Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі расьпісалі плян павышэньня цэнаў па месяцах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі вызначыла паказьнікі штомесячнага дапушчальнага росту цэнаў.

Згодна з пастановай ведамства ад 27 студзеня № 4, апублікаванай 19 лютага на Нацыянальным прававым партале, гадавы іх прырост не павінен перавысіць 5%, як і закладзена ў афіцыйным прагнозе сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця.

У студзені цэны не павінны былі вырасьці больш як на 0,7% (гэты паказьнік, паводле афіцыйных зьвестак Белстату, выкананы без запасу), піша Позірк.

Далей: люты — 1,9%, сакавік — 2,2%, красавік — 2,7%, травень — 3%, чэрвень — 3,3%, ліпень — 3,4%, жнівень — 3,4%, верасень — 3,7%, кастрычнік — 4,1%, лістапад — 4,4%, сьнежань — 5%.

Жорсткае цэнавае рэгуляваньне ў Беларусі ўвялі ў кастрычніку 2022 году. Яно датычыцца ўсяго спажывецкага кошыка. Пазьней з тэматычнай пастановы ўраду выключылі некаторыя групы тавараў, падкарэктавалі правілы рэгуляваньня цэнаў.

З восені мінулага году Савет Міністраў рыхтуе зьмякчэньне правілаў. У 2024 годзе вытворцы больш за тысячу разоў прасілі дзяржаўныя органы аб павышэньні цэнаў — выдадзены 572 дазволы, паведаміў 10 лютага міністар антыманапольнага рэгуляваньня Артур Карповіч.

Паводле Белстату, спажывецкія цэны ў студзені 2025 году выраслі на 0,7%. Харчовыя тавары падаражэлі на 1%, паслугі — на 0,4%; нехарчовыя тавары — на 0,5%.

У гадавым вымярэнні (да студзеня 2024-га) цэны павялічыліся на 5,2%. Харчы сталі даражэйшыя на 6,5%, нехарчовыя тавары — на 3,3%, паслугі — на 5,2%.

Нягледзячы на складзены графік, ёсьць імавернасьць таго, што яго ня выканаюць да канца. Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна напярэдадні ў інтэрвію Свабодзе дапусьціла, што ўлады будуць паступова адпускаць цэны.

«Цэны і цяпер паступова растуць, але пакуль выключна ў дазволеных цьвёрдых межах. Далейшае захаваньне такога моцнага рэгуляваньня цэнаў вельмі кепска адбіваецца на стане прадпрыемстваў і ў цэлым на эканоміцы. У 2024 годзе эфэктыўнасьць працы кампаніяў, асабліва ў гандлі, рэзка зьнізілася».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG