Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, як перад выбарамі спрабавалі пагасіць даўгі ў заработнай плаце ў ААТ «Гомельхімсэрвіс»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Гомельхімсэрвіс» у пачатку 2025 году мела перад работнікамі запазычанасьці ў зарплаце, намаганьні для іх пагашэньня рабілі мясцовыя ўлады, вынікае са службовай перапіскі чыноўнікаў.

Копію ліста кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну Гомля Дзьмітрыя Лебедзя ў адрас старшыні камітэту сельскай гаспадаркі і харчаваньня аблвыканкаму Вадзіму Нагорнаму інфармацыйнай агенцыі «Позірк» перадало аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol.

У дакумэнце, датаваным 15 студзеня 2025 году, Лебедзь указвае, што ААТ «Гомельхімсэрвіс» «адчувае цяжкасьці з выплатай заработнай платы», запазычанасьць утварылася ў сувязі зь невыкананьнем абавязаньняў контрагентамі кампаніі.

Па стане на 1 студзеня 2025 году, гаворыцца ў дакумэнце, дэбіторская запазычанасьць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў перад «Гомельхімсэрвісам» складала 24 млн 607 тыс. рублёў, у тым ліку 7 млн 229 тыс. — за пастаўленыя мінэральныя ўгнаеньні.

«У мэтах безумоўнага выкананьня даручэньня старшыні Гомельскага аблвыканкаму Крупко І.І. па выплаце заработнай платы, а таксама недапушчэньня сацыяльнай напружанасьці ў калектыве ў рамках электаральнай кампаніі, якая праводзіцца, просім аказаць садзейнічаньне ў пагашэньні сельскагаспадарчымі арганізацыямі запазычанасьцяў за аказаныя паслугі», — хадайнічае Лебедзь.

Чыноўнік прапануе выплаціць «Гомельхімсэрвісу» ня менш за 150 тыс. рублёў — «па 1 тыс. рублёў з кожнай сельскагаспадарчай арганізацыі» — да 20 студзеня 2025 году. З гэтага вынікае, што даўгі перад кампаніяй на дату напісаньня ліста мелі ня менш як 150 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Ці была пагашаная запазычанасьць і ў якім памеры, невядома.

У распараджэньні «Позірку» таксама ёсьць службовая інфармацыя аб запазычанасьцях перад ААТ «Гомельхімсэрвіс» 109 сельскагаспадарчых арганізацый. Агульная сума доўгу — 25 млн 92 тыс. 730,85 рублёў. Гэтая інфармацыя прадстаўлена за 17 студзеня 2025 году.

ААТ «Гомельхімсэрвіс» займаецца аказаньнем паслуг і рэалізацыяй тавараў у сфэры сельскай гаспадаркі. Сярод іншага спэцыялізуецца на гуртовым продажы ўгнаеньняў, інсэктыцыдаў, фунгіцыдаў, зьнішчальнікаў грызуноў і паразытаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG