Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША Рубіё паведаміў, што ён выконвае абавязкі дырэктара USAID


Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё 3 лютага паведаміў, што ён выконвае абавязкі адміністратара Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША (USAID), і заявіў, што спыніць яго «непадпарадкаваньне» плянам прэзыдэнта Дональда Трампа, паведамляюць CNN і AFP.

Як адзначае CNN, гэта сьведчыць пра фактычнае падпарадкаваньне USAID Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША.

Навіна зьявілася празь некалькі гадзін пасьля таго, як мільярдэр Ілан Маск, які адказвае ў адміністрацыі Трампа за скарачэньне дзяржаўных выдаткаў, заявіў, што Трамп падпісаў указ аб закрыцьці агенцтва.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё, які падтрымліваў замежную дапамогу як сэнатар, сказаў, што шмат якія функцыі USAID працягнуць сваё існаваньне, але абвінаваціў агенцтва ў тым, што яно дзейнічала так, як быццам гэта «незалежная няўрадавая арганізацыя».

«У многіх выпадках USAID удзельнічае ў праграмах, якія супярэчаць таму, што мы спрабуем зрабіць з дапамогай нашай нацыянальнай стратэгіі», — адзначыў ён.

Рубіё падкрэсьліў, што «функцыі USAID» павінны адпавядаць зьнешняй палітыцы ЗША.

Ён пацьвердзіў, што будзе выканаўцам абавязкаў дырэктара USAID, але адзначыў, што дэлегуе паўсядзённыя абавязкі свайму супрацоўніку.

  • Раней СМІ паведамілі, што супрацоўнікі USAID атрымалі паведамленьне, што офіс агенцтва ў Вашынгтоне будзе закрыты для пэрсаналу 3 лютага «на загад кіраўніцтва агенцтва». CNN і Reuters напісалі, што двух супрацоўнікаў бясьпекі USAID адхілілі ад выкананьня абавязкаў пасьля спробы не дапусьціць прадстаўнікоў Дэпартамэнту дзяржаўнай эфэктыўнасьці (DOGE) пад кіраваньнем Маска да кампутарных сыстэмаў агенцтва.
  • Сайт агенцтва USAID, якое, паводле ААН, забясьпечвае больш за 40 працэнтаў усёй гуманітарнай дапамогі ў сьвеце, быў 3 лютага недаступны, а прэзыдэнт Трамп заявіў, што агенцтвам «кіравала банда радыкальных вар’ятаў». «Мы іх прыбіраем, а затым прымем рашэньне» наконт будучыні USAID, — заявіў ён журналістам 2 лютага.
  • 2 лютага група старэйшых дэмакратаў у Камітэце Сэнату па замежных справах накіравала дзяржаўнаму сакратару Марка Рубіё ліст, у якім выказала «глыбокую занепакоенасьць» дзеяньнямі адміністрацыі Трампа ў адносінах да USAID, створанай, «каб забясьпечыць магчымасьць хутка разгортваць патэнцыял разьвіцьця і замежнай дапамогі ЗША, асабліва ў часы крызісу, для дасягненьня нашых мэтаў нацыянальнай бясьпекі».
  • Дзярждэпартамэнт пад кіраваньнем Рубіё 24 студзеня загадаў замарозіць новае фінансаваньне амаль усіх праграм замежнай дапамогі ЗША як частку намаганьняў Трампа ўзгадніць праграмы з мэтамі ягонай зьнешняй палітыкі.
  • Гуманітарныя групы і недзяржаўныя арганізацыі ва ўсім сьвеце выказалі занепакоенасьць лёсам USAID пасьля ўказу Трампа.
  • Ад лютага 2022 году, калі Расея пачала поўнамаштабную вайну ва Ўкраіне, USAID забясьпечыла Ўкраіну мільярдамі даляраў гуманітарнай дапамогі, дапамогі ў разьвіцьці і прамой бюджэтнай падтрымкі. Трамп крытыкаваў абʼём дапамогі, якую адміністрацыя папярэдняга прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна аказвала Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG