«Такое адчуваньне, быццам нас прапусьцілі празь мясарубку й кінулі ў новую рэальнасьць, дзе нам даводзіцца зноў сябе знаходзіць», — мастачка кажа Свабодзе пра пачуцьці, якія вызначылі мастацкую мову выставы.
Выставу адкрываюць графічныя рысункі Аліны: знаёмы куток Вільні ў вечаровым марыве, пляма чорнай фарбы з рысамі чалавека ў бегу, партрэт дзяўчыны ў трывожных танах.
Але ядро экспазыцыі — дзьве інсталяцыі ў выглядзе шырокіх палотнаў у чалавечы рост, складзеных з квадратаў і прастакутнікаў. Гэтыя фрагмэнты чаргуюцца ў розных адценьнях шэрага, чорнага, белага з кроплямі чырвонага.
Вока адзначае незвычайнасьць матэрыялу, зь якога зробленыя фрагмэнты палотнаў: нешта падобнае на мясны фарш, але ня цёплы і духмяны, а застылы, калючы.
Аўтарка інсталяцыі Аліна Чорная раскрывае рэцэпт матэрыялу, які прыдумала для выставы, і тлумачыць, чаму абрала такую мэтафару.
«Гэта перамолатыя ў млынку для кавы кардонныя кантэйнэры для яек. Плюс клей на крухмале, воцат і соль супраць цьвілі, крыху харчовай фарбы для калярыту. Сапраўды атрымалася тэкстура фаршу, які застыў у чаканьні: нібы ўжо не старое становішча, але яшчэ ня новае, невядома што. Як наша эмігранцкае жыцьцё — мы ўсе перамолаты «фарш».
Былой мянчанцы Аліне Чорнай 26 гадоў, зь якіх амаль чатыры яна жыве ў Вільні.
У 2021 годзе дзяўчына мусіла ўцячы з роднага гораду, баючыся арышту.
Аліна кажа, што і на чужыне, як на палотнах з рознакаляровымі фрагмэнтамі, ужо зьведала рознае.
«Гэтыя сьветлыя квадраты, магчыма, пра вызваленьне ад страху, пра надзею, а той цёмны — ён, пэўна, пра смутак па страчаным доме, які я вельмі любіла і не хацела траціць, але давялося. Тут і чырвоная фарба ёсьць, бо гэта нібы вырваны зь мяне кавалак, які працягвае балець. Штодня адчуваю, што рвуцца нэўроны», — прызнаецца Аліна.
Сёлета Аліна Чорная скончыла Віленскую акадэмію мастацтваў, яе спэцыялізацыя — «мастацтва, зьвязанае зь месцам».
Інсталяцыя «Перамолатыя міграцыяй» — дыплёмная праца Аліны. Падрыхтавала яе для абароны дыплёму за месяц, але кажа, што тут варта ўлічыць перажытае і перадуманае за апошнія гады.
«Вышэйшае палатно — гэта мігрант, які нядаўна зьехаў з радзімы, у яго ўсё няпэўна. Асабіста ведаю сяброў, якія разгубіліся. Або ведаю пары, якія разышліся: дома выдатна жылі разам, а тут панесла ў розныя бакі. А ніжэйшае палатно — яно майго росту, 165 сантымэтраў — гэта я. Колеры раўнейшыя, але шэрага ня стала меней. Працягваюцца пошукі сябе, свайго адценьня, новага становішча», — прызнаецца з усьмешкай Аліна.
Ці яна ўжо мае нейкія парады тым беларускім мігрантам, якія ніяк ня могуць найсьці сваё месца ў новым жыцьці? Аліна мае два рэцэпты і абодва кароткія.
«Першы — глядзець па баках. Вакол шмат магчымасьцяў, якіх мы проста не заўважаем і тады яны ад нас сыходзяць, але іх трэба не праглядзець, а скарыстаць.
А другая парада — шукаць новых сяброў, каб не заставацца аднаму без падтрымкі».
На жыцьцё Аліна Чорная зарабляе лягістам у літоўскай фірме, але працягвае займацца мастацтвам. Спадзяецца пры дапамозе сяброў-мастакоў паказаць сваю выставу яшчэ і беларускім мігрантам у Польшчы, шукае для гэтага фінансаваньне. Мастачка па-ранейшаму заклапочаная тым, каб «уцягнуць гледачоў у дыялёг з самімі сабою, з прасторай і з тымі, каго міграцыя ўжо зьмяніла».
На прэзэнтацыі выставы 9 лістапада як асобныя экспанаты былі выстаўленыя напоі: квас, сок, лёгкае віно з чорных парэчак. Мастачка кажа, што гэта тыповыя напоі віленскага мігранта: танна і каб было пад што пагаварыць, пры гэтым ня страціць галавы, бо клопатаў хапае.
Выстава Аліны Чорнай «Перамолатыя міграцыяй» працягнецца ў прасторы Кропка (Вільня, вуліца Савіч / Savičiaus g. 6) да 16 лістапада ўключна.
Форум