Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вальфовіч заявіў аб ліквідацыі беларускага асяродку «ўкраінскай анархічнай арганізацыі», пра якую раней вядома не было


Аляксандар Вальфовіч. Архіўнае фота
Аляксандар Вальфовіч. Архіўнае фота

Улады ў Менску заявілі, што пры гэтым супрацоўнічалі з ФСБ Расеі.

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў аб удзеле Фэдэральнай службы бясьпекі ў апэрацыях КДБ Беларусі, а таксама аб ліквідацыі беларускага асяродку ўкраінскай анархічнай арганізацыі, дзе нібыта рыхтавалі тэракты ў памяшканьнях упраўленьняў унутраных спраў.

«Была выяўленая і спыненая дзейнасьць актывістаў беларускай ячэйкі ўкраінскага анархісцкага руху „Народная вызваленчая армія“, якія рыхтавалі тэрарыстычныя акты ў будынках упраўленьняў унутраных спраў і пракуратуры аднаго з найбуйнейшых раённых цэнтраў Беларусі», — сказаў Аляксандар Вальфовіч у інтэрвію дзяржаўнаму выданьню sb.by.

Паводле яго, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі супольна з ФСБ Расеі «спынялі дзейнасьць групы беларускіх грамадзян, якія па заданьні ўкраінскіх спэцслужбаў ажыцьцяўлялі незаконнае транспартаваньне празь дзяржаўную мяжу сродкаў паражэньня і арганізоўвалі на тэрыторыі Беларусі схованкі для іх наступнага выкарыстаньня трэцімі асобамі пры ўчыненьні актаў тэрарызму на тэрыторыі Расеі».

Ніякіх доказаў сваім словам Аляксандар Вальфовіч не прывёў.

Пра існаваньне «Народнай вызваленчай арміі» ўкраінскіх анархістаў нічога не вядома.

Якія арганізацыі анархістаў ёсьць ва Ўкраіне

Ва Ўкраіне дзейнічаюць некалькі розных анархічных арганізацый. Найбольш вядомыя — «Прамое дзеяньне» («Пряма дія»), ​супольнасьць украінскіх анархістаў «Чорны сьцяг», «Рэвалюцыйная канфэдэрацыя анархістаў-сындыкалістаў» («Революційна конфедерація анархістів-синдикалістів»), Асацыяцыя рухаў анархістаў (Асоціація рухів анархістів).

Але большасьць анархістаў Украіны не ўваходзяць да пэўных арганізацый — яны маглі далучацца да любых акцый, якія адпавядалі іхным ідэям. Усе яны лічаць сябе антыфашыстамі.

Вядома, што ўкраінскія анархісты ў 2017 і ў 2020 гадах прыходзілі на акцыі да амбасады Беларусі ва Ўкраіне, каб патрабаваць вызваленьня актывістаў, затрыманых у часе «Маршу недармаедаў» і спыніць гвалт з боку міліцыянтаў да ўдзельнікаў пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў.

У публічнай інфармацыйнай прасторы ва Ўкраіне не згадвалася такая анархічная арганізацыя, як «Народная вызваленчая армія».

У якіх справах фігуравалі анархісты

6 верасьня 2022 году ў Беларусі абвясьцілі выракі ў справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня», у якой фігуравалі 10 чалавек — праваабаронца Марфа Рабкова, валянтэр ПЦ «Вясна» Андрэй Чапюк, анархісты Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандар Францкевіч, Аляксандар Казьлянка, антырасіст Андрэй Марач, а таксама Павал Шпетны, Аляксей Галаўко, Даніла Чуль і Мікіта Дранец. Іх пазбавілі волі на розныя тэрміны — ад 5 да 17 гадоў, агулам на 94 гады турмы. У лютым 2023 году Вярхоўны суд Беларусі крыху зьменшыў пакараньні пасьля разгляду апэляцыі на выракі.

У віну ім выставілі, сярод іншага:

  • Лямпачкі з фарбай, кінутыя ў шчыт зь міліцэйскай інфармацыяй у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Лямпачкі з фарбай, кінутыя ў будынак БТ у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Дымавая шашка, кінутая ў будынак берасьцейскага ГУБАЗіКу ў 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Удзел у «Маршы недармаедаў» у 2017 годзе ў Берасьці (арт. 342 КК).
  • Падпал «кактэйлямі Молатава» Гомельскай падатковай інспэкцыі ў 2017 годзе (ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 339, ч. 3 арт. 218 КК).
  • Падпал рэклямнага шчыта ў Івацэвічах у 2017 годзе (ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 339, ч. 3 арт. 218 КК).
  • Перакрыцьце трасы М1 на выезьдзе зь Берасьця ў 2018 годзе (арт. 342 КК РБ).
  • Графіці супраць Эўрапейскіх гульняў у 2019 годзе (арт. 341 КК).
  • Першамайскае графіці ў Берасьці ў 2020 годзе (арт. 341 КК)
  • Арганізацыя, удзел і фінансаваньне «масавых беспарадкаў» (ч.1, 2 і 3 арт. 293 КК).
  • Дзеяньні, накіраваныя на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361 КК).
  • Распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК).
  • Стварэньне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем (ч. 1 арт. 361-1 КК).
  • Стварэньне і кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй (ч. 1 арт. 285 КК).
  • У іншай справе, якую пачалі расьсьледаваць пасьля затрыманьня ў Лельчыцкім раёне «ўдзельнікаў дывэрсійна-выведнай групы», анархісты ўвогуле не фігуравалі. Тады КДБ Беларусі назваў «дывэрсантамі» двух украінцаў і аднаго беларуса.

У канцы кастрычніка 2024 году кожнага зь іх асудзілі на 20 гадоў калёніі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG