Газэта The New York Times сабрала меркаваньні экспэртаў аб патэнцыйнай рызыцы для здароўя ад мікраплястыку, які ўтрымліваецца ў некаторых чайных пакеціках.
Сёньня плястык прысутнічае амаль ва ўсім, што нас атачае. Адзеньне, абутак, посуд, бутэлькі з вадой, кантэйнэры для ежы на вынас, кухонныя дошкі — усё гэта можа складацца цалкам ці часткова з плястыку. Цяжка вызначыць усе прадметы, якія падвяргаюць нас узьдзеяньню мікраскапічных часьцінак плястыку.
У гэтым сьпісе ёсьць і некаторыя чайныя пакецікі. У дасьледаваньні 2024 году навукоўцы выявілі, што заварваньне гарбаты з выкарыстаньнем чайнага пакеціка, вырабленага з плястыкавага поліпрапілену, выдзяляе каля 1,2 мільярда дробных часьцінак плястыка на мілілітар гарбаты.
«Гэта даволі шмат», — кажа прафэсар з амэрыканскага Ўнівэрсытэту Дзюка Марк Візнэр.
Але, нягледзячы на асьцярогі, экспэрты кажуць, што пакуль няма дастатковых падстаў адмаўляцца ад любімага напою. Насамрэч, мы дагэтуль ня ведаем дакладна, ці можа мікраплястык наносіць шкоду здароўю.
Ці ўсе чайныя пакецікі ўтрымліваюць плястык?
Пакецікі вырабляюцца з розных матэрыялаў. Многія зь іх складаюцца з паперы, якая сама па сабе вырабленая з расьлінных валокнаў (цэлюлозы, дрэва і пянькі) і гнуткага плястыку (нэйлёну і поліпрапілену). Некаторыя чайныя пакецікі робяцца з новага матэрыялу — так званага біяраскладальнага плястыку — полімалочнай кіслаты.
Чайныя пакецікі, зробленыя з паперы, тэарэтычна вылучаюць менш мікраплястыку (ці наогул не вылучаюць яго) у параўнаньні з цалкам плястыкавымі вэрсіямі, кажа Гэйлі Гэмпсан, навуковы супрацоўнік, які вывучае мікраплястык ва Ўнівэрсытэце Паўднёвай Каліфорніі і Вашынгтонскім унівэрсытэце. Але звычайнаму карыстальніку не заўсёды ўдаецца вызначыць, з чаго зроблены чайны пакецік.
Пры гэтым няма ніякай гарантыі, што нават папяровыя чайныя пакецікі не ўтрымліваюць плястыку, кажа доктар Гэмпсан. Некаторыя з пакецікаў могуць быць запячатаныя гнуткім плястыкам (напрыклад, поліпрапіленам) ці мець плястыкавае пакрыцьцё на вяровачцы.
У дасьледаваньні 2021 году дасьледчыкі выявілі плястык у пяці з шасьці брэндаў чайных пакецікаў, якія яны купілі ў Ірляндыі. Пры гэтым чатыры зь іх, на першы погляд, былі зробленыя з паперы.
«Існуе мноства схаваных шляхоў, па якіх плястык можа патрапіць у чайныя пакецікі», — кажа доктар Гэмпсан.
Ці шкодзіць мікраплястык нашаму здароўю?
Мікраплястык можа трапляць у кроў і тканкі арганізму зь ежы і з паветра.
«Ён ня проста праходзіць праз стрававальны тракт і выводзіцца з арганізму, — кажа доктар Гэмпсан. — Але высьветліць, ці сапраўды тыя часьцінкі шкодзяць здароўю, было складана».
Апошнім часам навукоўцы сьцьвярджаюць, што выявілі патэнцыйную сувязь паміж узьдзеяньнем мікраплястыку і такімі захворваньнямі, як запаленчыя хваробы кішэчніка, сардэчна-судзінныя хваробы і анкалягічныя хваробы.
«Але гэтыя дасьледаваньні маюць абмежаваны характар і пакуль незразумела, ці менавіта мікраплястык выклікаў такія цяжкія наступствы для здароўя, — кажа доктар Гэмпсан. — Каб высьветліць гэта, патрэбныя рэндамізаваныя дасьледаваньні, у якіх адна група людзей спажывае мікраплястык, а іншая — не. Гэта было б неэтычна, паколькі нельга прымушаць некага спажываць рэчыва, якое можа яму нашкодзіць. Таму навкоўцы павінны пакладацца на менш строгія дасьледаваньні».
Дацэнт катэдры мэдыцыны і інфэкцыйных захворваньняў ва Ўнівэрсытэце Каларада Сучжао Лі выявіла, што калі арганізм распазнае мікраплястык як чужародны, імунныя клеткі атакуюць яго, выклікаючы запаленьне. Менавіта гэтым можа растлумачыць патэнцыйную сувязь паміж мікраплястыкам і запаленчымі хваробамі кішэчніка ці хваробамі сэрца, мяркуе дасьледчыца. Але дасьледаваньне доктаркі Лі ўсё яшчэ знаходзіцца на раньняй стадыі і да канчатковых высноваў пакуль далёка.
«Мікраплястык — гэта нешта новае ў навуковай сфэры, — сказала яна. — Мы проста пакуль шмат чаго ня ведаем».
Як можна абараніць сябе ад мікраплястыку ў чайных пакеціках?
Калі вас турбуе рызыка трапляньня мікраплястыку ў арганізм, экспэрты прапануюць некалькі спосабаў зьменшыць яго ўзьдзеяньне:
Выбірайце правільную гарбату
Рассыпны чай — найлепшы спосаб абмежаваць узьдзеяньне мікраплястыку. Можна выбіраць і чайныя пакецікі, вырабленыя з паперы, хоць поўнай гарантыі, што яны не ўтрымліваюць мкіраплястык, няма. Але яны відавочна больш бясьпечныя за плястыкавыя.
Пакецікі можна папярэдне мыць
Некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што кароткачасовае замочваньне чайнага пакеціка ў вадзе пакаёвай тэмпэратуры і яе зьліваньне перад заварваньнем, можа дапамагчы зьменшыць колькасьць мікраплястыку, кажа доктар Гэмпсан. Прамываньне пакеціка пад праточнай вадой таксама дапамагае выдаліць частку плястыка, дадае доктар Візнэр.
Праблема ў тым, што усе гэтыя маніпуляцыі зробяць завараны чай менш смачным.
Пазьбягайце паўторнага награваньня
Калі чай астывае, узьнікае спакуса дадаць у яго больш кіпню. Гэта можа вызваліць з пакеціка новую порцыю плястыку. Калі чай сапраўды астыў, то спачатку дастаньце пакецік, а пасьля дадайце ў кубак гарачай вады.
Не хвалюйцеся
Калі праблема вас моцна турбуе, то можна пастарацца максымальна выдаліць плястык са сваёй кухні. Замяніце плястыкавыя кухонныя дошкі на драўляныя, а плястыкавыя кантэйнэры для ежы на шкляныя. І ня трэба забывацца, што эмоцыі ад добрага напою ці ежы таксама важныя для нашага здароўя.
Форум