Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад не прызнае вынікі гэтых выбараў гэтак жа, як не прызнаў у 2020 годзе, — Казакевіч


Ілюстрацыйнае фота. Перадвыбарчы плякат у Менску
Ілюстрацыйнае фота. Перадвыбарчы плякат у Менску

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч аналізуе магчымую рэакцыю розных краінаў на вынікі прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі і тлумачыць, чаму Менску не ўдалося пазытыўна ўразіць Захад.

Сьцісла:

  • Найбольш верагодна, што адбудзецца поўнае непрызнаньне Захадам гэтых выбараў як волевыяўленьня беларускага народу.
  • Няма ніякіх прыкметаў таго, што Расея і Кітай могуць перагледзець сваё стаўленьне да цяперашняй беларускай улады.
  • Калі Менск хацеў уразіць Захад — то можна сказаць, што гэтая выбарчая кампанія была вельмі няўдалая. Замежнапалітычны фон для камунікацыі з Захадам не палепшыўся.

— Якая можа быць рэакцыя замежжа на прэзыдэнцкую выбарчую кампанію ў Беларусі? Ці будзе яна неяк адрозьнівацца ад стаўленьня да папярэдніх выбараў? Наколькі менскаму рэжыму важныя гэтыя рэакцыя і ацэнка?

— З той сытуацыі, якая складаецца цяпер, можна меркаваць, што з боку Захаду будзе непрызнаньне вынікаў гэтых выбараў на ўзроўні 2020 году. То бок непрызнаньне легітымнасьці выбараў і адпаведна — легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Калі ўзгадаць падзеі да 2020 году, то вынік выбараў звычайна прызнаваўся, аднак крытыкавалася працэдура. Выбары прызнаваліся несвабоднымі і недэмакратычнымі. Але зараз, найбольш верагодна, адбудзецца проста поўнае непрызнаньне выбараў як волевыяўленьня беларускага народу.

— А што наконт іншых «партнэраў» беларускай улады — на Поўдні і Ўсходзе? Ці будзе тут усё традыцыйна — яна павіншуюць Лукашэнку і ня будуць ставіць пад сумнеў вынікі выбараў?

— Так, тут ня варта чакаць ніякіх зьменаў — прынамсі ад асноўных партнэраў, Расеі і Кітаю. Няма ніякіх прыкметаў, каб меркаваць, што яны могуць перагледзець сваё стаўленьне да цяперашняй улады.

Калі Расея ў 2020 годзе першыя тыдні пасьля выбараў яшчэ спрабавала гуляць з пытаньнем падтрымкі Лукашэнкі, то цяпер, відавочна, гэтага ня будзе. У Расеі хапае іншых праблемаў, а такі саюзьнік, як Лукашэнка, вельмі зручны. Ён значна аслаблены, часткова страціў свой сувэрэнітэт — чаму б яго не падтрымаць?

Калі гаварыць пра краіны «глябальнага Поўдня», то большасьць зь іх падтрымлівае кантакты з афіцыйным Менскам, асабліва не зважаючы на праблемы з дэмакратыяй у Беларусі — гэта ня самая важная для іх тэма. І зараз яны проста прымуць таго чалавека, які дэ-факта кіруе краінай.

— Афіцыйны Менск нібыта запрасіў назіральнікаў ад АБСЭ, але там адказалі, што гэта было зроблена запозна і не паводле адпаведнай працэдуры. Ці можна лічыць, што з боку ўладаў Беларусі гэтак было зроблена наўмысна?

— Гэта яўна было зроблена з прапагандысцкімі мэтамі, для ўнутранай аўдыторыі, каб падаць гэтую сытуацыю ў стылі: «Яны не прыехалі, самі вінаватыя». Відавочна, тэрміны запрашэньня былі такія, што АБСЭ не магла даць іншы адказ.

Але для замежнай аўдыторыі, для ўплывовых палітычных сілаў у Эўропе гэта мець значэньня ня будзе. Ясна, што, калі краіна запрашае замежных назіральнікаў, то мусіць выканаць пэўныя працэдуры. Тым больш што ў Беларусі было шмат кампаніяў, у якіх прысутнічалі назіральнікі АБСЭ, якія сваёй прысутнасьцю не заміналі ўладам рабіць неабходны ім вынік.

Таму Менску цяжка знайсьці важкі аргумэнт, чаму запрашэньне было дасланае гэтак позна. У Эўропе гэта будзе адназначна ўспрынята як адмова Менску ад назіральнікаў, як імкненьне зрабіць выбарчую працэдуру максымальна непразрыстай.

— Ці можна некаторыя аспэкты гэтай выбарчай кампаніі разглядаць як пэўныя крокі Менску ў бок Захаду? Напрыклад, рэгістрацыя Ганны Канапацкай, вызваленьне палітвязьняў?..

— Калі Менск хацеў уразіць Захад — то можна сказаць, што гэтая выбарчая кампанія была вельмі няўдалая. Працягваюцца рэпрэсіі, на іхным фоне вызваленьне палітвязьняў не ўспрымаецца як станоўчы крок, бо колькасьць новых затрыманых перавышае колькасьць вызваленых.

Плюс працягваюцца жорсткія заявы, пагрозы ў бок Захаду, зьвязаныя з расейскай зброяй. Усё гэта не стварае добры і спрыяльны фон для дыялёгу з Захадам.

Магчыма, улады Беларусі ставілі перад сабой задачу калі не дабіцца фармальнага прызнаньня, то хаця б палепшыць замежнапалітычны фон для камунікацыі. Але і такая мэта дасягнутая не была. Хутчэй наадварот. Калі глядзець на рэакцыю эўрапейскіх палітыкаў і разважаньні на розных экспэртных эўрапейскіх пляцоўках — то нейкай магчымасьці для паляпшэньня стасункаў там не праглядаецца.

Былі некаторыя публікацыі ў замежных мэдыя аўтарства блізкіх да беларускай улады экспэртаў. Яны актыўна абмяркоўваліся ў беларускай экспэртнай супольнасьці — але не відаць, каб мелі хоць нейкі заўважны рэзананс у эўрапейскіх альбо амэрыканскіх палітычных асяродках.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG