Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Беларусі заявіла, што за два дні датэрмінова прагаласавалі больш за 17% выбарнікаў. Гэта рэкорд


Перадвыбарны постэр у Менску, ілюстрацыйнае фота
Перадвыбарны постэр у Менску, ілюстрацыйнае фота

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі заявіла, што за два дні датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта прагаласавалі 17,67% выбарнікаў​​​​​​​ — гэта рэкордная яўка для выбарчых кампаній у краіне. Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Згодна з апублікаванымі ЦВК зьвесткамі, цяпер за два дні датэрміновага галасаваньня:

  • найбольшая яўка ў Берасьцейскай вобласьці —19,35%,
  • у Менску — 17,20%,
  • Менскай вобласьці — 17,72%,
  • Віцебскай — 18,35%,
  • Магілёўскай — 17,98%,
  • Гомельскай — 17,67%,
  • Горадзенскай — 15,13%.

Гэта рэкордная яўка выбарнікаў у першыя два дні датэрміновага галасаваньня для выбарчых кампаній у Беларусі. Так, яўка па выніках двух дзён датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, паводле ЦВК, склала 12,75%, 2015-га — 10,94%, 2010-га — 7,2%, 2006-га — 6,1%, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз архіўных зьвестак ЦВК. Яўка па выніках двух дзён датэрміновага галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы ў 2024 годзе, паводле ЦВК, склала 14,61%, на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах у 2019 — 11,51%, у 2016 годзе — 9,63%, у 2012-м — 7,2%, у 2008-м — 7%.

Паводле ЦВК, у першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта яўка склала 7,81%. Гэта таксама рэкорд у параўнаньні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі ў Беларусі.

Агітмабіль, чэргі курсантаў і чыноўнікі зь сем’ямі: як праходзіць другі дзень датэрміновага галасаваньня

Экспэртная місія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» назірае, як праходзіць выбарчая кампанія ў Беларусі і фіксуе парушэньні.

Так, паводле праваабаронцаў, у Навабеліцкім раёне супрацоўнікі адміністрацыі 22 студзеня пусьцілі па вуліцах агітацыйны аўтамабіль. Актывісты ў ім «нагадалі гараджанам песьнямі патрыятычнага кірунку» з музычнай калёнкі пра «неабходнасьць прыйсьці на выбарчы ўчастак», пішуць «Гомельскія ведамасці».

Начальніца аддзелу ідэалягічнай работы і ў справах моладзі адміністрацыі Навабеліцкага раёну Натальля Кот расказала пра матэрыяльныя падарункі для тых, хто прагаласуе. Напрыклад, пераможцам конкурсу фота «Галасуем усёй сям’ёй», «Зрабі выбар — схадзі ў кіно» абяцаюць бясплатны прагляд фільма ў кінатэатры «Мір». Грамадзкія арганізацыі раёну правядуць бяспройгрышную латарэю, паведмляе выданьне. Зь якога бюджэту на гэтыя акцыі выдаткаваныя грошы, не ўдакладняецца.

Прапаганда справаздачыцца пра людзей, якія прыходзяць галасаваць. Па апублікаваных фота і відэа відаць, што кабінкі для галасаваньня на ўчастках ня маюць шторак, на большасьці ўчасткаў у кожнай кабінцы вывесілі папярэджаньне аб забароне здымкі бюлетэня.

Раённая газэта «Прысталічча» піша, што на трэцім Сеніцкім выбарчым участку для галасаваньня № 92 датэрмінова галасуюць моладзь і вэтэраны. Такая сытуацыя па ўсёй Беларусі, адзначаюць праваабаронцы. Таксама ў датэрміновым галасаваньні, як вынікае з шматлікіх дзяржаўных рэпартажаў, актыўна задзейнічалі прадстаўнікоў дзяржаўных органаў розных узроўняў, прыходзяць «галасаваць цэлымі сем’ямі», піша раёнка.

Тым, хто галасуе ўпершыню, на ўчастку ўручылі падарункі: кнігі зь дзяржаўнай сымболікай і футболкі «Твой голас першы» — раней юрысты адзначалі, што ў гэтай назьве хаваецца ўскосная агітацыя за Лукашэнку. Праваабаронцы раней паведамлялі, што куратары некалькіх факультэтаў у Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце заклікалі групы першых курсаў галасаваць датэрмінова, за што абяцалі падарункі.

Газэта «Прысталічча» паказала чэргі курсантаў цэнтру падрыхтоўкі, павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС, якія прыехалі зь вёскі Гарані на Навасельскі ўчастак для галасаваньня № 30. Асабісты склад тэрытарыяльных войскаў Гомельскага раёну датэрмінова парагаласаваў на выбарчым участку ў аграгарадку Новая Гута — на фота БелТА чэргі вайскоўцаў. Такія чэргі ў працоўны дзень днём могуць сьведчыць пра выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу, адзначаюць праваабаронцы.

Дзяржаўныя мэдыя і сайты дзяржорганаў працягваюць асьвятляць датэрміновае галасаваньне чыноўнікаў і чыноўніц. Юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што такія відэа зьяўляюцца часткай прапаганды, накіраванай на стварэньне ілюзій легітымнасьці працэсу і масавага ўдзелу ў галасаваньні. Так, 22 студзеня тэлеграм-канал «Міліцыя Беларусі» адсправаздачыўся, што датэрмінова актыўна галасуюць кіраўнікі, супрацоўнікі міліцыі і вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС.

  • Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
  • У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
  • Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека.
  • З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG