Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве хочуць на паліграфе правяраць іншаземцаў, якіх падазраюць у пагрозе нацыянальнай бясьпецы краіны


Паліграф. Ілюстрацыйнае фота
Паліграф. Ілюстрацыйнае фота

З адпаведнай ініцыятывай выступіла Міністэрства абароны Літвы.

Спэцыяльныя службы Літвы падрыхтавалі праект дакумэнту, згодна зь якім прапануюць пашырыць кола асобаў, якіх змогуць правяраць пры дапамозе так званага «дэтэктара хлусьні».

Як паведаміла выданьне LRT, у пералік такіх асобаў прапануюць уключыць прадстаўнікоў прадпрыемстваў, кандыдатаў на таемных супрацоўнікаў выведкі, а таксама іншаземцаў, якіх падазраюць у патэнцыйнай пагрозе нацыянальнай бясьпецы Літвы.

У Міністэрстве абароны Літвы адзначылі, што галоўная мэта такіх зьменаў — дазволіць праверку супрацоўнікаў кампаній пры даваньні ім допуску да сакрэтнай інфармацыі або дазволу на працу.

«Дзейнасьць гэтых асобаў зьвязана з выкарыстаньне, абаронай і доступам да інфармацыі, таму павінны выкарыстоўвацца тыя самыя ўмовы, што і пры праверцы дзяржаўных служачых, вайскоўцаў, адказных асобаў або супрацоўнікаў устаноў», — адзначаецца ў паведамленьні.

Цяпер правяраць такіх супрацоўнікаў літоўскіх кампаній забаронена. Супрацоўнікі выведных службаў праходзяць праверку на паліграфе, аднак яна не прадугледжана для кандыдатаў на такія пасады.

Праверку рызык датычна іншаземцаў цяпер праводзіць Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ), які перадае выснову ў Дэпартамэнт міграцыі.

Згодна з дзейным заканадаўствам, праверку на паліграфе могуць праводзіць дзяржаўныя ўстановы ўнутраных спраў, вайсковая выведка, ДДБ і Служба спэцыяльных расьсьледаваньняў.

У 2024 годзе Дэпартамэнт міграцыі Літвы прызнаў 598 беларусаў пагрозай нацыянальнай бясьпецы.

У прыватнасьці, 179 з 598 беларусаў, якія нясуць пагрозу, ня выдалі часовага дазволу на жыхарства ў Літве, 232 — не працягнулі дзеяньне гэтага дакумэнту.

Па ініцыятыве Дэпартамэнту міграцыі скасавалі літоўскія дазволы на жыхарства 175 грамадзянам Беларусі.

Яшчэ траім беларусам ня выдалі пастаяннага дазволу на жыхарства ў Літве, а дзевяцёх пазбавілі гэтага дакумэнту.

Усім гэтым людзям забаронены ўезд у Літву.

На пачатак 2025 году ў Літве налічылі 57,5 тысячы грамадзян Беларусі зь дзейным дазволам на жыхарства ў краіне. За год іх колькасьць скарацілася на 4656 чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG