Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладныя камуністы выступілі супраць перайменаваньня вуліцы Каліноўскага ў Менску


Понімнік Кастусю Кліноўскаму ў Вільні, Літва. Ілюстрацыйнае фота
Понімнік Кастусю Кліноўскаму ў Вільні, Літва. Ілюстрацыйнае фота

У канцы траўня прарасейская арганізацыя «Рух „Саюз“» зьвярнулася да Палаты прадстаўнікоў і Менскага гарсавету з прапановай перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў вуліцу 17 Верасьня. Аднак супраць гэтай прапановы выступілі праўладныя камуністы.

Зварот супраць перайменаваньня вуліцы Каліноўскага ў вуліцу 17 Верасьня апублікаваў тэлеграм-канал «Сабліна», заўважыла «Наша ніва». Каардынацыйная рада левапатрыятычных сіл «Адзінства» разаслала яго Аляксандру Лукашэнку, старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігару Сергеенку, старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, старшыням Менгарвыканкаму Ўладзіміру Кухараву і Менгарсаветц Арцёму Цурану.

У сваім звароце пад загалоўкам «Супраць перапісваньня гісторыі» камуністы адхілілі абвінавачваньні ў адрас асобы Каліноўскага, агучаныя прарасейскай арганізацыяй «Рух „Саюз“».

Камуністы адзначылі, што розныя сілы, у тым ліку калябарацыяністы, спрабавалі выкарыстаць для «антысавецкай прапаганды» паўстаньне 1863 году і імя Каліноўскага, але гэта не адвярнула ад іх савецкіх гісторыкаў.

На спробы выставіць дзейнасьць Каліноўскага антыбеларускай, адкрыта прапольскай на падставе вытрымак зь «Лістоў з-пад шыбеніцы» камуністы адказалі абвінавачваньнем прарасейскіх актывістаў у тым, што яны змаўчалі пра шматлікія выказваньні паўстанца супраць царскага самадзяржаўя і «паноў».

Камуністы зьвярнулі ўвагу, што ў «Вялікай савецкай энцыкляпэдыі», «Беларускай савецкай энцыкляпэдыі», «Гісторыі Беларускай ССР» і ў дасьледаваньнях выбітных гісторыкаў дзейнасьць Каліноўскага ацэньвалася станоўча. А таму прысваеньне вуліцам імя Каліноўскага, «змагара супраць прыгнёту сялянства з боку царызму і памешчыкаў», за савецкім часам выглядае цалкам абгрунтаваным. Прытым адбылося гэта яшчэ ў часы да «перабудовы», напісалі аўтары звароту.

Аўтары адзначылі, што неабходнасьць вуліцы 17 Верасьня не выклікае сумненьняў. Але перайменаваньне вуліцы Каліноўскага яны лічаць правакацыяй, скіраванай на дэсаветызацыю беларускай гістарычнай навукі, на перапісваньне гісторыі краіны.

Аўтары звароту таксама прыгадалі словы Аляксандра Лукашэнкі пра асобу Каліноўскага.

«Ён [Каліноўскі] дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце, грамадзянінам. Гэта быў чалавек нашай дзяржавы, і ад гэтага нікуды не дзенесься», — прызнаваўся ў 2019 годзе Лукашэнка.

Пад зваротам левапатрыятычных арганізацый падпісаліся былы дэпутат Валер Драко, старшыня савета аб’яднаньня «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасьць», Васіль Зелікаў, старшыня грамадзкага абʼяднаньня «Айчына», Леанід Школьнікаў, сакратар абʼяднаньня «За Саюз і Камуністычную партыю Саюзу», і Генрых Сіманоўскі, сакратар каардынацыйнай рады «Адзінства».

Хто такі Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі, палітык, публіцыст, адзін зь лідэраў нацыянальна-вызваленчага паўстаньня беларусаў, палякаў і літоўцаў 1863-1864 гадоў. Ён стаў нацыянальным героем беларусаў.

Паўстанцкія атрады, узначаленыя Каліноўскім, дзейнічалі ў асноўным на тэрыторыі цяперашняй Беларусі і вялі ўзброеную барацьбу з войскамі Расейскай імпэрыі.

Паўстаньне Каліноўскага расейцы разграмілі. У студзені 1864 году Каліноўскага схапілі царскія жандары ў Вільні. Ваенна-палявы суд пастанавіў пакараць яго сьмерцю. Яму было 26 гадоў.

Парэшткі Кастуся Каліноўскага былі знойдзеныя і ўрачыста пахаваныя ў Вільні ў 2019 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG