Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смак беларускай паляндвіцы. Як хобі былога палітвязьня вырасла ў невялікі бізнэс


Паляндвіца
Паляндвіца

Былы палітвязень Аляксандар Бабіч расказаў Свабодзе, як ён гатуе паляндвіцу з памідорамі, каму больш падабаецца вострае і чаму ён ня хоча скарачаць час на сушку мяса.

Аляксандар Бабіч паходзіць зь Берасьця, яму 36 гадоў. Больш за тры зь іх Аляксандар адсядзеў за тое, што ўдарыў амапаўца падчас пратэстаў у Берасьці 9 жніўня 2020 году. Да арышту Бабіч працаваў сьлесарам газавага абсталяваньня, потым адкрыў краму, якая займаецца ўпакоўкай. Пасьля вызваленьня ў студзені 2024 году пераехаў у Польшчу. У Варшаве пачаў рабіць модульныя драўляныя дамкі для адпачынку і гатаваць свойскую паляндвіцу. Паступова хобі стала перарастаць у невялікі бізнэс.

Смак паляндвіцы

Аляксандар расказвае, што прасольваць і сушыць мяса пачаў яшчэ ў жніўні 2020 году ў Беларусі, аднак неўзабаве трапіў за краты і вымушана спыніў займацца гэтым хобі.

«На гэтым гісторыя магла б закончыцца. Але ў канцы 2024-га ў гасьцях у сваякоў я ўбачыў паляндвіцу і ўспомніў ейны смак», — кажа суразмоўца.

Аляксандар з паляндвіцай
Аляксандар з паляндвіцай

У выніку вырашыў вярнуцца да вырабу свойскага мяса, але ж манэтызаваць яго не плянаваў. Хацеў гатаваць для сябе. Расказвае, што сёлета ў студзені замовіў онлайн некалькі вэнтылятараў, некалькі мэтраў маскітнай сеткі, кручкі для вяленьня мяса, вакуўматар, знайшоў патрэбныя дошкі. Гэта было ўсё неабходнае абсталяваньне. Аляксандар пачаў частаваць паляндвіцай сяброў, ім спадабалася.

«І тут закруцілася», — усьміхаецца суразмоўца.

Дзяўчына Аляксандара Алена займаецца кантэнтам у сетках
Дзяўчына Аляксандара Алена займаецца кантэнтам у сетках

Аляксандар кажа, што жартам прапанаваў сваёй дзяўчыне Алене стварыць старонку ў Instagram для паляндвіцы. Але яна сапраўды занялася гэтым, пачала здымаць і публікаваць «мясны» кантэнт. Цяпер у іхнай камандзе тры чалавекі: ён, Алена і ейная дачка. Аляксандар тлумачыць, што сам цалкам займаецца мясам, гатуе яго, упакоўвае. Алена вядзе старонку ў сетках і камунікацыю з кліентамі, ейная дачка «стварае добры настрой».

Паляндвіца па-італьянску

Аляксандар Бабіч кажа, што любіць гатаваць, асабліва мяса, і гатуе часта.

«У мяне ёсьць фірмовыя крылы, якія я абавязкова пакажу гэтаму сьвету», — абяцае ён.

Аляксандар Бабіч
Аляксандар Бабіч

Суразмоўца дзеліцца, што паляндвіцу пачаў гатаваць з таго, што было пад рукой.

«Была кураціна — рабіў з кураціны. Была сьвініна — рабіў са сьвініны. Спэцыі таксама не выбіраў. Што было дома, з тым і рабіў. Калі хлопцы сталі казаць, што гэта ачмурэнна, што клясна было б зрабіць вось такую і такую, то пачалі забаўляцца са спэцыямі», — успамінае ён.

Цяпер Аляксандар прыйшоў да чатырох гатункаў паляндвіцы. Першая, больш традыцыйная ў беларусаў — часночная, зь перцам і кропам. Другая — падобная да італьянскага мяса. Сяброўка ягонай дзяўчыны Вольга падказала, што можна зрабіць паляндвіцу, якая б нагадвала прашута — з базылікам, памідорамі і часнаком.

«Самае галоўнае — памідоры. Мы спэцыяльна замовілі італьянскія спэцыі з памідорамі, і атрымалася вельмі смачная паляндвіца. Яна сапраўды падобная да італьянскага смаку: салодкая, памідорная, трохі часночная, з араматам базыліку. Мне гэты смак здаецца нейкім незямным», — апісвае суразмоўца.

Паляндвіцу «па-італьянску» гатуе з памідорамі
Паляндвіцу «па-італьянску» гатуе з памідорамі

Яшчэ адзін гатунак ён акрэсьлівае як «усходні» — з кменам, куркумой, размарынам, арэгана. І апошні — вострая паляндвіца зь перцам чылі і салодкай папрыкай.

«Палякі бяруць зь вялікім задавальненьнем вострае. Беларусам, наадварот, вострае не падабаецца… Большасьць палякаў ніколі ня чулі пра нашую паляндвіцу і ня елі такой ежы. Для іх ёсьць прашута, хамон, бастурма», — камэнтуе вытворца паляндвіцы.

«Час робіць мяса смачным»

Тэставы пэрыяд гатаваньня паляндвіцы заняў паўтара месяца. Пакуль каманда прадае ня больш за 10 кіляграмаў мясных вырабаў за месяц. Асноўныя пакупнікі — «сябры і неабыякавыя беларусы». Вытворчасьць паступова акупляе затраты на абсталяваньне.

Паляндвіца
Паляндвіца

«Калі попыт на паляндвіцу будзе, то ў плянах маштабаваць гэтую справу. Калі гэта будзе прыносіць задавальненьне, то я пераўтвару гэтае хобі ў маленькі бізнэс», — кажа Аляксандар.

Гатуе ён пакуль што ў кватэры. Але ў плянах пераехаць у прыватны дом з гаспадарчымі прыбудовамі. Хлопец кажа, што пакуль ня думае аб прыбытку ад паляндвіцы.

«Проста падабаецца рабіць нешта прыемнае для людзей», — адзначае ён.

Яму прапаноўвалі выкарыстоўваць камэры для сушкі мяса, якія б скарацілі вытворчасьць паляндвіцы да двух дзён.

Палякі любяць больш вострае
Палякі любяць больш вострае

«Я катэгарычна супраць такога падыходу. Думаю, толькі час робіць мяса смачным. Нам усім трэба навучыцца чакаць», — кажа ён.

Аляксандар вытрымлівае паляндвіцу ад чатырох да сямі дзён. Тады яна атрымліваецца ня надта цьвёрдая. Кажа, што за дзевяць дзён можа зрабіць такую сухасьць, што «стомісься рэзаць больш за некалькі скрылёчкаў».

З двух кіляграмаў мяса — кіляграм паляндвіцы

Аляксандар кажа, што ня есьць каўбасы, бо ня ведае дакладна, з чаго яе робяць вытворцы.

«Я ня ем таго, пра што ня ведаю, з чаго прыгатавана. Таму стараюся або гатаваць сам, або есьці нескладаныя пакупныя прадукты», — тлумачыць хлопец.

Ён мяркуе, што ў Беларусі мяса лепшае, чым ў Польшчы. На ягоную думку, польскае больш вадзяністае. Найлепшым мясам Аляксандар называе ялавічыну або курыцу.

«Сьвініна больш шкодная, але смачная», — кажа ён.

Для сваіх паляндвіц Аляксандар выбірае мяса зь меншай колькасьцю тлушчу. Кажа, што з двух кіляграмаў сьвежага мяса выходзіць толькі кіляграм паляндвіцы.

«Я вельмі дбайна чышчу яе. З двух кіляграмаў недзе 300 грамаў проста вылятае. Усяляк абразаю, фармую прыгожыя кавалачкі. 30-35% усушваецца. Прадукт каштоўнейшы, чым каўбаса. Паляндвіца ня толькі смачная, ня толькі наш нацыянальны прадукт, але і карысная, насычаная бялком. Калі чалавек займаецца спортам, ён ацэніць: у 100 грамах сушанай курыцы 40 грамаў бялку», — расказвае адмысловец.

Аляксандар зазначае, што яму паляндвіца не надакучвае.

«Я не магу сказаць, што наеўся. Кожны дзень бяру крыху мяса з сабой у цэх і падчас працы падкідваю для падтрыманьня энэргіі ў арганізме. Рабіць вялікую паўзу на працы не атрымліваецца, а хот-дог з „Жабкі“ так сабе задума», — кажа ён.

Модульныя дамкі — асноўная справа Аляксандра
Модульныя дамкі — асноўная справа Аляксандра

Паляндвіца ўсё яшчэ застаецца хутчэй хобі. Асноўная справа Аляксандра — модульныя дамы. Спачатку ён вучыўся іх рабіць у іншай камандзе. Цяпер плянуе адкрываць уласную справу. Нядаўна скончыў свой першы драўляны дамок для адпачынку з праведзеным сьвятлом. Таксама пачаў вырабляць драўляныя пано зь беларускімі арнамэнтамі.

«Пасьля трох з паловай гадоў хочацца дагнаць страчаны час», — кажа суразмоўца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG