. Аднак баўгарскае грамадзтва аказалася падзеленае па гэтым пытаньні. Шмат хто баіцца, што ўвядзеньне эўра прывядзе да рэзкага росту коштаў, як гэта было ў Харватыі ў 2023 годзе, адзначае Reuters.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG