«Да 2024 году набор адкрыта праводзіўся ў Беларускім доме ў Варшаве, адной з галоўных арганізацый дыяспары. Увесну 2024 году зь Міністэрства замежных спраў прыйшла інфармацыя, што Цэнтар падтрымкі палку імя Каліноўскага больш не павінен існаваць у Беларускім доме, бо ён ня ўпісваецца ў асновы польскай палітыкі разьвіцьця. Мы атрымалі па неафіцыйных каналах, пісьмова нічога не прыйшло, — паведаміў у інтэрвію выданьню Gazeta Prawna кіраўнік Беларускага дома Алесь Зарэмбюк. — Раней праблем не было. Зьбіралі лекі, грошы, бронекамізэлькі. У 2022 годзе з прадстаўнікамі палку сустракаліся амбасадары ЗША і Канады ў Польшчы і Беларусі», — піша Gazeta Prawna.
Польскія ўлады не жадаюць, каб беларускія ўлады абвінавачвалі іх у тым, што з тэрыторыі Польшчы рыхтуецца напад на Беларусь, але пасьля спыненьня рэкрутацыі ў полк гэтыя абвінавачаньні ўсё роўна не спыніліся, адзначае GP.
Абмежаваньне дапамогі можна яшчэ раз праілюстраваць на прыкладзе Беларускага дома, сьцьвярджае выданьне:
«У верасьні 2020 году ён зь вялікай помпай пераехаў у былую рэзыдэнцыю амбасадара Туніса ў варшаўскай Саскай Кэмпе. Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі сымбалічна перадаў ключы Ціханоўскай. Пасьля зьмены ўраду сытуацыя зьмянілася».
«У 2024 годзе мы разьлічвалі на пакрыцьцё выдаткаў на ўтрыманьне будынка, якія складалі прыкладна 100 тысяч злотых. Безвынікова. Гэта першы год безь фінансаваньня будынка з боку Дэпартамэнту разьвіцьця супрацоўніцтва МЗС. Амэрыканцы дапамаглі нам падцягнуць бюджэт, але калі сытуацыя паўторыцца ў 2025 годзе, магчыма, давядзецца выяжджаць», — кажа выданьню дырэктар Беларускага дома Алесь Зарэмбюк.
«Такія дзеяньні служаць прапагандысцкім мэтам, каб даказаць, што Эўропа ад нас адварочваецца. Пэўная частка беларусаў у гэта верыць. Такія пытаньні могуць расчараваць, — камэнтуе сытуацыю палітоляг Ганна Любакова. — Таму важна паказаць, што на самой справе для беларусаў яшчэ шмат робіцца. Нягледзячы на праблемы, Польшча застаецца даволі адкрытай для нас».
Паводле зьвестак Упраўленьня ў справах іншаземцаў, цяпер у Польшчы знаходзяцца 140 тысяч грамадзян Беларусі, у тым ліку 88 тысяч з часовым дазволам на жыхарства, 43 тысячы з сталым і 9 тысяч са статусам уцекача або падобным. На практыцы іх больш, таму што гэтыя дадзеныя ня ўлічваюць, сярод іншага, ні людзей, якія знаходзяцца на падставе візаў, ні тых, хто ўжо атрымаў польскае грамадзянства, піша GP.
Форум