Каля 500-600 тысяч чалавек пакінулі Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году па стане на пачатак 2024 году. Такія лічбы прыводзіць незалежны сацыёляг, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў, абапіраючыся на даступныя статыстычныя зьвесткі.
Сярод гэтых людзей ёсьць як пэнсіянэры, так і асобы, для каго пытаньне пэнсіі стане актуальным найбліжэйшым часам. Расказваем, ці магчыма беларусу атрымаць пэнсію за мяжой, а таксама якой яна можа быць па вяртаньні на радзіму.
Як атрымаць пэнсію ў Беларусі
У Беларусі права на працоўную пэнсію маюць мужчыны, якія дасягнулі 63 гадоў і маюць пры гэтым 25 гадоў працоўнага стажу. Жанчынам для атрыманьня пэнсіі патрэбны 58-гадовы ўзрост і 20-гадовы стаж. Неабходны стаж і ўзрост паступова падвышаліся падчас пэнсійнай рэформы 2017–2025 гадоў.
Каб выйсьці на пэнсію, таксама трэба мець страхавы стаж працягласьцю 20 гадоў. Гэта тэрмін, калі робяцца адлічэньні ў фонд сацыяльнай абароны. Напрыклад, у працоўны стаж уваходзіць пэрыяд навучаньня, а ў страхавы — не (раней абавязковы страхавы стаж быў 19 гадоў і 6 месяцаў).
Атрымліваць пэнсію можна і зь меншым страхавым стажам. Па дасягненьні ўзросту 65 гадоў для мужчын і 60 для жанчын можна разьлічваць на працоўную пэнсію, маючы ня менш за 10 гадоў страхавога стажу. Гэта называецца працоўнай пэнсіяй па ўзросьце пры няпоўным страхавым стажы. Ейны памер будзе меншы.
Калі ж і гэтага працоўнага стажу няма, тады пры дасягненьні ўзросту 65 гадоў для мужчын і 60 для жанчын можна разьлічваць толькі на сацыяльную пэнсію па ўзросьце. Яна роўная 50% бюджэту пражытковага мінімуму, складае 223 рублі 82 капейкі на сёньняшні дзень. Аднак да гэтага існуюць даплаты ў залежнасьці ад узросту пэнсіянэра.
Сярэдні памер пэнсіі па ўзросьце ў Беларусі сёлета ў лютым паводле афіцыйных крыніц склаў 932 рублі.
Праблема для беларускіх палітычных эмігрантаў у тым, што нават калі яны падпадаюць пад усе неабходныя крытэрыі што да стажу, аддзяленьні сацыяльнай абароны патрабуюць асабістай прысутнасьці пры падачы дакумэнтаў на афармленьне пэнсіі. А прыехаць людзі часта ня могуць з прычыны пагрозы перасьледу.
Тыя ж беларусы, якія ня маюць неабходнага стажу зусім, могуць разьлічваць толькі на сацыяльную пэнсію з той жа ўмовай асабістай прысутнасьці, каб яе аформіць. Так для іх будзе выглядаць сытуацыя і па вяртаньні з эміграцыі, калі ня будзе прынята ніякіх зьменаў у заканадаўства. Аформіць жа пэнсію дыстанцыйна, паводле суразмоўцаў Свабоды, якіх ужо закранула гэтая праблема, амаль немагчыма.
Як атрымаць пэнсію за мяжой
Літва
Беларусь мае двухбаковыя пэнсійныя пагадненьні з шэрагам краін. Гэта Расея, Літва, Польшча, Латвія, Азэрбайджан, Чэхія, Эстонія і Малдова. У частцы пэнсійнага забесьпячэньня закладзены прынцып «прапарцыйнасьці». Гэта значыць, дзяржава прызначае і выплачвае пэнсію ці яе частку за стаж працы на яе тэрыторыі. У выпадку перасяленьня пэнсіянэра з адной дзяржавы ў другую пэнсію працягвае выплачваць дзяржава, якая яе прызначыла. То бок адбываецца экспарт пэнсіі.
Свабода пагаварыла зь беларусам Яўгенам (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС), які здолеў «экспартаваць» сваю пэнсію зь Беларусі ў Літву. Гэта магчыма пры ўмове, што ў Беларусі чалавек ужо пачаў атрымліваць пэнсійныя выплаты і мае дазвол на жыхарства ў Літве.
«Мы зьвярнуліся ўдваіх з жонкай у SODRA (літоўскі аналяг беларускага фонду сацыяльнай абароны. — РС). Проста прыйшлі як шараговыя наведнікі. Сказалі, што хочам перавесьці пэнсіі. Службоўца, які нас прымаў, сказаў, што гэта для яго гэта першы такі выпадак. Нам трэба было запоўніць заяву ў адвольнай форме», — расказвае суразмоўца.
Для Яўгена ўся працэдура заняла 11 месяцаў, для ягонай жонкі — 7.
«Паколькі некаторы час нам не налічвалася пэнсія, то нам нават пералічылі ўсё назапашанае. Нюанс, што ў нас была ўжо пэнсія ў Беларусі. Калі б гэтага не было, то ня ведаю, ці вырашалася б гэтае пытаньне. Бо для налічэньня пэнсіі патрабуецца асабістая прысутнасьць у Беларусі», — кажа Яўген.
У Літве мінімальны стаж з адлічэньнямі ў фонд, неабходны для атрыманьня пэнсіі, складае 15 гадоў. Пагадненьне паміж Літвой і Беларусьсю дазваляе таксама і «экспарт» працоўнага стажу. Напрыклад, калі літоўскі бок улічвае атрыманы ў Беларусі стаж. Аднак незразумела, ці магчыма атрымаць неабходныя дакумэнты ў беларускага боку дыстанцыйна, калі ты ня можаш туды прыехаць.
Пэнсійны ўзрост у Літве для мужчын цяпер складае 64 гады і 10 месяцаў. Для жанчын — 64 гады і 8 месяцаў. Да 2026 году ён зраўняецца і будзе 65 гадоў і для мужчын, і для жанчын.
Польшча
Польшча таксама мае пэнсійнае пагадненьне зь Беларусьсю. Тэарэтычна, «экспартаваць» сваю беларускую пэнсію ў гэтую краіну магчыма. Аднак на практыцы ўзьнікаюць пытаньні. Пра гэта Свабодзе расказала Надзея (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы з пытаньняў бясьпекі — РС), якая займалася пытаньнем пераводу пэнсіі.
«Гэта патрабуе шмат намаганьняў, аднак такая магчымасьць ёсьць. Трэба ў Беларусі абысьці процьму інстанцый, выпісацца адусюль, з таго ж ДАІ. Даказаць беларускім уладам, што ты дзяржаве нічога ня вінен і пастаянна жывеш у Польшчы. Палітэмігранты ня могуць гэтага зрабіць. Адна жанчына здолела, бо можа прыехаць у Беларусь», — апісвае суразмоўца.
У Польшчы нават можна далучыць свой беларускі працоўны стаж да польскага, калі агульны працоўны стаж у дзьвюх краінах дае 20 гадоў, а чалавек рабіў адлічэньні ў страхавы фонд у Польшчы. То бок афіцыйна працаваў зь неабходнымі адлічэньнямі ў польскі фонд сацыяльнай абароны. На практыцы ж паўстае праблема з вымярэньнем працоўнага стажу: у Польшчы яго лічаць у гадзінах, а ў Беларусі ў днях.
«Складаць стаж, пераводзіць яго ў гадзіны беларускія органы ня будуць», — кажа Надзея.
Для атрыманьня пэнсіі ў Польшчы неабходны 20-гадовы стаж у жанчын і 25-гадовы ў мужчын. Узрост выхаду на пэнсію: 60 гадоў для жанчын, 65 гадоў для мужчын.
Пры адсутнасьці такога стажу чалавеку могуць прызначыць пэнсію, ніжэйшую за мінімальную, якая прама прапарцыйная пэрыяду афіцыйнага працаўладкаваньня. Калі, напрыклад, чалавек працаваў некалькі гадоў з дазволам на жыхарства і плаціў унёскі ў фонд. Аднак памер яе будзе маленькі.
Пэнсія для былых сілавікоў
Яшчэ адна катэгорыя беларусаў, якія маюць праблемы з пэнсіяй — гэта былыя сілавікі, якія пасьля падзей 2020 году сталі на бок пратэстоўцаў. Справа ў тым, што падчас службы ў міліцыі, войску ці іншых праваахоўных ці сілавых арганізацыях людзі ня плацяць унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны. Пэнсіі ім прызначаюць асобнымі дакумэнтамі згодна з выслугай гадоў і званьнем. Многіх сілавікоў, якія пасьля 2020 году крытыкавалі дзеяньні ўладаў, пазбавілі званьняў, а значыць і пэнсій. Пра гэта расказвае прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар.
«Гэта людзі, якіх пазбавілі званьняў і, адпаведна, пэнсій. Яны знаходзяцца ці то ў няволі, ці то ў эміграцыі. Напрыклад, калі чалавека звальняюць з органаў за 2 гады да дасягненьня неабходнай выслугі, то ўсе папярэднія гады яму нікуды не залічваліся. Былым сілавікам прызначаюць пэнсіі па ўказах і ўнутраных нарматыўных актах. У сыстэме каардынат звычайных пэнсій такіх людзей няма», — кажа Жыгар.
Атрымліваецца, што такія людзі ня маюць неабходнага страхавога стажу і ня могуць за мяжой даказаць, што яны працавалі. Пасьля вяртаньня ў Беларусь такія людзі змогуць разьлічваць толькі на сацыяльную пэнсію па ўзросьце. Калі, вядома, заканадаўства ў будучыні не памяняецца.
Форум