Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўніца Польскага інстытуту міжнародных адносінаў заявіла, што ёю цікавіцца КДБ Беларусі


Анна Марыя Дынэр
Анна Марыя Дынэр

Аналітык праекту Polityka Insight, супрацоўніца Польскага інстытуту міжнародных адносінаў Анна Марыя Дынэр, якая спэцыялізуецца на тэме Беларусі, заявіла, што трапіла на «прыцэл» беларускага КДБ.

Пра гэта Анна Марыя Дынэр расказала ў інтэрвію праекту Didaskalia. Яна пачала з таго, што апошнім часам яна з калегамі шмат пісала пра мігранцкі крызіс, памылкі Лукашэнкі, усё большую залежнасьць Беларусі ад Масквы і іншыя тэмы, датычныя дыктатуры ў суседняй дзяржаве.

Паліталягіня адзначыла, што такую дзейнасьць згадалі ў прапагандысцкім фільме на тэлеканале ОНТ, калі там расказвалі пра калегу Дынэр Андрэя Паротнікава, якога асудзілі на турэмны тэрмін.

Дынэр адзначыла: калегі хутка зарыентаваліся, што Паротнікава змушаюць да правакацыі супраць калегаў, але гэта не перашкодзіла прапагандыстам Лукашэнкі выкарыстаць некаторыя моманты ліставаньня ў сваім фільме.

Дынэр адзначыла: у канцы лета 2022 году яна адчула, што сама апынулася «на прыцэле» беларускага КДБ. Яна была ў Супрасьлі на Падляшшы і атрымала паведамленьне, што адзін з падазраваных у шпіянажы шукаў ейных кантактаў. А праз паўгода яна атрымала ліст з Вайсковай пракуратуры, што зьяўляецца пацярпелай у справе.

Высьветлілася, што ў адным горадзе Вялікапольскага ваяводзтва паліцыянт незаконным спосабам шукаў дадзеныя Дынэр, а пазьней гэта было выкрыта расьсьледаваньнем супраць падазраванага ў шпіянажы. Былы падначалены паліцыянта, які, як высьветлілася таксама пазьней, меў сувязі зь меркаваным шпіёнам, папрасіў калегу пашукаць тыя зьвесткі, ня кажучы, навошта яны яму.

Такім чынам, лічыць яна, шпіёны часам выкарыстоўваюць польскіх супрацоўнікаў службаў «уцёмную», каб здабыць каштоўную для спэцслужбаў Лукашэнкі і Пуціна інфармацыю. Гэтая гісторыя, на думку Дынэр, паказала, што сыстэма абароны ў сучаснай Польшчы не дасканалая.

Акрамя таго, Анна Дынэр узгадала здарэньне з аўтамабілем, але не раскрыла падрабязнасьцяў.

Аб пагрозах з боку ўладаў Беларусі раней казалі намесьнік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка і кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

Хто такі Андрэй Паротнікаў?

Андрэй Паротнікаў — беларускі палітоляг, спэцыяліст у праблемах бясьпекі. Кіраўнік аналітычнага цэнтру Belarus Security Blog; сябра рады арганізацыі «Правы альянс» (2010–2011). Затрыманы ў сакавіку 2023 году ў Маскве.

Пасьля затрыманьня Паротнікава дзяржаўны тэлеканал ОНТ выпусьціў фільм, у якім расказвалася: Паротнікава абвінавачваюць у тым, што ён веў свой блог і зьбіраў аналітыку аб Беларусі, а таксама перапісваўся з калегамі-экспэртамі. Праваабаронцы прызналі Андрэя Паротнікава палітвязьнем. Яму пагражае 15 гадоў зьняволеньня за «здраду дзяржаве».

Паводле крыніц, доўгі час сьледчых дзеяньняў па справе Андрэя Паротнікава зь ягоным удзелам не вялося, але ў 2024 годзе сьледчыя актывізаваліся.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG