Вэрдыкт суду канчатковы. Як паведаміла румынская служба Радыё Свабода, за рашэньне прагаласавалі ўсе 9 судзьдзяў.
Каля паўтысячы прыхільнікаў Джарджэску сабраліся пад памяшканьнем Канстытуцыйнага суду, якое знаходзіцца ў тым жа будынку, што і парлямэнт краіны. Людзі скандавалі «Джарджэску — прэзыдэнт» і «Далоў дыктатуру».
9 сакавіка пасьля абвяшчэньня рашэньня ЦВК у Бухарэсьце адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі палітыка і праваахоўнікамі.
Паводле абвешчаных 10 сакавіка зьвестак паліцыі, 13 праваахоўнікаў параненыя ў выніку сутыкненьняў з пратэстоўцамі ў Старым цэнтры Бухарэсту.
Прадстаўнік румынскай паліцыі, галоўны камісар Актавіян Дан адзначыў, што пасьля сутыкненьняў учора вечарам у Старым цэнтры зьнішчаныя сама меней восем вітрын, разьбіты ходнік, падпаленыя лавы і сьмецьцевыя бакі.
Цэнтральная выбарчая камісія Румыніі ў Бухарэсьце 9 сакавіка прызнала кандыдатуру Джарджэску несапраўднай. Указваецца, што румынскі ЦВК адхіліў кандыдатуру палітыка з прычыны праблем з дакумэнтамі — «ён падаў непадпісаны зварот з тлумачэньнем розьніцы ў даходах у яго дэклярацыі».
Джарджэску назваў рашэньне ЦВК Румыніі «простым ударам у сэрца дэмакратыі».