Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куба вызваліла 127 палітвязьняў, у тым ліку лідэра апазыцыі, у рамках угоды з Байдэнам. ФОТА


Хуан Яньер Антамарчы Нуньнес (у цэнтры) ідзе па Гаване, Куба, 16 студзеня 2025, пасьля ўмоўнага вызваленьня з-пад варты за ўдзел у антыўрадавых пратэстах 2021 году
Хуан Яньер Антамарчы Нуньнес (у цэнтры) ідзе па Гаване, Куба, 16 студзеня 2025, пасьля ўмоўнага вызваленьня з-пад варты за ўдзел у антыўрадавых пратэстах 2021 году

Куба вызваліла 127 зьняволеных, у тым ліку лідэра апазыцыі Хасэ Даніеля Фэрэра, у выніку знакавага пагадненьня з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам, які пакідае пасаду.

54-гадовы Хасэ Даніель Фэрэр зьяўляецца самым вядомым са зьняволеных, якіх Куба пачала вызваляць у сераду пасьля таго, як Байдэн пагадзіўся выключыць краіну са сьпісу спонсараў тэрарызму.

«Дзякуй Богу, што ён у нас дома», — сказала Нэльва Артэга агенцтву AFP пра свайго мужа Фэрэра, які апошнія два дзесяцігодзьдзі то трапляў у турму, то выходзіў зь яе. Яго апошняе зьняволеньне доўжылася 3 з паловай гады.

Неўзабаве пасьля свайго вызваленьня ў чацьвер Фэрэр у радыёпраграме ў Маямі заклікаў кубінцаў «не баяцца» супрацьстаяць ураду, які, паводле яго, «усё больш напалоханы» і «ўсё больш слабы».

Хасэ Даніель Фэрэр, 2016
Хасэ Даніель Фэрэр, 2016

Узамен за выдаленьне са сьпісу дзяржаў – спонсараў тэрарызму, які ўключае Паўночную Карэю, Іран і Сырыю, Куба, якая адчувае нястачу сродкаў, паабяцала ЗША вызваліць 553 чалавекі, многіх зь якіх адміністрацыя Байдэна назвала «палітычнымі зьняволенымі».

Хасэ Антоніё Гансалес Герэра, зьняволены за ўдзел у антыўрадавых пратэстах у ліпені 2021 году, пасьля вызваленьня з турмы ў раёне Сан-Мігель-дэль-Падрон у Гаване,16 студзеня 2025
Хасэ Антоніё Гансалес Герэра, зьняволены за ўдзел у антыўрадавых пратэстах у ліпені 2021 году, пасьля вызваленьня з турмы ў раёне Сан-Мігель-дэль-Падрон у Гаване,16 студзеня 2025

Большасьць зь іх былі арыштаваныя за ўдзел у масавых антыўрадавых дэманстрацыях у ліпені 2021 году праз пэрыядычныя адключэньні электраэнэргіі, дэфіцыт харчу і рост цэнаў.

Марысэля Соса, віцэ-прэзыдэнтка Вярхоўнага суду Кубы, заявіла, што «зь серады па чацьвер 127 (затрыманых) былі вызваленыя датэрмінова».

Дарыель Крус Гарсія дае інтэрвію ў Гаване, Куба, 16 студзеня 2025, пасьля ўмоўнага вызваленьня з-пад варты за ўдзел у антыўрадавых пратэстах 2021 году
Дарыель Крус Гарсія дае інтэрвію ў Гаване, Куба, 16 студзеня 2025, пасьля ўмоўнага вызваленьня з-пад варты за ўдзел у антыўрадавых пратэстах 2021 году

Улады не апублікавалі ні сьпісу, ні графіку вызваленьня.

AFP бачыла чатырох зьняволеных, якія выйшлі з турмы Сан-Мігель-дэль-Падрон на ўскраіне сталіцы Гаваны ў чацьвер.

Марлон Брандо Дыяс, які адбываў 18-гадовы тэрмін зьняволеньня за ўдзел у пратэстах 2021 году, са сьлязамі сказаў, што ўдзячны за «новы шанец у жыцьці».

«Гэта новы пачатак», — сказаў ён, абдымаючы сваю сям'ю.

Угода з Вашынгтонам адкрывае шлях для павелічэньня інвэстыцый ЗША ў карыбскі востраў, які знаходзіцца пад гандлёвым эмбарга больш за шэсьць дзесяцігодзьдзяў.

У знак таго, што адліга можа быць кароткачасовай, выбраны Трампам на пасаду дзяржсакратара сэнатар ад Флорыды Марка Рубіё выказаў здагадку, што рашэньне Байдэна можа быць адмененае.

Сын кубінскіх імігрантаў, Рубіё рэзка крытыкуе ўрад гэтай краіны і заявіў, што будучая адміністрацыя Трампа не зьвязаная палітыкай Байдэна.

«У мяне няма ніякіх сумненьняў у тым, што яны (кубінскі ўрад) адпавядаюць усім патрабаваньням быць спонсарамі тэрарызму», — сказаў ён на слуханьнях у Сэнаце ЗША ў сераду.

Аналітыкі кажуць, што Куба можа цягнуць час, каб гарантаваць, што Трамп будзе трымацца ўгоды, калі вернецца ў Белы дом на наступным тыдні, а астатнія зьняволеныя будуць служыць разьменнай манэтай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG