Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Беларусі Рыжанкоў наведаў Лібан, сустрэўся з прэзыдэнтам


Максім Рыжанкоў і прэзыдэнт Лібану Жазэф Аўн
Максім Рыжанкоў і прэзыдэнт Лібану Жазэф Аўн

Пасьля Сырыі ўлады Беларусі пачалі наладжваць адносіны з новым кіраўніцтвам Лібану.

11 лютага 2025 году адбылася сустрэча кіраўніка беларускага зьнешнепалітычнага ведамства з прэзыдэнтам Лібану Жазэфам Аунам, піша МЗС Беларусі.

Максім Рыжанкоў перадаў лібанскаму прэзыдэнту пажаданьне ад Лукашэнкі запрашэньне наведаць Беларусь.

Як адзначыў Максім Рыжанкоў, выбраньне прэзыдэнта і фармаваньне новага ўраду ў Лібане надаюць упэўненасьць у далейшым паступовым разьвіцьці краіны і пашырэньні ўзаемавыгадных сувязяў Лібану з замежнымі партнэрамі, уключна з Рэспублікай Беларусьсю.

Рыжанкоў паведаміў кіраўніку Лібану аб рашэньні Лукашэнкі ў якасьці «жэсту дружбы і падтрымкі лібанскага народу» перадаць у краіну 100 тонаў сухога малака і 10 аўтамабіляў хуткай дапамогі беларускай вытворчасьці. У аэрапорт Бэйруту ўжо прыбыў борт зь першай партыяй грузу.

У сярэдзіне студзеня Максім Рыжанкоў наведаў зь візытам Сырыю. 23 студзеня Рыжанкоў сустрэўся з кіраўніком новай адміністрацыі Сырыі Ахмэдам аш-Шараа і кіраўніком службы агульнай выведкі Анасам Хатабам. Рыжанкоў уручыў сырыйскаму кіраўніку сэртыфікаты на 50 аўтобусаў «МАЗ», перададзеных у дар, пацьвердзіў, што Менск гатовы працягваць гуманітарныя праграмы аздараўленьня сырыйскіх дзяцей.

Таксама беларускае МЗС вяло перамовы з новымі сырыйскімі ўладамі пра аднаўленьне працы беларускай амбасады ў Дамаску.

Рэжым Башара Асада ў Сырыі зрынулі ў сьнежні 2024 году. Раней Лукашэнка падтрымліваў Асада і сустракаўся зь ім. Цяпер у Сырыі ва ўладзе пераходны ўрад на чале з Ахмэдам аш-Шараа. У Лібане, куды Рыжанкоў прыляцеў цяпер, вялікі ўплыў на палітыку аказвае рух «Хэзбала», прызнаны тэрарыстычным у Злучаных Штатах. Яго падтрымлівае Іран.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG