Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп абвясьціў пра новыя тарыфы для Канады і зноў заклікаў яе стаць 51-м штатам ЗША


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША абвясьціў пра новыя меры супраць Канады ў адказ на ўведзены канадзкай правінцыяй Антарыё 25-працэнтны падатак на электраэнэргію для Злучаных Штатаў.

Дональд Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што даручыў міністру гандлю з 12 сакавіка павысіць мыта на канадзкія сталь і алюміній да 50%, і не выключае ўвядзеньня новых абмежаваньняў. Таксама ён запатрабаваў ад Канады неадкладна зьнізіць мытныя зборы на амэрыканскую малочную прадукцыю, назваўшы іх абуральнымі.

«Калі Канада не скасуе іншыя абуральныя і даўно дзейныя мыты, 2 красавіка я істотна павялічу мыты на аўтамабілі, якія ўвозяцца ў ЗША, што, у істоце, назаўсёды закрые аўтамабільную вытворчасьць у Канадзе», — напісаў Трамп.

Паводле Трампа, «адзінае, што мае сэнс, — каб Канада стала нашым запаветным 51-м штатам».

«Гэта прывядзе да поўнага зьнікненьня ўсіх тарыфаў і ўсяго астатняга. Падаткі канадцаў будуць істотна зьніжаныя, яны будуць больш абароненыя ў вайсковых і іншых дачыненьнях, чым калі-небудзь раней, больш ня будзе праблемы Паўночнай мяжы, а найвялікшая і самая магутная краіна ў сьвеце стане большай, лепшай і мацнейшай, чым калі-небудзь, — і Канада будзе адыгрываць у гэтым вялікую ролю».

Марк Карні, новы прэм’ер-міністар Канады, які зьмяніў 10 сакавіка Джастына Трудо, заявіў, што ягоная краіна ніколі ня будзе часткай ЗША ні ў якім выглядзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG