Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бондаравай адмовілі ў адказ на зварот аб перайменаваньні вуліцы Каліноўскага ў Менску


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вядомая прарасейская актывістка Вольга Бондарава спрабавала дамагчыся перайменаваньня вуліцы Кастуся Каліноўскага ў Менску, прапануючы перайменаваць яе ў вуліцу Аляксандра Мядзьведзя. Днямі яна атрымала адказ на свой зварот ад Менгарвыканкаму.

У кастрычніку 2024 году Вольга Бондарава склала і даслала ў Менгарвыканкам калектыўны зварот, у якім патрабавала перайменаваць вуліцу Кастуся Каліноўскага ў вуліцу Аляксандра Мядзьведзя.

Як вынікае з апублікаванага ў Тэлеграм-канале Бондаравай адказу, Менгарвыканкам, атрымаўшы зварот, накіраваў яго ў сваё ўпраўленьне культуры. Там 15 студзеня правялі пасяджэньне камісіі па найменаваньні і перайменаваньні гарадзкіх аб’ектаў і прынялі рашэньне «пакінуць цяперашнюю назву».

Вуліцу Каліноўскага ў Менску спрабавалі перайменаваць і раней. У канцы траўня 2024 году прарасейская арганізацыя «Рух „Саюз“» зьвярнулася да Палаты прадстаўнікоў і Менскага гарсавету з прапановай перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў вуліцу 17 Верасьня. Аднак супраць гэтай прапановы выступілі праўладныя камуністы.

Хто такі Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі, палітык, публіцыст, адзін зь лідэраў нацыянальна-вызваленчага паўстаньня беларусаў, палякаў і літоўцаў 1863-1864 гадоў. Ён стаў нацыянальным героем беларусаў.

Паўстанцкія атрады, узначаленыя Каліноўскім, дзейнічалі ў асноўным на тэрыторыі цяперашняй Беларусі і вялі ўзброеную барацьбу з войскамі Расейскай імпэрыі.

Паўстаньне Каліноўскага расейцы разграмілі. У студзені 1864 году Каліноўскага схапілі царскія жандары ў Вільні. Ваенна-палявы суд пастанавіў пакараць яго сьмерцю. Яму было 26 гадоў. Парэшткі Кастуся Каліноўскага былі знойдзеныя і ўрачыста пахаваныя ў Вільні ў 2019 годзе.

  • Летам 2023 году прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава хвалілася, што прасіла Горадзенскі гарвыканкам прыбраць са сьпісу знакавых для гораду людзей у Цэнтралізаванай бібліятэчнай сыстэме беларускага героя Кастуся Каліноўскага, а пасьля і Тадэвуша Касьцюшку. Першага яна назвала «польскім тэрарыстам», другога — «змагаром за Польшчу супраць Расеі». Абедзьве згадкі зьніклі з сайта ЦБС літаральна праз пару дзён.
  • 11 ліпеня 2023 году з тэрыторыі горадзенскага чыгуначнага вакзалу прыбралі 30-гадовы памятны знак паўстанцам 1863 году. Яго замянілі на памятную шыльду савецкім партызанам. Тады Бондарава таксама хвалілася, што спрычынілася да зьнікненьня знака. Пазьней стала вядома, што памятны знак дэмантавалі супрацоўнікі Горадзенскай гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, а горадзенскія чыноўнікі сьцьвярджалі, што нічога пра гэта ня ведаюць.
  • Апошнім часам рэжым Лукашэнкі ўсяляк намагаецца сьцерці памяць пра Кастуся Каліноўскага і паўстаньне 1863 году. Так, у Старых Дарогах у прыватным музэі ўжо спачылага Анатоля Белага зьнік барэльеф у гонар Кастуся Каліноўскага, на гістфаку БДУ падчас рамонту зьнішчылі керамічнае пано Каліноўскага і яго паўстанцаў, а ў чэрвеня 2024 году кобрынскія дэпутаты пастанавілі перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў вуліцу Пятра Машэрава. Як стала вядома СМІ, што падчас праверкі бібліятэчных фондаў загадана схаваць глыбока ў архівы ўсе кнігі пра паўстаньне 1863 году і асобу Кастуся Каліноўскага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG