20 лютага ў Нацбанку Беларусі пракамэнтавалі асноўныя палажэньні закону «Аб спажывецкім крэдыце і спажывецкай мікрапазыцы» і расказалі падрабязнасьці валютных зьменаў, якія ўвялі гэтым законам
Нормы закону, якія датычацца спажывецкага крэдытаваньня, набудуць моц праз 9 месяцаў пасьля апублікаваньня. Згодна са зьменамі, да заключэньня дамовы спажывецкага крэдыту ці мікрапазыкі заяўніку павінны даць падрабязную інфармацыю пра ўмовы крэдыту\мікрапазыкі ў выглядзе табліцы (калі на паперы — памерам ня больш за адну старонку). Банкі і мікрафінансавыя арганізацыі абавязалі ацэньваць крэдытаздольнасьць заяўніка пры заключэньні і зьмяненьні дамовы.
У законе ўказана патрабаваньне даваць кліенту графік плацяжоў па крэдыце ў выпадку, калі яны зьяўляюцца няроўнымі і сума штомесячнага плацяжу ня ўказаная ў дамове, а таксама па дамове спажывецкай мікрапазыкі, калі яе выдалі на тэрмін больш за адзін год. Калі крэдыт вяртаецца датэрмінова ці мяняюцца яго ўмовы, банк павінен даць абноўлены графік плацяжоў.
Банкі і мікрафінансавыя арганізацыі абавязаныя апавяшчаць атрымальніка крэдыту пра зьяўленьне пратэрмінаванай запазычанасьці па крэдыце і па жаданьні кліента бясплатна даваць яму зьвесткі пра запазычанасьць не радзей як раз на месяц.
Атрымальнік крэдыту мае права датэрмінова пагасіць яго (ці мікрапазыку) цалкам ці часткова без папярэдняга паведамленьня і згоды банка (мікрафінансавай арганізацыі). Працэнты пры гэтым выплачваюцца за фактычны тэрмін карыстаньня крэдытам (мікрапазыкай).
Закон прадугледжвае магчымасьць адтэрміноўкі плацяжоў па крэдытах у выпадку цяжкіх жыцьцёвых сытуацый. Адтэрміноўку ці растэрміноўку плацяжу могуць даць на тэрмін ня менш як 3 месяцы (калі сам чалавек не запрасіў меншы тэрмін), з прадаўжэньнем тэрміну пагашэньня крэдыту (мікрапазыкі) на такі ж тэрмін.
Таксама закон абмяжоўвае суму працэнтаў па спажывецкай мікрапазыцы. Па мікрапазыках да году яна ня можа перавышаць сумы мікрапазыкі, па мікрапазыках звыш году — яе двухразовай сумы. Агульная сума няўстойкі (штрафу, пені) ня можа перавышаць палову сумы мікрапазыкі.
У Грамадзянскім кодэксе замацавалі забарону на спагнаньне камісіі зь людзей, якія атрымліваюць кансультацыі і інфармацыйныя паслугі аб умовах наданьня крэдытаў, пазыкаў, лізінгу, якія аказваюць юрыдычныя асобы і ІП.
Валютныя новаўвядзеньні
Законам, у прыватнасьці, прывязалі стаўкі арэнды на нерухомасьць у Беларусі да беларускага рубля, а не да валюты. Цяпер стаўкі па дамовах арэнды і лізінгу зь фізычнымі асобамі можна ўказваць толькі ў рублях.
Спажывецкія крэдыты і мікрапазыкі беларусам таксама павінны даваць у беларускіх рублях. «Уключэньне ў дамову ўмовы аб аплаце грашовых абавязаньняў у беларускіх рублях у суме, эквівалентнай пэўнай суме ў замежнай валюце або ўмоўных грашовых адзінках, не дапускаецца», — удакладняе Нацбанк.
Таксама ўнесьлі карэкціроўкі ў закон «Аб валютным рэгуляваньні і валютным кантролі». Новаўвядзеньні зьявіліся для экспартэраў тавараў. Так, улады прапісалі магчымасьць павелічэньня тэрміну, на працягу якога беларускія кампаніі і ІП абавязаны пералічыць у краіну валютную выручку, атрыманую на рахунак у замежным банку. «Гэты тэрмін падаўжаецца на пэрыяд ажыцьцяўленьня працэдур унутранага кантролю замежнымі банкамі, якія ўдзельнічаюць у пералічэньні грошай у Беларусь», — паведамілі ў Нацбанку.
Юрыдычным асобам-рэзыдэнтам далі магчымасьць выкарыстоўваць наяўную валюту для выплаты збораў і мытаў консульскім установам замежных дзяржаў, якія знаходзяцца ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Форум