Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь накіравала карпарацыі Google прэтэнзіі аб «умяшаньні ў выбары»


Улады Беларусі накіравалі карпарацыі Google «ліст з прэтэнзіяй аб умяшаньні ў выбары», заявіў 27 студзеня міністар інфармацыі краіны Марат Маркаў прапагандысту расейскага тэлеканала Russia Today Канстанціну Прыдыбайлу.

Паводле чыноўніка, прэтэнзіі тычацца «саўдзелу» кампаніі Google у «інфармацыйных правакацыях супраць Беларусі і прэзыдэнцкіх выбараў» у краіне. У лісьце да Google, паводле Маркава, улады Беларусі заяўляюць пра «парушэньне заканадаўства», «правакацыі» і «ўзаемадзеяньне» карпарацыі з фармаваньнямі, прызнанымі у Беларусі «экстрэмісцкімі».

Пра якія «правакацыі» гаворка і якім чынам Google у іх «саўдзельнічаў», Маркаў не ўдакладніў.

Таксама міністар інфармацыі Беларусі заявіў, што трэба стварыць у Беларусі аналяг расейскага Раскамнагляду, які займаецца рэгуляваньнем сувязі, інфармацыйных тэхналёгій і СМІ. Раскамнагляд з 2022 году знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу і шэрагу іншых краін як «дэзынфармацыйная арганізацыя», ведамства фактычна ажыцьцяўляе цэнзуру СМІ і матэрыялаў у рунэце.

«Заканадаўча трэба гэтыя рэчы дапрацаваць да канца, на мой погляд. Бо так ці інакш мы павінны мець інструмэнты, якія будуць наўпрост узьдзейнічаць, як у Расеі ёсьць такая магчымасьць праз Раскамнагляд. У Беларусі няма адпаведнай арганізацыі, няма такога ўмоўнага Белкамнагляду. Але тое, што яго стварэньне даўно насьпела, я ў гэтым не сумняюся», — заявіў Маркаў.

На ўдакладняльнае пытаньне, ці створаць аналяг Раскамнагляду ў Беларусі ў найбліжэйшы час, Маркаў адказаў адмоўна, але дадаў, што пра гэта «варта задумвацца», калі «разглядаць пэрспэктыву 30-га году, 35-га году».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG