Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Могуць зрабіць, што заўтра палову краіны давядзецца аддаць». Чаму Лукашэнка настойліва дамагаецца крэсла за сталом мірных перамоваў


Аляксандар Лукашэнка, Дональд Трамп, Уладзімір Пуцін. Каляж
Аляксандар Лукашэнка, Дональд Трамп, Уладзімір Пуцін. Каляж

Чаго асьцерагаецца Лукашэнка, шматкроць паўтараючы свае прэтэнзіі на месца за сталом будучых перамоваў, за якім будзе вырашацца зыход расейска-ўкраінскай вайны, а магчыма, і лёс іншых постсавецкіх краін?

Ці абгрунтаваныя цьмяныя прадчуваньні пра магчымы новы перадзел Усходняй Эўропы паміж моцнымі гэтага сьвету, які можа зачапіць і Беларусь?

Сьцісла:

  • Калі б Лукашэнка цалкам давяраў Пуціну, то наўрад ці так настойліва дамагаўся б месца за сталом будучых перамоваў.
  • У Беларусі ўжо ёсьць гістарычны досьвед, калі яна даверыла Маскве абараняць свае інтарэсы на міжнародных перамовах. У выніку Рыскай дамовы 1921 году пры чынным удзеле Масквы Беларусь апынулася на мяжы зьнікненьня з палітычнай мапы Эўропы.
  • У Расеі ўсё часьцей гавораць і пішуць пра «Ялту 2.0» як пра найбольш пажаданы і прывабны для Пуціна сцэнар заканчэньня вайны.
  • Ведаючы імпэрскія амбіцыі Пуціна, цяжка ўявіць, што ён захацеў бы дапусьціць да геапалітычнай дзяльбы зонаў уплыву кагосьці з тых, чые тэрыторыі, уласна, і зьбіраецца дзяліць. У тым ліку гэта датычыць і Лукашэнкі.

«Наш інтарэс — Менск павінен быць за перамоўным сталом»

Кожны раз, калі заходзіць размова пра магчымасьць мірных перамоваў, якія б спынілі і завяршылі вайну ва Ўкраіне, Лукашэнка гаворыць пра неабходнасьць свайго ўдзелу ў іх. Гэты матыў нязьменна гучыць у ягоных публічных выступах прынамсі з канца 2023 году. Апошні раз — на менскай канфэрэнцыі ў пытаньнях эўразійскай бясьпекі 31 кастрычніка сёлета:

«Наш інтарэс — Менск павінен быць за перамоўным сталом, калі гэта будзе датычыць канфлікту ва Ўкраіне. Гэта пытаньне гарантый нашай бясьпекі. Больш мы нічога не патрабуем у гэтым пляне. Гатовыя ў гэтым кірунку працаваць».

Значна больш дэталёва ён казаў пра гэта два тыдні раней — выступаючы 17 кастрычніка перад навукоўцамі і ўдзельнікамі беларускіх антарктычных экспэдыцый:

«Вазьміце Ўкраіну. Я ўжо публічна, можа, і дарма сказаў... Я заўсёды настойваў... І ўкраінцам кажу пра гэта, і расейцам — Пуціна папярэдзіў, што на перамовах па Ўкраіне павінны прысутнічаць беларусы. Чаму? Бо гэта наша праблема. Я не хачу, каб там вырашаліся пытаньні, нашы пытаньні бяз нас. За нашай сьпінай».

І далей ён прамовіў даволі дзіўную фразу пра тое, якую пагрозу можа несьці ўгода паміж Захадам і Расеяй для Беларусі:

«Так, яны там не адцяпаюць да Гомля Палесьсе, ня ў гэтым справа. Але яны могуць прыняць такія рашэньні, што заўтра палову краіны давядзецца аддаць. Яны зараз цэлыя схемы малююць — маратон адкрываючы, пра гэта казаў: яны робяць усё. О, Лукашэнка, не, не, ён там не павінен быць».

Што гэта за рашэньні, у выніку якіх «заўтра палову краіны давядзецца аддаць»?

Ці давярае Лукашэнка Пуціну?

Калі б Лукашэнка цалкам давяраў Пуціну, то, здавалася б, навошта так ірвацца за той стол перамоваў? Сапраўды ж: адзіная саюзная дзяржава, трыццацігадовы досьвед няспынных клятваў у вечнай адданасьці, шматлікія супольныя органы кіраваньня і каардынацыі, сумесны ўдзел у агрэсіі супраць Украіны... Хіба ёсьць сумневы, што такі хаўрусьнік будзе адстойваць за сталом перамоваў беларускія інтарэсы гэтак жа, як свае?

Мяркуючы па тым, як за гэты стол ірвецца Лукашэнка — такія сумневы ў яго ёсьць. Верагодна, ён мае для гэтага падставы. Прынамсі, норавы, памкненьні, а магчыма, і рэальныя пляны Пуціна адносна будучага ўладкаваньня Ўсходняй Эўропы Лукашэнка ведае лепш за іншых.

Карыкатура на Рыскі мір. 1921 год
Карыкатура на Рыскі мір. 1921 год

Апроч таго, у Беларусі ўжо ёсьць сумны досьвед таго, як найбліжэйшы саюзьнік і паплечнік адстойваў нацыянальныя інтарэсы беларусаў. Гісторыя даўняя, але сымбалічная. Падчас падрыхтоўкі ў 1920–1921 гадах Рыскай дамовы, якая завяршала савецка-польскую вайну, Масква, адмаўляючы беларускай дэлегацыі ў праве на ўдзел у перамовах, у якасьці кампэнсацыі абяцала абараняць беларускія інтарэсы. І нават атрымала на тое мандат ад беларускага ўраду. Лічыцца, што дамову РСФСР падпісала ня толькі за сябе, але і — у адпаведнасьці з паўнамоцтвамі, атрыманымі ад беларускага ўраду — за Беларусь. Але які беларускі перамоўнік мог пагадзіцца на такую дамову, якая, па сутнасьці, пакідала ад БССР аскепак у выглядзе некалькіх паветаў Менскай губэрні, аддаючы Польшчы і Расеі ўсе іншыя губэрні і губэрнскія гарады, апроч Менску?

Падчас падпісаньня Рыскай дамовы, згодна зь якой заходнія землі Беларусі перадаваліся пад уладу Польшчы, а ўсходнія ўваходзілі ў склад РСФСР. Рыга, 18 сакавіка 1921 году
Падчас падпісаньня Рыскай дамовы, згодна зь якой заходнія землі Беларусі перадаваліся пад уладу Польшчы, а ўсходнія ўваходзілі ў склад РСФСР. Рыга, 18 сакавіка 1921 году

Як Масква абараняла беларускія інтарэсы ў Рызе

Адзін час Лукашэнка шчыльна зацікавіўся тым пэрыядам гісторыі Беларусі. І быў прыкметна ўражаны фактам, што на пачатку 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя БССР апынулася на мяжы поўнага зьнішчэньня: расейскія бальшавікі з усходу, а палякі з захаду абрэзалі яе да такой ступені, што ад Беларусі засталося ўсяго шэсьць паветаў былой Менскай губэрні.

Савецкая Беларусь падчас утварэньня СССР была найменшай з тагачасных саюзных рэспублік: 52,3 тыс. кв. км, насельніцтва — паўтара мільёна чалавек. Гэта ў 6 разоў меней за абвешчаную ў 1919 годзе БССР і ў чатыры разы меней за цяперашнюю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Пад Докшыцамі і Нясьвіжам пачыналася Польшча, за Мазыром і Бабруйскам — савецкая Расея.

«Далі шэсьць паветаў — дзякуй і за гэта», — з горкай іроніяй пісаў Янка Купала пра тое, што засталося ад Беларусі ў выніку ганебнай Рыскай дамовы 1921 году.

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дом Чарнагаловых у Рызе, дзе ў 1921 годзе была падпісаная Рыская дамова
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дом Чарнагаловых у Рызе, дзе ў 1921 годзе была падпісаная Рыская дамова

У 2020 годзе Лукашэнка, уражаны гэтымі новымі для яго фактамі, нават дэманстраваў сваім чыноўнікам архіўную мапу 1921 году:

«Бачыце, вось гэтая ружовая палосачка? Гэта нашы нацмены з 1921 году ваявалі за „незалежную Беларусь“. Вось што нам засталося ў 1921 годзе. Усё астатняе разьмянялі і аддалі Захаду, Польшчы. Нешта там на ўсходзе было ў Расеі...»

Насамрэч «нешта там на Ўсходзе» — гэта тэрыторыі Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны, якія расейскія бальшавікі ў студзені — лютым 1919-га без усялякага ўзгадненьня з уладамі тагачаснай савецкай Беларусі забралі ў склад РСФСР, спасылаючыся на вонкавапалітычныя інтарэсы.

Тэрыторыі, якія страціла Савецкая Беларусь у 1919-1921 гадах
Тэрыторыі, якія страціла Савецкая Беларусь у 1919-1921 гадах

Крытычны момант для лёсу Беларусі — савецка-польскія мірныя перамовы ў Рызе ў 1920–1921 гадах. Нацыянальна арыентаваныя беларускія палітыкі (і з боку БССР, і з лягеру БНР) намагаліся атрымаць месца за сталом перамоваў, але — безвынікова. У гэтым не былі зацікаўленыя ні польскі, ні расейскі бакі. І Масква, і Варшава на той момант прадчувалі: справа ідзе да падзелу Беларусі. А беларуская дэлегацыя гэтаму, зразумела, супраціўлялася б, перамовы зацягваліся б.

Кіраўнік ураду БССР Аляксандар Чарвякоў адмыслова ўвосень 1920 году выяжджаў у Рыгу, ставіў перад кіраўніком расейскай дэлегацыі Іофэ пытаньне пра допуск беларускай дэлегацыі на перамовы. Але Іофэ адмовіў, спаслаўшыся на ўказаньні ЦК РКП(б). Пасьля чаго Чарвякоў пісаў у Менск, што «Беларусь у перамовах удзелу не прымае ні пад якім выглядам», бо яе падзел ужо перадвырашаны, а ягонае «добрае беларускае імя будзе скампрамэтавана навекі».

Лёс Беларусі вырашылі без удзелу самой Беларусі, нават не пытаючыся пра яе меркаваньне. Ігнараваньне беларускіх інтарэсаў было тым больш крыўдным і ганебным, што дэлегацыю Ўкраінскай ССР і да перамоваў, і да падпісаньня дамовы дапусьцілі.

Мапа, на пазначаныя тэрыторыя БССР пасьля заключэньня Рыскай дамовы, а таксама тэрыторыі, перададзеныя БССР у 1924 і 1926 гадах
Мапа, на пазначаныя тэрыторыя БССР пасьля заключэньня Рыскай дамовы, а таксама тэрыторыі, перададзеныя БССР у 1924 і 1926 гадах

«Зьбірайце манаткі і вяртайцеся на рубяжы 1997 году»

Адгалоскі той даўняй гісторыі дзіўным чынам чуюцца сёньня, калі гучыць прыгожы лёзунг: «Нічога пра Ўкраіну без самой Украіны». Гэтыя словы часта паўтараюць у Кіеве, хоць у рэчаіснасьці ўсе разумеюць, каму належыць галоўны голас у справе вызначэньня будучыні і Ўкраіны, і ўсёй Усходняй Эўропы.

Пуцін хоча дамаўляцца з Захадам ня толькі пра Ўкраіну, а ўвогуле пра новы сусьветны парадак. Гэта стала зразумела яшчэ напярэдадні расейскага ўварваньня — у сьнежні 2021-га, пасьля славутага расейскага ўльтыматуму, агучанага намесьнікам міністра замежных спраў РФ Сяргеем Рабковым: «NATO трэба зьбіраць манаткі і выпраўляцца на рубяжы 1997 году», а таксама «NATO больш ня зможа адціскаць Расею на другія ролі ў эўрапейскай і міжнароднай палітыцы».

Тады гэта выглядала неверагодным і немагчымым, але за тры мінулыя гады становіцца ўсё больш відавочным: Пуцін сапраўды апантаны прагай рэваншу за паразы і прыніжэньні 90-х гадоў, аднаўленьня ў тым ці іншым выглядзе былой імпэрскай велічы, усталяваньня новага сусьветнага парадку, дзе Масква па-ранейшаму, падобна як пасьля Другой сусьветнай вайны, кантралявала б на эўрапейскім кантынэнце сваю сфэру ўплыву. У Расеі ўсё часьцей гавораць і пішуць пра «Ялту 2.0» як пра найбольш пажаданы і прывабны для Пуціна сцэнар заканчэньня крызысу.

Ялта і трыюмф Сталіна

Ялцінская (Крымская) канфэрэнцыя саюзных дзяржаў, якая адбылася за два з паловай месяцы да заканчэньня вайны ў Эўропе, сапраўды, выглядала міжнародным трыюмфам Сталіна. Ён прымае на сваёй тэрыторыі двух лідэраў заходняга сьвету — амэрыканскага прэзыдэнта Рузвэльта і брытанскага прэм’ера Чэрчыля. І ўсе ўтрох вызначаюць лёс пасьляваеннага сьвету: дзеляць Эўропу на сфэры ўплыву і вызначаюць пасьляваенныя дзяржаўныя межы.

Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Уінстан Чэрчыль (зьлева), прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэльт і кіраўнік СССР Ёсіф Сталін падчас Ялцінскай канфэрэнцыі саюзьнікаў, 1945 год
Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Уінстан Чэрчыль (зьлева), прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэльт і кіраўнік СССР Ёсіф Сталін падчас Ялцінскай канфэрэнцыі саюзьнікаў, 1945 год

Рашэньні «Вялікай тройкі» датычылі лёсу шэрагу невялікіх краін, але ніводную зь іх за стол перамоваў не паклікалі. Асабліва хваравіта гэта было ўспрынята Польшчай. Нягледзячы на папярэднія шматлікія запэўніваньні заходніх саюзьнікаў у поўнай падтрымцы польскай справы, Польшчу пад ціскам Сталіна перадавалі ў зону савецкага дамінаваньня і забіралі яе ўсходнія тэрыторыі на карысьць СССР. Туды ж, у «савецкі лягер», траплялі і многія іншыя дзяржавы, якім не пашчасьціла з геаграфіяй. Але, адрозна ад Польшчы, амаль усе яны былі саюзьніцамі Гітлера і цярпелі паразу ў вайне (Вугоршчына, Славаччына, Румынія, Баўгарыя). Польшча ж была нібыта ў ліку пераможцаў, змагалася поруч з ангельцамі, французамі і амэрыканцамі і прэтэндавала на сваю долю перамогі. 13 лютага 1945 году польскі ўрад у выгнаньні выступіў з заявай, поўнай крыўды і пратэсту:

«Пастановы „Канфэрэнцыі трох“ былі падрыхтаваныя і прынятыя ня толькі без удзелу і санкцыі польскага ўраду, але і безь яго ведама. Такі мэтад у дачыненьні да Польшчы зьяўляецца ня толькі адмаўленьнем элемэнтарных прынцыпаў, якія адносяцца да саюзьнікаў, але, несумненна, зьяўляецца парушэньнем літары і духу Атлянтычнай хартыі і права кожнага на абарону сваіх інтарэсаў. З гэтай прычыны пастановы „Канфэрэнцыі трох“ ня могуць быць прызнаныя польскім урадам і ня могуць быць абавязковымі для польскага народу. Адарваньне ад Польшчы ўсходняй паловы тэрыторыі краіны шляхам навязваньня г. зв Лініі Керзана ў якасьці польска-савецкай мяжы будзе ўспрынята польскім народам як новы падзел Польшчы, гэтым разам зьдзейсьнены саюзьнікамі Польшчы».

Лівадыйскі палац падчас Ялцінскай канфэрэнцыі ў лютым 1945 году
Лівадыйскі палац падчас Ялцінскай канфэрэнцыі ў лютым 1945 году

Зрэшты, гэтая заява мала на што паўплывала: прымусова ўціснутыя ў кантраляваны Масквой «сацыялістычны лягер», усходнеэўрапейскія краіны вымушаныя былі заставацца там амаль паўстагодзьдзя — аж пакуль напрыканцы 80-х гадоў у выніку аслабленьня СССР не адчынілася «вакно магчымасьцяў». А ў Польшчы і дагэтуль з горыччу ўспамінаюць пра «Ялцінскую здраду».

Прывід новай Ялты

Зразумела, пра новы перадзел Усходняй Эўропы — своеасаблівую «Ялту 2.0» — можна гаварыць толькі ўмоўна. Пры ўсіх пуцінскіх амбіцыях сталінскі кіцель яму яўна велікаваты. У лютым 1945-га Чырвоная армія пераможна наступала на ўсім вялізным усходнім фронце — ад Карэліі на поўначы да Балканаў на поўдні. Вялізныя акупаваныя ёю ва Ўсходняй Эўропе тэрыторыі, уласна, і сталі прадметам маштабнага геапалітычнага торгу ў Ялце.

Сёньняшняга Пуціна хутчэй можна параўнаць з Гітлерам узору 1939-га — у тым выпадку, калі б пачатак Другой сусьветнай вайны склаўся для фюрэра няўдала (напрыклад, плянаваны бліцкрыг праваліўся, вэрмахт захрас на некалькі гадоў дзе-небудзь пад Гданьскам і Познаньню, і заходнія саюзьнікі пагадзіліся б сесьці з Гітлерам за стол перамоваў і ахвяраваць часткай польскай тэрыторыі — тым жа Данцыгскім калідорам — дзеля таго, каб уберагчы Эўропу і сьвет ад яшчэ большай вайны).

Тым ня менш варыянт, пры якім новаабраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сядзе за адзін стол з Уладзімірам Пуціным, каб дамовіцца зь ім ня толькі пра спыненьне вайны ва Ўкраіне, але і пра больш шырокія абрысы новай сыстэмы эўрапейскай бясьпекі — не выглядае нечым неверагодным. Размова, відавочна, магла б ісьці галоўным чынам пра пэрымэтар сёньняшніх расейскіх межаў: Пуцін яўна хацеў бы атрымаць гарантыі свайго непадзельнага дамінаваньня ў гэтай зоне — каб аскепкі былога СССР ні пра якае NATO і дрэйф на Захад і думаць ня важыліся.

Беларусь, безумоўна, фігуравала б у гэтай гіпатэтычнай угодзе ў якасьці бясспрэчнай зоны расейскага ўплыву. Але ці толькі? Ці не захацеў бы Пуцін фармальнага ўхваленьня Захадам ня толькі цяперашняга статус-кво, але і ўвогуле скасаваньня рэшткаў беларускай незалежнасьці, інкарпарацыі шасьці новых абласьцей у межах адноўленай імпэрыі?

З улікам таго, што многія на Захадзе ўжо цяпер не разглядаюць Беларусь як цалкам самастойную краіну зь незалежнай палітыкай — геапалітычны торг на гэту тэму не выглядае немагчымым. І ці ня гэтага найбольш асьцерагаецца Лукашэнка, няспынна дамагаючыся крэсла за сталом будучых перамоваў і палохаючы тым, што ў адваротным выпадку яны там «могуць прыняць такія рашэньні, што заўтра палову краіны давядзецца аддаць»?

Ведаючы імпэрскія амбіцыі Пуціна, цяжка ўявіць, што ён захацеў бы дапусьціць да геапалітычнай дзяльбы зонаў уплыву кагосьці з тых, чые тэрыторыі, уласна, і зьбіраецца дзяліць. На гістарычным фота «Вялікай тройкі» на тле Лівадыйскага палаца побач са Сталіным — толькі тыя асобы, якіх правадыр лічыў сувымернымі ўласнаму палітычнаму маштабу. А зусім ня лідэры тых краін, чый лёс на той сустрэчы вырашаўся.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG