На двух участках былі спробы сфатаграфаваць запоўненыя бюлетэні, напісаў тэлеграм-канал Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Сьцьвярджаецца, што выбарчая камісія «своечасова адрэагавала» на абодва інцыдэнты. Аднак нідзе не пазначана, дзе тыя самыя два ўчасткі знаходзяцца.
Паводле ўладаў, за два дні датэрмінова прагаласавалі ўжо 17,67% грамадзян — гэта рэкордная лічба. Пры гэтым выбарнікам раздаюць падарункі за ўдзел у датэрміновым галасаваньні, праводзяць лятарэі за кошт дзяржаўнага бюджэту і запускаюць прапагандысцкія ролікі, дзе гавораць пра патрэбу прагаласаваць.
Раней у ЦВК папярэдзілі, што за фатаграфаваньне запоўненага бюлетэню, а таксама вынас яго за межы памяшканьня для галасаваньня прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць.
Такія зьмены ў правілы зьявіліся пасьля выбараў 2020 году. Тады незалежная плятформа «Голас» у супрацоўніцтве з ініцыятывамі па назіраньні змагла даказаць факт фальсыфікацыі выбараў. Агулам «Голас» сабраў дадзеныя ад больш чым мільёна выбарнікаў, у тым ліку 900 тысяч чалавек пазначылі свой участак, а 530 тысяч прыслалі здымкі. Плятформай карысталіся па ўсёй краіне — на 5696 участках з 5767. Пры гэтым 96% з тых, хто перадаў дадзеныя, галасавалі за Сьвятлану Ціханоўскую.
Датэрміновае галасаваньне ў Беларусі пачалося 21 студзеня, асноўны дзень галасаваньня — 26 студзеня. На яго заклікаюць нават з дапамогай «агітмабіляў».
Як заўважылі праваабаронцы, раённая газэта Меншчыны «Прысталічча» паказала чэргі курсантаў цэнтру падрыхтоўкі, павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Рэспублікі Беларусь, якія прыехалі зь вёскі Гарані на Навасельскі ўчастак для галасаваньня № 30, каб прагаласаваць датэрмінова. Такія чэргі ў працоўныя/вучэбныя дзень і час могуць сьведчыць пра выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу, іншымі словамі, пра прымус да галасаваньня, што зьяўляецца грубым парушэньнем выбарчага заканадаўства.
Раней улады засакрэцілі імёны сяброў выбарчых камісій і назіральнікаў. Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка заяўляў, што ў іх шырокім разгалошваньні ёсьць небясьпека пагрозы сябрам камісій і іх блізкім, а пры патрэбе выбарнікі могуць «паглядзець на бэдж» на чалавеку на самым выбарчым участку. Пры гэтым ініцыятыва былых сілавікоў BelPol усё адно здабыла імёны 10 тысяч удзельнікаў выбарчых камісій і стварыла пошукавік па імёнах.
- Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку адбываюцца ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум