Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест Amazon і eBay. Чаму расейскія плятформы Wildberris і Ozon пануюць на беларускім рынку


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Расейскія гіганты онлайн-гандлю дамінуюць на беларускім рынку. Чаму так адбылося і ці магчымы быў прыход заходніх гульцоў? Разьбіраемся.

17 лютага Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з прадпрымальнікамі. На сустрэчы прысутнічалі як беларускія бізнэсоўцы, так і прадстаўнікі замежных фірмаў. Туды ж запрасілі таксама кіраўніцу расейскага маркетплэйсу Wildberries Тацьцяну Кім.

«Калі нехта мадэрнізаваўся і прасунуўся ў будучыню, а Wildberries працуе менавіта так, такія прадпрыемствы мы будзем падтрымліваць. Але кожнае прадпрыемства мусіць працаваць на Беларусь, на дзяржаву. Тады ў мяне ніякіх ня будзе да вас прэтэнзій», — заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы.

Асноўныя гульцы беларускага рынку

Паводле зьвестак Эўразійскага банку разьвіцьця, на Wildberries і Ozon у Беларусі прыпадае больш за 40% рынку онлайн-гандлю. Пры гэтым рынак электроннай камэрцыі ўвесь час паказвае рост, зараз доля расейскіх гульцоў можа быць яшчэ большай.

У трэцім квартале 2024 году Ozon прадэманстраваў значны рост у Беларусі. Абарот кампаніі павялічыўся ў 2 разы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2023 году.
Актыўных пакупнікоў у краіне пабольшала ў 1,7 раза, а замоваў — больш чым удвая.

Аб’ём продажаў Wildberries, з словаў Тацьцяны Кім, за 2024 год склаў 2,3 мільярды рублёў. За год продажы вырасьлі на 40%.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У 2023 годзе рынак інтэрнэт-гандлю ў Беларусі складаў 5,8 мільярдаў рублёў, што на 2,1% больш, чым годам раней. Гэта 8,1% у агульным аб’ёме раздробнага таваразвароту. Напрыклад, у 2020-м годзе таваразварот у інтэрнэт-крамах складаў 2,7 мільярда рублёў. То бок за тры гады гэты рынак вырас больш чым удвая.

Пры гэтым беларускія гульцы таксама застаюцца на рынку. Напрыклад, онлайн-гіпэрмаркет 21vek. by у 2023 годзе заяўляў пра долю рынку 30% уключна з трансьмежавымі продажамі, г. зн. з улікам пакупак нерэзыдэнтаў.

Таксама працуюць беларускія онлайн-пляцоўкі Lamoda. by, онлайн-крама тэхнікі 5element. by, пляцоўка deal. by ды іншыя.

Чаму для ўладаў Беларусі важныя расейскія маркетплэйсы

Адзін з кірункаў дзейнасьці расейскіх маркетплэйсаў у Беларусі — будаўніцтва буйных лягістычных цэнтраў. Падчас сустрэчы з Лукашэнкам Тацьцяна Кім расказала, што ейная кампанія уклала ў будаўніцтва лягістычнага цэнтру ў парку «Вялікі камень» 11 мільярдаў расейскіх рублёў, ці больш за 120 мільёнаў даляраў паводле цяперашняга курсу. На сёньня ў Беларусі працуе ўжо 4 лягістычныя цэнтры кампаніі: у Менску, Менскім раёне, Берасьці, Гомлі.

Паводле старэйшай навуковай супрацоўніцы BEROC Анастасіі Лузгіной, менавіта на гэтым грунтуецца зацікаўленасьць беларускіх уладаў у расейскай кампаніі.

«Wildberries будуе лягістычныя цэнтры, што ў пэўнай ступені спрыяе прасоўваньню беларускіх тавараў на расейскі рынак», — кажа суразмоўца.

Летась кампанія адкрыла на сайце адмысловы разьдзел для беларускіх прадуктаў. Цяпер на плятформе прадаюць свае тавары каля 15 тысяч беларускіх прадаўцоў.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Чаму расейцы пацясьнілі беларускія онлайн-крамы

Паводле былога спэцыяліста адной з гандлёвых сетак у Беларусі эканаміста Валянціна Сакалоўскага, першым сярод папулярных маркетплэйсаў на беларускім рынку стала кітайская кампанія AliExpress.

«Тэхнічна першымі стварылі рынак кітайцы. Уся бізнэс-мадэль маркетплэйсаў пабудаваная на эфэкце маштабу. Чым большы маштаб, тым больш прывабныя цэны, танная дастаўка, захоўваньне і апрацоўка зьвестак. Не 9-мільённай Беларусі быць наперадзе ўсіх. Кітайцы стварылі гэты рынак і прывучылі беларусаў купляць онлайн», — гаворыць суразмоўца.

Маштаб кампаніі ў гэтым выпадку дазваляе выціскаць драбнейшых гульцоў бізнэсу. Вынятак — буйныя беларускія кампаніі ці нішавыя гульцы, працягвае Сакалоўскі.

«У беларусаў не было свайго рэсурсу. Усе спробы, напрыклад, „Эўраопту“ выйсьці куды-небудзь за межы дастаўкі прадуктаў ня стрэлілі. Расейскія гульцы могуць сабе дазволіць укладацца ў бясконцае разьвіцьцё, а беларусы такой магчымасьці ня маюць», — разважае спэцыяліст.

У Беларусі былі спробы стварыць свае буйныя плятформы. Ужо некалькі гадоў чыноўнікі гавораць пра дзяржаўны маркетплэйс на базе онлайн-крамы «Белпошты». Запрацаваць напоўніцу ён мусіць ужо сёлета.

У лютым мінулага году пачаў працу маркетплэйс Emall на базе «Эўраопту». Асаблівасьць — невысокія цэны на тавары. На сайце кампаніі гаворыцца аб продажы 1,7 мільёна тавараў штомесяц.

На думку Валянціна Сакалоўскага, стваральнікі дзяржаўных пляцовак ад пачатку не чакалі ад іх вялікага посьпеху.

«Трэба гучна пра нешта даць справаздачу, але ніхто нічога не чакаў ад гэтага. Яшчэ раней спрабавалі рабіць першы нацыянальны дыскаўнтэр, яшчэ нешта. Гэта гучныя ініцыятывы, якія ні да чога не вядуць. Больш, чым зараз, расейскія сэрвісы ўжо ня выцясьняць беларускія. Межаваньне ўжо адбылося. Канкурэнцыя далей будзе геаграфічная, таксама могуць быць зьмены на рынку: гучныя пасадкі ці выхад на рынак новых буйных гульцоў», — кажа суразмоўца.

Паводле Анастасіі Лузгіной, беларускі рынак адносна невялікі, а кампаніі, якая расьце, варта разьлічваць на пашырэньне рынку. Таксама на беларускі рынак уплывае памер сэктару дробнага бізнэсу, які пастаўляе прадукцыю на той жа маркетплэйс.

«Беларускім маркетплэйсам цяжка канкураваць з расейскімі, зважаючы на іх памеры. З дамінаваньня расейскіх гульцоў вынікае тая праблема, што беларускія могуць ня вытрымаць канкурэнцыі. Таксама прысутнасьць гульцоў адной краіны вядзе да залежнасьці ад расейскай эканомікі: валютны рынак, вытворчасьць. Чым большая разнастайнасьць канкурэнтаў, тым лепш», — кажа эканамістка.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Чаму заходнія гульцы Amazon і eBay не прыйшлі ў Беларусь

Найбуйнейшая кампанія на заходнім рынку маркетплэйсаў — Amazon. З 2022 году яна прыпыніла пастаўкі тавараў у Беларусь і Расею. Цяпер робіць гэта праз пасярэднікаў. Таксама дастаўку некаторых тавараў у Беларусь абмежаваў сэрвіс eBay. Аднак яшчэ да санкцыяў беларускі рынак ня надта цікавіў буйных заходніх гульцоў, кажа Валянцін Сакалоўскі.

«Ім ня вельмі цікавая ўся Ўсходняя Эўропа, яны працуюць на вялікі і багаты амэрыканскі рынак разам з Лацінскай Амэрыкай. Эўропа для іх была трэцім у прыярытэце рынкам: тут былі свае сеткі, свае раздробныя дыскаўнтэры. А Беларусь на гэтым фоне не была прыярытэтам», — гаворыць спэцыяліст.

На думку Анастасіі Лузгіной, на ігнараваньне беларускага рынку буйнымі замежнымі гульцамі паўплывалі імідж Беларусі, перашкоды ў выглядзе санкцыяў, складанасьці ў разьліках.

«Абмежаваньне паставак, санкцыі — гэта ўсё перашкаджае заходнім гульцам прыйсьці. Такіх пытаньняў яны наагул не разглядаюць і празь імідж Беларусі на міжнароднай арэне», — гаворыць эканамістка.

Эўразійскі банк разьвіцьця чакае штогадовага росту рынку онлайн-гандлю ў краінах СНД. Як прагназуюць, да 2028 году рост складзе 11,7% за год.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG