Сьцісла:
- Імкнучыся пазбавіцца ад дзясяткаў тысяч палітычна неляяльных грамадзянаў, Лукашэнка дзейнічае цалкам у рэчышчы лёгікі таталітарнай сыстэмы, якая адчула пагрозу для ўласнага існаваньня.
- У позьнесавецкі пэрыяд прымусовая высылка дысыдэнтаў ды іншых «здраднікаў» за мяжу была для камуністычнага рэжыму найперш «палітычнай утылізацыяй таксычных адкідаў».
- У выніку рэпрэсіяў апошніх гадоў беларускія турмы і калёніі запоўнены такой колькасьцю палітвязьняў, што параўнаньне сёньняшняй Беларусі з позьнім СССР выглядае некарэктным. Асабліва калі супастаўляць насельніцтва 285-мільённага СССР і 9-мільённай Беларусі.
- Псыхалягічна Лукашэнка так і не ачуўся ад узрушэньняў 2020 году. Пасьля 2020-га ён ужо ня той упэўнены ва ўласнай усёмагутнасьці і незьмяняльнасьці аўтарытарны правіцель, які паблажліва дазваляў у краіне пэўную ступень іншадумства. Цяпер гэта ўзурпатар, які адчуў, наколькі няўстойлівая ў яго пад нагамі глеба.
Лукашэнка мэтанакіравана і настойліва выпіхвае сваіх палітычных ворагаў і апанэнтаў за кардон. Адных — у літаральным сэнсе, прывозячы ў арыштанцкіх робах да памежнага шлягбаўма ў Каменным Логу і выштурхоўваючы на нэўтральную паласу (часам нават без дакумэнтаў і самых неабходных рэчаў); іншых, хто ўжо адседзеў у турме «за экстрэмізм», — ствараючы невыносныя ўмовы на волі. Ім практычна немагчыма працаўладкавацца. Іх даймаюць удзень і ўначы няспыннымі праверкамі зь міліцыі. Над імі навісае пастаянная пагроза паўторнага арышту. Урэшце, ім часам нават адкрыта намякаюць на тое, што ўцёкі за мяжу для іх — адзінае выйсьце.
А тыя сотні тысяч, якія пазьбеглі арышту, уцёкшы за мяжу ў 2020-2021 гадах, па-ранейшаму ня могуць вярнуцца на радзіму, бо ім тут пагражае турма. Да таго ж, пазбаўленыя магчымасьці абмяняць пратэрмінаваныя пашпарты, застаўшыся без сапраўдных дзейных дакумэнтаў, яны паступова ператвараюцца ў асобаў, фактычна пазбаўленых грамадзянства роднай краіны.
«Ідэалягічныя перараджэнцы» і «здраднікі»
У гады маладосьці Лукашэнкі — у 70-я і на пачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя — тэма дысыдэнтаў-антысаветчыкаў, гісторыі іх пазбаўленьня грамадзянства, прымусовай высылкі за мяжу, абмену на рознага кшталту шпіёнаў ці апазыцыйных палітыкаў была адметнай і яркай старонкай тагачаснага ідэалягічнага супрацьстаяньня. Гэтымі справамі займаліся, як правіла, найвышэйшыя чыны КДБ, а часам — ЦК КПСС і нават Палітбюро ЦК. Сымбалічны прыклад — лёс пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына.
У лютым 1974-га, пасьля публікацыі на Захадзе рамана «Архіпэляг ГУЛАГ», яго арыштавалі, абвінавацілі ў здрадзе радзіме і адмысловым указам пазбавілі савецкага грамадзянства. Адзінымі пасажырамі самалёта, якім Салжаніцына выправілі ў Заходнюю Нямеччыну, былі ён і супрацоўнікі КДБ. Пытаньне пра тое, як «спыніць антысавецкую дзейнасьць Салжаніцына», абмяркоўвалася ажно на паседжаньні Палітбюро ЦК КПСС. Ініцыятарам дэпартацыі стаў тагачасны старшыня КДБ Юры Андропаў.
Прыблізна ў той жа час за мяжу быў выпхнуты (бяз права вяртаньня ў СССР) вядомы філёзаф і пісьменьнік Аляксандр Зіноўеў. Пазбавілі савецкага грамадзянства і выслалі за мяжу многіх стваральнікаў і ўдзельнікаў Маскоўскай Хэльсынскай групы (у ліку якіх Людміла Аляксеева, Пётар Грыгарэнка, Віталь Рубін).
Часта палітычна нядобранадзейных асобаў пазбаўлялі грамадзянства па-іншаму. Напрыклад, так, як славутых артыстаў Галіну Вішнеўскую і Мсьціслава Растраповіча ў 1978 годзе: яны паехалі на Захад на гастролі, а вярнуцца назад ужо ня здолелі. Савецкія газэты ў тыя дні пісалі пра іх як пра «ідэалягічных перараджэнцаў», якія «ганьбілі савецкі грамадзкі лад», «прыніжалі высокае званьне грамадзяніна СССР», «аказвалі дапамогу падрыўным антысавецкім цэнтрам», а таму, маўляў, ня вартыя валодаць савецкімі пашпартамі.
Здаралася і па-іншаму: да вядомай асобы, западозранай у іншадумстве, прыходзілі з КДБ і шантажавалі: або эміграцыя на Захад, або «паедзеш на Ўсход».
«Выслалі, бо трываць было немагчыма»
Ці спрабуе Лукашэнка пераймаць той досьвед? Зусім магчыма, што ў чымсьці тыя практыкі для яго прывабныя. Ён яшчэ па гадах працы лектарам Шклоўскага аддзяленьня таварыства «Веды» ня можа ня памятаць, як у той час цікавіла людзей гэтая далікатная тэма. Якім флёрам асаблівай місіі спэцслужбаў былі ахутаныя ўсе тыя апэрацыі ў справе «нэўтралізацыі» антысаветчыкаў: спэцрэйсы на Захад, сакрэтныя дамоўленасьці першых асобаў, чорныя лімузыны з тайнымі агентамі на Глініцкім мосьце паміж Бэрлінскім раёнам Ванзэе і Патсдамам, дзе звычайна адбываўся абмен палітвязьнямі і шпіёнамі... Справы палітвязьняў у тым позьнім СССР былі атрыбутам вялікай палітыкі ў адносінах паміж Масквой і Захадам.
Але паралелі паміж тым пэрыядам позьнесавецкай гісторыі і сёньняшнімі беларускімі рэаліямі даволі ўмоўныя і пры больш уважлівым позірку амаль цалкам зьнікаюць.
Тыя, каго савецкі рэжым выштурхоўваў за мяжу, былі найчасьцей знакавымі асобамі, «эксклюзіўным таварам»: інтэлектуалы, мысьляры, лідэры грамадзкай думкі, вядомыя навукоўцы, артысты, літаратары. Камуністычная ўлада не хацела іх цярпець унутры краіны, бо сваёй дзейнасьцю яны падрывалі падмурак камуністычнага рэжыму, «ажыцьцяўлялі ідэалягічныя дывэрсіі» супраць грамадзкага ладу. Іншымі словамі, былі небясьпечнымі для СССР.
Вядома, можна было проста закатаваць іх у турмах і калёніях, месяцамі трымаючы ў ШЫЗА і пазбавіўшы ўсялякай сувязі з навакольным сьветам — прыкладна гэтак, як робіць сёньня рэжым Лукашэнкі. Але ў позьнім СССР гэта ўжо лічылася празьмернай жорсткасьцю, памылковай з пункту гледжаньня замежнапалітычных інтарэсаў. Тады, адрозна ад сталінскіх часоў, кампартыйная эліта ўжо дбала пра сваё рэнамэ ў сьвеце і імкнулася падтрымліваць дыялёг з Захадам.
У чымсьці гэта нагадвала раньнесавецкі пэрыяд, калі пасьля грамадзянскай вайны, у 1922 годзе, з ініцыятывы Леніна апазыцыйна настроеных да савецкай улады інтэлектуалаў пачалі прымусова высылаць з савецкай Расеі адмысловымі параходамі і цягнікамі (пазьней гэту акцыю абагулена назавуць «філязофскім параходам».) Адзін з тагачасных савецкіх правадыроў Леў Троцкі называў гэта «гуманізмам па-бальшавіцку»:
«Мы гэтых людзей выслалі таму, што расстраляць іх не было прычыны, а трываць было немагчыма».
Адметна, што ўсяго праз шэсьць гадоў усе адценьні гэтага ім жа прыдуманага «бальшавіцкага гуманізму» Троцкі адчуе на сабе. Колішнія партыйныя паплечнікі ў 1929 годзе выганяць яго з краіны, а ў 1932-м пазбавяць савецкага грамадзянства. Яшчэ празь некалькі гадоў і такое пакараньне палітычнага суперніка здасца Сталіну празьмерна мяккім: Троцкі загінуў у 1940 годзе ад рук агента НКВД Рамона Мэркадэра, калі жыў у выгнаньні ў Мэксыцы.
«Ворагі, якія да пары да часу сядзяць пад венікам»
Лукашэнка напакаваў турмы і калёніі такой колькасьцю палітвязьняў, што параўнаньне з позьнім СССР выглядае некарэктным і нават недарэчным. Лічбы зьняволеных «за палітыку» непараўнальныя: асабліва калі супастаўляць насельніцтва 285-мільённага СССР і 9-мільённай Беларусі. Пры гэтым, як высьвятляецца, спрабуючы гандляваць палітвязьнямі з Захадам, рэжым мае намер выціскаць за мяжу ўсіх без разбору — і пэнсіянэрак зь Ліды, і санітарку зь Пінску, і фэрмэра з Гомельшчыны, і студэнтак-першакурсьніц зь Менску... З такім разнашэрсным і шматлікім «жывым таварам» увесь гэты палітычны гандаль выглядае хутчэй няўдалай карыкатурай на савецкія высылкі брэжнеўскага часу, чым рэальным перайманьнем і паўтарэньнем тых практык.
Тут адразу паўстае пытаньне: навошта ўвогуле выпіхваць за мяжу тых, хто ніякай рэальнай пагрозы рэжыму не нясе, знакавай асобай не зьяўляецца, на грамадзкія настроі не ўплывае і ўплываць ня можа? Відавочна ж, што многія (калі ня большасьць) гэтых людзей не зацятыя рэвалюцыянэры і не ідэйныя натхняльнікі пратэсту, а звычайныя абываталі, якія, калі б ведалі, якімі будуць асабіста для іх наступствы мірнага выхаду на вуліцу, ні за што туды б ня выйшлі. Многія зь іх ужо і перад дзьвярыма ГУБАЗІКу публічна пакаяліся, і прашэньні аб памілаваньні напісалі, а некаторыя і на сакрэтную супрацу з КДБ пагадзіліся і нават апэратыўныя мянушкі агентаў атрымалі. Дзеля чаго ж для іх, якія столькі бязьвінна адпакутавалі, яшчэ і гэтае цяжкое пакараньне, якое выглядае бессэнсоўна жорсткім? Асабліва на тле і без таго вялікай плыні эміграцыі, якая абвастрае дэмаграфічныя праблемы краіны.
Адказ тут, відавочна, у тым, што Лукашэнка за пяць гадоў псыхалягічна так і не ачуўся ад узрушэньняў 2020 году. Дакладней, пасьля 2020-га — гэта ўжо ня той упэўнены ва ўласнай усёмагутнасьці і незьмяняльнасьці параўнальна мяккі аўтарытарны правіцель, які паблажліва дазваляў у краіне пэўную ступень іншадумства. Цяпер гэта ўзурпатар, які адчуў, наколькі няўстойлівая ў яго пад нагамі глеба і якая прывідная тая грамадзкая падтрымка, у якой яго пераконвалі прыдворныя падхалімы.
Да ўсяго дадаліся і некаторыя асабістыя рысы характару Лукашэнкі — ягоныя помсьлівасьць, злапамятнасьць, нецярпімасьць да іншадумства. Перажытае, відавочна, пераканала яго ў тым, што адзіны спосаб захаваньня свайго рэжыму (а значыць, і сябе асабіста) — выяўленьне і выкараненьне ўсіх нязгодных, вялікая «зачыстка» ад усіх, хто наважыўся хоць бы на самы малы пратэст ці нязгоду. Ён дзейнічае цалкам у рэчышчы лёгікі таталітарнай сыстэмы, якая адчула пагрозу для ўласнага існаваньня.
Ягоныя апошнія выказваньні на гэтую тэму пераконваюць, што ніякага вяртаньня ў тую ранейшую «нармальнасьць», што існавала да 2020 году, ужо ня будзе. Прыслухайцеся да таго, як падчас нядаўняга зацьвярджэньня новых міністраў ён рэагаваў на просьбы некаторых сваіх прыхільнікаў дараваць «памылкі 2020 году» хаця б самым здольным і таленавітым:
«Гэта фактычна ворагі нашай дзяржавы, якія да пары да часу сядзяць пад венікам... Гэтага быць не павінна».
«Ну як можна прабачыць публічных людзей? Усе публічныя людзі — ахова здароўя, адукацыя, СМІ, культура, спорт... І калі вы парушылі дзесьці парадак, закон, калі вы выступалі супраць дзяржавы, гэта ж бачыў увесь народ».
Пытаньне: куды падзець усіх гэтых «здраднікаў», якія «да пары да часу сядзяць пад венікам», а ў крытычны момант напэўна ж праявяць сваю варожую натуру? (А могуць жа і помсьціць пачаць). Свае турэмныя тэрміны многія зь іх ужо адседзелі. Але ж застаюцца патэнцыйна небясьпечнымі.
Найбольш эфэктыўна і радыкальна з такімі абыходзіўся Сталін. «Ворагаў народу», якім пашчасьціла выжыць у ГУЛАГу, высылалі на «вечнае пасяленьне» куды-небудзь ва Ўсходні Сібір, на Далёкі Ўсход ці ў стэпы Казахстану. Адначасова выконвалася значная народнагаспадарчая праблема: засяляліся бязьлюдныя сібірскія прасторы. У Лукашэнкі свайго Сібіру няма. Ссылаць на «вечнае пасяленьне» куды-небудзь у разваленыя калгасы пад Хойнікі ці Верхнядзьвінск? Дык яны адтуль тут жа паўцякаюць.
А вось выпхнуць патэнцыйна небясьпечных ворагаў рэжыму за мяжу зь немагчымасьцю іх вяртаньня — такі варыянт выглядае надзейным. А пры пэўных абставінах і выгадным: калі ўдасца прадаць іх Захаду як тавар і атрымаць узамен канкрэтныя выгады, напрыклад у выглядзе адмены санкцый.
«Прадам палітвязьняў. Дорага»
Прыблізна з такім жа выклікам, перад якім цяпер апынуўся Лукашэнка, у свой час сутыкнуўся камуністычны рэжым ва Ўсходняй Нямеччыне. Шматгадовы аўтарытарны лідэр ГДР Эрых Гонэкер у 70-80-я гады таксама імкнуўся «зачысьціць» краіну ад дзясяткаў тысяч дысыдэнтаў ды іншых «непажаданых элемэнтаў». Высылаць іх ва ўмовах невялікай краіны таксама не было куды (свайго «Сібіру» ў немцаў няма). І найбольш аптымальным выйсьцем была выбрана высылка іх за мяжу, у суседнюю «капіталістычную» Нямеччыну. Камуністычны рэжым нават умудрыўся на гэтым няблага зарабіць. Выкарыстаўшы тое, што ўлады Заходняй Нямеччыны пад уплывам свайго грамадзтва ўвесь час ставілі пытаньне вызваленьня палітвязьняў, Усходні Бэрлін прапанаваў Бону проста выкупляць іх. Гандаль палітвязьнямі ішоў вельмі бойка. Першапачатковая цана ў 60-я гады складала каля 40 000 марак за галаву. Пад канец 70-х яна падскочыла амаль да 100 000 марак. Усяго такім чынам з 1963-га па 1989 год было выслана на Захад каля 34 тысяч «падрыўных элемэнтаў», якія заміналі будаваць камунізм на нямецкай зямлі. Даход ад продажу палітвязьняў склаў амаль 3,5 мільярда заходненямецкіх марак.
Падрабязна дасьледаваў і апісаў гэты гандаль палітвязьнямі паміж ФРГ і ГДР нямецкі гісторык Штэфан Воле, які сам нарадзіўся і вырас ва Ўсходняй Нямеччыне і спэцыялізуецца на дасьледаваньнях таго пэрыяду гісторыі. Паводле ягоных высноў, высылка дысыдэнтаў ды іншых «здраднікаў» за мяжу была для камуністычнага рэжыму найперш «палітычнай утылізацыяй таксычных адкідаў». Спадарожнае атрыманьне фінансавага прыбытку ад гэтых апэрацый было хоць і эканамічна выгадным, але ўсё ж другасным.
І якім жа быў канчатковы вынік той «зачысткі»? Урэшце ўцёкамі за мяжу (спачатку ў Расею, потым — у Чылі) давялося ратавацца самому Эрыху Гонэкеру. Для лідэра аўтарытарнага рэжыму, які дзесяцігодзьдзямі спрабаваў зачысьціць грамадзтва ад іншадумцаў і «здраднікаў», было вялікім зьдзіўленьнем і асабістым палітычным крахам назіраць, як у 1989 годзе бурыць Бэрлінскі мур і зьнішчаць камуністычны лад выйшлі сотні тысяч усходніх немцаў, якіх ён так і ня здолеў выкрыць і «перавыхаваць» на свой капыл.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум