У абнародаваным Галоўным упраўленьнем выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны пераліку выкрадзеных карцін ёсьць «Пэйзаж» Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і тры працы Георгія Паплаўскага з цыклю «Высокае неба», над якім ён працаваў 9 гадоў.
З украінскага музэю выкралі таксама карціны беларускага мастака-графіка Сямёна Геруса (нарадзіўся ў Наваградзкім раёне ў 1925 годзе, памёр у 1998-м).
Ён першым сярод беларускіх мастакоў пасьляваеннага часу зьвярнуўся да гістарычнай тэматыкі. Мастацтвазнаўцы адзначалі ягоны графічны твор «Кастусь Каліноўскі» 1953 году, выкананы вугалем.
У калекцыі Херсонскага музэю былі дзьве ягоныя працы — «Чаўны» (1962) і «На беразе возера». Абедзьве карціны апынуліся ў руках расейскіх вайскоўцаў.
Сярод выкрадзеных ёсьць таксама карціны двух мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі і потым зьвязалі сваё жыцьцё зь іншымі краінамі.
Жывапісец і графік Леў Бакст (сапраўднае імя Лейб-Хаім Розэнбэрг) нарадзіўся ў Горадні ў 1866 годзе ў габрэйскай сям’і. Працаваў пераважна ў Санкт-Пецярбургу і Парыжы. Расейцы скралі «Партрэт Ісака Левітана», які мастак стварыў у 1900 годзе.
У 2013 годзе пры ўдзеле Віктара Бабарыкі «Белгазпромбанк» набыў на аўкцыёне Christie’s ягоны «Эскіз строю Жар-птушкі», а ў 2014-м выкупіў у прыватнага калекцыянэра альбом «Творы Лява Бакста для балету «Прыгажуня ў сонным лесе» (1922).
Жывапісец, графік, скульптар і тэатральны мастак Барыс Забораў нарадзіўся ў 1935 годзе ў Менску, памёр у 2021 годзе ў Парыжы. У херсонскай калекцыі была яго праца «Ікар. Сэрыя «Чалавек і космас» (графіка, 1976 год).
Мастак Уладзімер Пуцейка нарадзіўся ў 1926 годзе ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці, але ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў Украіне. Выкладаў у Адэскай мастацкай вучэльні. Расейцы скралі «Партрэт Фядотава» яго аўтарства (1961 год).
Як адзначылі ў вайсковай выведцы Ўкраіны, расейскія вайскоўцы пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў расейскіх музэяў сыстэмна вывозілі экспанаты з мастацкага музэю, у тым ліку жывапіс, графіку, скульптуру і іканапіс. Частку зь іх незаконна вывезьлі ў анэксаваны Расеяй Крым.
У пераліку выкрадзеных — працы шэрагу ўкраінскіх, літоўскіх, польскіх і расейскіх мастакоў XIX–XX стагодзьдзяў.
Форум