Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік БТ Іван Эйсмант знайшоў спосаб зарабіць на прапагандзе за кошт беларускіх падаткаплатнікаў


Іван Эйсмант, архіўнае фота
Іван Эйсмант, архіўнае фота

На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» у лістападзе 2024 году запусьцілі цыкль прапагандысцкіх перадач «Час выбраў нас». Іх вядоўца — кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. Як высьветліла «Люстэрка» з заявак на сайце дзяржзакупак, за сцэнар да гэтых перадач і некаторыя іншыя працы Іван Эйсмант атрымаў ганарар, прычым грошы на яго ўзялі зь дзяржаўнага бюджэту.

З 19 лістапада 2024 году Белтэлерадыёкампанія выпусьціла 33 прапагандысцкія перадачы пад агульнай назвай «Час выбраў нас». Іх аўтарам і вядоўцам пазначаны кіраўнік БТ Іван Эйсмант, па сумяшчальніцтве дэпутат Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў, давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі на выбарах-2025 і муж прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант.

Нягледзячы на тое, што Іван Эйсмант як кіраўнік БТ атрымлівае там заробак, ён запытаў грошы за напісаньне сцэнараў, вядзеньне і агучваньне перадач «Час выбраў нас», вынікае з заявак на сайце дзяржзакупак. Так, за сцэнар і ролю вядоўцы ён запытаў 15 844 рублі, а за працу па закадравым агучваньні перадач — яшчэ 3978 рублёў. Грошы для аплаты працы прапагандыста ўзялі зь беларускага бюджэту — то бок яго працу фактычна аплацілі беларускія падаткаплатнікі.

У перадачах «Час выбраў нас», сярод іншага, нібы пад капірку трансьлююць расейскі погляд на вайну ва Ўкраіне і расказваюць, як у Беларусі ў 2020-м хацелі «зладзіць дзяржаўны пераварот» — спробу зьвяржэньня ўлады, «выкананую па заходніх мэтадычках і праведзеную „пад капірку“ з Майданам у Кіеве».

Іван Эйсмант знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу.

Пасьля скаргі ў ЦВК мэдыяэкспэрта Малішэўскага Іван Эйсмант зьнік з тэлеэтэраў

Цікава, што пасьля скаргі ў ЦВК журналіста Віктара Малішэўскага кіраўнік БТ Іван Эйсмант ужо некалькі дзён не зьяўляецца ў этэры дзяржаўнага тэлебачаньня, а праграму «Клюб рэдактараў», дзе прапагандысты рэгулярна атакуюць апазыцыю і незалежныя мэдыя, замест яго вядзе кіраўнік праўладнага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў.

Віктар Малішэўскі расказаў гэтую гісторыю на сваёй старонцы ў Facebook. Вядомы журналіст і мэдыяэкспэрт заўважыў, што яшчэ 23 сьнежня 2024 году Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала кіраўніка Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта і галоўнага рэдактара «СБ.Беларусь Сегодня» Дзьмітрыя Жука даверанымі асобамі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі.

Згодна з артыкулам 46 Выбарчага кодэксу Беларусі, з гэтага моманту Эйсманту і Жуку забаронена весьці тэлеперадачы і ўдзельнічаць у асьвятленьні выбараў праз СМІ. У афіцыйных дакумэнтах існуе такая фармулёўка: «Журналістам, службовым асобам сродкаў масавай інфармацыі забараняецца весьці тэле- и радыёпраграмы, удзельнічаць у асьвятленьні выбараў праз сродкі масавай інфармацыі, калі названыя асобы зьяўляюцца кандыдатамі ў прэзыдэнты [...] або іх даверанымі асобамі».

Нягледзячы на забарону, згаданыя Іван Эйсмант і Дзьмітры Жук заставаліся ў кадры дзяржаўнай тэлевізіі, на што Віктар Малішэўскі напісаў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію.

На гэты зварот прыйшоў афіцыйны адказ. «Прынята да ўвагі», — адказалі Віктару, піша БАЖ.

Пасьля гэтага Эйсмант з Жуком зьніклі з экранаў беларускай тэлевізіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG