Бюро па абароне Канстытуцыі Латвіі лічыць малаімаверным уступленьне Беларусі ў вайну супраць Украіны ў агляднай будучыні, гаворыцца ў штогадовай справаздачы ведамства, адзін з разьдзелаў якой прысьвечаны Беларусі.
Таксама ў справаздачы латвійская спэцслужба канстатуе, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі «застаецца стабільным», і гэтая стабільнасьць дасягнутая ў асноўным дзякуючы масавым рэпрэсіям, зачыстцы палітычнага поля і абмежаваньню свабоды слова ў Беларусі.
Пры гэтым ведамства адзначае ўзмацненьне залежнасьці Беларусі ад Расеі, у тым ліку праз паглыбленьне інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы».
«Вельмі верагодна, што многія рычагі ўплыву Расеі ў Беларусі захаваюцца нават у выпадку адыходу Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна са сваіх пасадаў», — гаворыцца ў дакумэнце.
Нягледзячы на ўзмацненьне залежнасьці ад Масквы, Беларусь у найбліжэйшай будучыні ня ўступіць у вайну супраць Украіны, лічаць у Бюро.
«Малаімаверна, што ў агляднай будучыні Беларусь непасрэдна ўмяшаецца ў вайну Расеі супраць Украіны, паколькі гэта можа сур’ёзна пагражаць унутранай стабільнасьці краіны і пазыцыям Лукашэнкі, асабліва ўлічваючы пераважнае ў грамадзтве меркаваньне супраць наўпроставага вайсковага ўдзелу Беларусі ў канфлікце», — гаворыцца ў справаздачы.
Супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй дазваляе Лукашэнку захоўваць уладу і забясьпечваць стабільнасьць рэжыму, адзначаецца ў справаздачы, аднак ён «усьведамляе, што такая падтрымка спалучаная з рызыкай для яго здольнасьці працягваць кіраваць краінай». Латвійская спэцслужба прагназуе, што Лукашэнка можа пачаць шукаць спосабы выхаду Беларусі з ізаляцыі і ўсталяваньня адносінаў з Захадам, каб стварыць супрацьвагу расейскаму ўплыву.
Форум