Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выключылі Кубу са сьпісу дзяржаў – спонсараў тэрарызму ў абмен на вызваленьне палітвязьняў

абноўлена

Амбасада ЗША ў Гаване, 2024
Амбасада ЗША ў Гаване, 2024

Пакуль няясна, колькі кубінскіх палітзьняволеных будзе вызвалена.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выключыў Кубу са сьпісу дзяржаў – спонсараў тэрарызму, заявілі ў аўторак у Белым доме, у рамках пагадненьня, паводле якога пратэстоўцы, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, будуць вызваленыя кубінскімі ўладамі.

Гэтае рашэньне, магчыма, будзе адмененае пасьля вяртаньня на пасаду прэзыдэнта Дональда Трампа на наступным тыдні. Трамп вярнуў Кубе гэты статус у апошнія дні свайго першага тэрміну ў 2021 годзе, піша «Голас Амэрыкі».

«Ацэнка завершана, і ў нас няма інфармацыі, якая пацьвярджае, што Куба зьяўляецца дзяржавай – спонсарам тэрарызму», — заявіў журналістам высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі. Ён дадаў, што Каталіцкая царква «адыгрывае важную ролю» ў прасоўваньні пагадненьня з Кубай для гуманітарнага вызваленьня «палітычных зьняволеных на Кубе і тых, хто быў несправядліва затрыманы».

Пасьля заявы адміністрацыі Байдэна ўрад Кубы 14 студзеня аб’явіў аб вызваленьні 553 зьняволеных. Паводле МЗС Кубы, заплянаванае вызваленьне вязьняў будзе праходзіць паэтапна.

Міністар замежных спраў Кубы Бруна Радрыгес назваў рашэньне ЗША крокам у правільным напрамку, а таксама заклікаў пакласьці канец гандлёваму эмбарга ЗША супраць Кубы, які дзейнічае з 1962 году.

Куба на працягу больш за 60 гадоў знаходзіцца пад санкцыямі з боку ЗША. Кубінскі ўрад вінаваціць санкцыі ў эканамічным крызісе, які пачаўся ў краіне і суправаджаецца нястачай паліва, харчу, лекаў і электрычнасьці. Аналітыкі лічаць, што пандэмія COVID-19, якая разбурыла турыстычную галіну, а таксама неэфэктыўнае кіраваньне эканомікай з боку ўраду, значна пагоршылі сытуацыю.

Адключэньні электраэнэргіі і рэзкі рост цэнаў на прадукты прывялі да беспрэцэдэнтных антыўрадавых пратэстаў каля трох гадоў таму. Тысячы кубінцаў выйшлі на вуліцы ў ліпені 2021 году з крыкамі «Мы галадаем!» і «Свабода!», што стала рэдкім выклікам ураду. Падчас пратэстаў, якія, на думку кубінскага ўраду, былі арганізаваныя Вашынгтонам, загінуў адзін чалавек, дзясяткі атрымалі раненьні. Па зьвестках праваабарончых арганізацый, сотні людзей былі арыштаваныя, а некаторыя атрымалі працяглыя турэмныя тэрміны.

Прэзыдэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль раней назваў амэрыканскія санкцыі «генацыдам» і заявіў, што ягоная краіна гатовая да «яшчэ больш складаных абставінаў» пасьля абраньня Трампа. Куба таксама гатовая да «дыялёгу» з новай адміністрацыяй, дадаў Дыяс-Канэль, выступаючы празь некалькі тыдняў пасьля перавыбраньня Трампа.

Першы прэзыдэнцкі тэрмін Трампа, з 2017-га па 2021 год, суправаджаўся ўзмацненьнем жорсткасьці санкцый, якія дзейнічаюць супраць Кубы з 1962 году.

Саюзьнікі новага прэзыдэнта неадкладна раскрытыкавалі Байдэна за рашэньне аб выключэньні Кубы са сьпісу спонсараў тэрарыстаў. Тэд Круз, член сэнацкага Камітэта міжнародных адносін, амэрыканец кубінскага паходжаньня, назваў гэта «патураньнем кубінскаму рэжыму». «Гэтыя меры наносяць неймаверную шкоду нацыянальнай бясьпецы ЗША і пасылаюць паведамленьне нашым супернікам аб тым, што яны могуць разьлічваць на адступленьне дэмакратычных адміністрацый перад рэспубліканскімі», — заявіў Круз.

Трамп намінаваў сэнатара Марка Рубіё, вядомага крытыка камунізму, на пасаду дзяржсакратара.

У заяве Белага дома таксама гаворыцца, што Байдэн скасоўвае частку так званага Акту Libertad, які ляжыць у аснове амэрыканскага эмбарга супраць Кубы, што пазбаўляе грамадзян права падаваць пазовы ў амэрыканскія суды супраць асоб, зьвязаных з уласнасьцю, канфіскаванай на Кубе.
Акрамя таго, Байдэн адмяніў палітыку эпохі Трампа пад назвай «Нацыянальны мэмарандум аб бясьпецы № 5», якая ўводзіла абмежаваньні на фінансавыя транзакцыі з пэўнымі кубінскімі арганізацыямі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG