Расейскія карыстальнікі інтэрнэту 14 студзеня скардзяцца на збоі ў працы апэратараў сувязі, банкаў і сэрвісаў, піша «Настоящее время».
Збой быў зарэгістраваны прыкладна пасьля 17-й па маскоўскім часе. Ён закрануў апэратараў сувязі (МТС, МГТС, «Ростелеком», Tele2, «Мегафон», «Билайн» і Yota), сэрвісы (YouTube, TikTok, Rutube, IVI, VK, Дзяржпаслугі), банкі (ВТБ, «Сбербанк», «Газпромбанк», Т-Банк) і маркетплэйсы (Wildberries і Avito). Недаступныя былі таксама сэрвісы Яндэкса і Google.
Крыніца «Ведомостей» у адным з апэратараў сувязі зьвязала збой у працы рунэту з праблемамі ў працы тэхнічных сродкаў процідзеяньня пагрозам (ТСПУ), якімі кіруе Раскамнагляд. Менавіта гэтыя прылады робяць «глыбокую інспэкцыю пакетаў», DPI, а пасьля аналізу запавольваюць ці адключаюць трафік.
«З падобным збоем карыстальнікі Рунэту сутыкнуліся 30 студзеня 2024 году. Тады сталі недаступныя сэрвісы „Яндэкса“, МТС, Білайна, „Мегафона“, Ozon, „Сбера“, ВТБ, „Тинькофф“ і многіх іншых», — перадае словы суразмоўцы выданьне.
IT-экспэрт па блякаваньні ў Рунэце Філіп Кулін таксама выказаў меркаваньне, што збой зьвязаны з працай ТСПУ. «На фільтры прыйшлі абновы», — напісаў ягоны чытач, які падаў графік падвышэньня нагрузкі абсталяваньня для правайдэраў EcoNAT.
Супрацоўнікі Раскамнагляду маглі дапусьціць памылку пры абнаўленьні праграмнага забесьпячэньня, лічаць экспэрты праекту «Роскомсвобода». «Накацілі нейкае правіла фільтрацыі на https, але з памылкай у апісаньні патэрна блякаваньня», — сказаў суразмоўца выданьня «Агентство».
На яго думку, пасьля выяўленьня памылкі, выкліканай абнаўленьнем, праграмнае забесьпячэньне ТСПУ «адкацілі» да папярэдняй вэрсіі.
Раскамнагляд даў справаздачу пра аднаўленьне сувязі, але прычыну збою не назваў. «Праца сеткі апэратыўна адноўленая дзяжурнымі службамі Цэнтру маніторынгу і кіраваньня сеткай сувязі агульнага карыстаньня», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
- Уначы 10 студзеня карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі таксама скардзіліся на праблемы з доступам да папулярных сэрвісаў: YouTube, Facebook, Instagram, Telegram і інш. Гэта працягвалася прыкладна з 01:00 да 03:00 ночы. Пры гэтым дзяржаўныя навінавыя парталы і сайты дзяржорганаў адкрываліся, праз VPN-сэрвісы працавалі і згаданыя сацыяльныя сеткі і мэсэнджары. Белтэлекам папярэдзіў карыстальнікаў пра магчымыя збоі загадзя. Экспэрты кажуць, што тэхнічнага збою ці нейкіх тэхнічных работ выключаць нельга, аднак больш фактараў сьведчыць пра наўмысную спробу блякаваньня.
Форум