Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС раіць не рызыкаваць паездкамі ў Літву. Што іх так хвалюе


Анатоль Глаз
Анатоль Глаз

У Міністэрстве замежных спраў раяць грамадзянам не рызыкаваць паездкамі ў Літву. З такім заклікам выступіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

З 18 студзеня Літва плянавала забараніць знаходжаньне на сваёй тэрыторыі машын зь беларускімі нумарамі, але нечакана адмяніла гэтае рашэньне.

«Ніякіх сур’ёзных або доўгатэрміновых гарантый няма, адказнага падыходу — таксама. Самыя сур’ёзныя рашэньні прымаюцца з лёгкасьцю, пры адсутнасьці прававых і маральна-этычных рамак, без дыскусіі і дэмакратычных абмежаваньняў. Сёньня забарона, заўтра — адмена, пасьлязаўтра зноў забарона. І ў любы момант можа быць яшчэ што заўгодна», — сказаў Анатоль Глаз.

«Няхай лепш сваякі прыязджаюць у нашу гасьцінную Беларусь, у бязьвізавым парадку, не баючыся канфіскацыі аўтамабіля, па зразумелых і гарантаваных правілах уезду і знаходжаньня», — раіць дыпламат.

Паводле зьвестак цэнтра «Вясна», на 18 студзеня ў Беларусі ў зьняволеньні застаюцца 1244 чалавекі, пазбаўленыя свабоды па палітычных матывах. Сьпіс палітвязьняў напярэдадні так званых прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Беларусі праз тыдзень, 26 студзеня, працягвае папаўняцца.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі пачасьціўся перасьлед іншаземцаў за «агентурную дзейнасьць» (арт. 358-1 КК).

Пад яго ўжо трапілі грамадзяне Ўкраіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Японіі, Нямеччыны. За «агентурную дзейнасьць» у Беларусі на сёньняшні дзень асудзілі як мінімум 19 чалавек. У сукупнасьці зь іншымі артыкуламі ім прызначылі агулам 135 гадоў зьняволеньня.

Што з уездам беларусаў у Літву на аўтамабілях зь беларускімі нумарамі

Літоўскія памежнікі ўдакладнілі, што на тэрыторыю Літву будуць дазваляць уяжджаць на беларускіх машынах тым грамадзянам Беларусі, якія маюць сапраўдную візу Літоўскай Рэспублікі або дзейны дазвол на часовае ці сталае пражываньне ў Літве і зьяўляюцца кіроўцамі такіх машын. Пры гэтым машына павінна прызначацца толькі для выкарыстаньня ў асабістых мэтах, а не для продажу.

Апроч таго, дазволілі ўяжджаць на тэрыторыю Літвы на легкавым аўтамабілі, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну краіны Эўразьвязу — рэзыдэнту Беларусі, які пры паездках у краіны ЭЗ кіруе гэтым транспартным сродкам.

Ва ўсіх іншых выпадках для праезду на тэрыторыю Літвы на машыне зь беларускімі нумарамі трэба будзе атрымаць дазвол Міністэрства эканомікі і інавацыяў Літвы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG