І ён вызначыў чатырох кандыдатаў: Альбанію, Малдову, Украіну і Чарнагорыю, піша Рыкард Юзьвяк, эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Справаздача ад 4 лістапада, першая, апублікаваная з моманту фармаваньня новага складу Камісіі ў канцы мінулага году, мае мэтай ацаніць прагрэс (ці яго брак) 10 прэтэндэнтаў на ўступленьне ў ЭЗ, сярод якіх таксама Босьнія і Герцагавіна, Грузія, Косава, Паўночная Македонія, Сэрбія і Турэччына.
Паводле брусэльскіх службоўцаў, пашырэньне ЭЗ зноў стала актуальнай тэмай. Апошняй краінай, якая далучылася да ЭЗ, была Харватыя ў 2013 годзе, і з таго часу блёк фактычна ўпершыню скараціўся, калі у 2020 годзе Вялікая Брытанія выйшла з ЭЗ. У гадавой справаздачы за 2025 год гаворыцца, што «гэта першы мандат Камісіі з 2010–2014 гадоў, калі, з увагі на паскарэньне тэмпаў працэсу для некаторых краін-кандыдатаў, ёсьць рэальная магчымасьць пашырэньня» і што ўвесь працэс «цяпер рухаецца хутчэй, чым за апошнія 15 гадоў».
Зьмена тэмпаў зьвязаная з поўнамаштабным нападам Расеі на Ўкраіну, прычым кіраўніца замежнай палітыкі ЭЗ Кая Калас адзначыла, што «геапалітычныя зрухі выразна сьведчаць аб неабходнасьці пашырэньня. Пашырэньне — гэта не дадатковая прыемнасьць; гэта неабходнасьць, калі мы хочам быць мацнейшым гульцом на ўсясьветнай арэне», — заявіла яна.
Стаўка на Чарнагорыю
Подгарыца імкнецца завяршыць перамовы аб уступленьні ў ЭЗ да канца 2026 году. У справаздачы адзначана, што краіна «на шляху да дасягненьня гэтай амбітнай мэты».
У рэшце рэшт, гэта не рашэньне Эўрапейскай камісіі і не рашэньне краін-кандыдатаў. 27 краін ЭЗ аднагалосна вырашаюць, ці адкрываць і закрываць 33 разьдзелы перамоваў аб уступленьні, якія ахопліваюць усе сфэры фукцыянаваньня дзяржавы і якія мусяць прыняць краіны — прэтэндэнты на ўступленьне ў ЭЗ, каб адпавядаць крытэрам і стаць паўнапраўнымі сябрамі блёку.
Подгарыца вядзе перамовы ўжо 13 гадоў, і, хоць яна адкрыла перамовы аб усіх 33 разьдзелах, закрыць ёй удалося толькі сем. Аднак гэта адбылося пераважна за апошнія 12 месяцаў, што сьведчыць аб дынаміцы працэсу. У сьнежні Чарнагорыя плянуе закрыць яшчэ пяць разьдзелаў. Паводле чутак з дыпляматычных крыніц, краіна цалкам можа стаць дзяржавай — чальцом ЭЗ «нумар 28 у 2028-м».
Альбанія — наступная найлепшая стаўка
Альбанія можа быць наступнай найлепшай стаўкай у прагназаваньні далучэньня. Урад у Тыране спадзяецца завяршыць перамовы ў 2027 годзе, і камісія лічыць, што гэта магчыма. Прагрэс Альбаніі як кандыдата за апошнія 12 месяцаў быў проста ашаламляльным: ёй удалося адкрыць 28 з 33 разьдзелаў, і яна плянуе пачаць перамовы аб апошніх пяці ў гэтым месяцы. Аднак галоўнае — закрыць разьдзелы перамоваў, а гэта больш складана.
Тырана таксама сутыкаецца з праблемай PR: хоць Альбанія — пэрспэктыўны турыстычны кірунак і многія эўрапейцы купляюць там прыбярэжную нерухомасьць, краіна ўсё яшчэ мае нэгатыўную рэпутацыю рассадніку арганізаванай злачыннасьці.
Таму ня дзіва, што Эўрапейская камісія рэкамэндуе Тыране прыкласьці яшчэ больш намаганьняў у «расьсьледаваньнях наркагандлю і лепшага выяўленьня й ліквідацыі злачынных груповак».
А што наконт Малдовы і Ўкраіны?
Тым часам Малдова і Ўкраіна застаюцца моцна «спалучанымі», якімі яны былі з моманту падачы заявак на сяброўства ў 2022 годзе, нягледзячы на сёлетнія чуткі пра тое, што іх разьдзеляць. Пракладаньне свайго ўласнага шляху дазволіла б Малдове пачаць перамовы аб далучэньні, бо Ўкраіну ўжо больш за год блякуе Вугоршчына; сытуацыя, падобна, застанецца тупіковай да наступных парлямэнцкіх выбараў у Вугоршчыне ў красавіку 2026 году.
Малдова спадзяецца далучыцца да ЭЗ у 2028 годзе, а Ўкраіна ўважае, што можа далучыцца цягам гэтага дзесяцігодзьдзя, нягледзячы на працяг вайны. Абедзьве краіны атрымалі найлепшыя на сёньня ацэнкі камісіі , нягледзячы нават на тое, што Кіеў раней сёлета папярэдзілі аб недапушчэньні ўмяшаньня ў дзейнасьць спэцыяльных антыкарупцыйных агенцтваў НАБУ і САП.
Усе дзяржавы — сябры ЭЗ, акрамя Вугоршчыны, пагадзіліся працягнуць тэхнічную працу з Кішынёвам і Кіевам, чакаючы зялёнага сьвятла ад Будапэшту. Ідэя палягае ў тым, каб адразу адкрыць як мага больш перамоўных разьдзелаў. У большасьці сталіц ЭЗ распаўсюджана думка, што можна адкрыць прыкладна палову. Камісар у пашырэньні Марта Кос нават заўважыла, што перамовы аб ўсіх 33 разьдзелах могуць пачацца неадкладна, калі толькі Будапэшт перадумае.
Аптымізацыя працэсу пашырэньня
Тымчасам будуць працягвацца перамовы аб тым, як зрабіць працэс пашырэньня больш практычным.
Вугоршчына — не адзіная краіна, якая мае праблемы з сваімі суседзямі, якія не ўваходзяць у ЭЗ: Баўгарыя зараз блякуе Паўночную Македонію, а Харватыя імкнецца стрымліваць Сэрбію.
Найбольш імаверны спосаб зрабіць пашырэньне дасяжным ужо выкарыстоўваўся ў мінулым — гэта пераходныя пэрыяды. Такі мэханізм быў выкарыстаны пры далучэньні да ЭЗ васьмі краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў 2004 годзе, грамадзянам якіх, напрыклад, не дазвалялася адразу ж пачынаць шукаць працу ў іншых частках Эўразьвязу.
Польшча зь яе вялікім аграрным рынкам таксама не была цалкам інтэграваная ў адзіны рынак ЭЗ за адну ноч. Падобнае пагадненьне для ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі, экспарт якой выклікаў палітычныя праблемы ў пэўных краінах ЭЗ, не выглядала б дзіўным.
З чатырох краін-кандыдатаў Украіну чакае найцяжэйшая барацьба з увагі на яе памер і выклікі вайны. ЭЗ будзе значна лягчэй «праглынуць» Альбанію, Малдову і Чарнагорыю.
Камісар у праблемах пашырэньня ЭЗ Марта Кос зрабіла намёк, згадаўшы, што ў Чарнагорыі жыве прыкладна 600 000 чалавек — столькі ж, колькі ў бэльгійскім партовым горадзе Антвэрпэне, а Альбанія і Малдова маюць насельніцтва менш за 3 мільёны кожная, як Рым.
Таму не зьдзіўляйцеся, калі гэтыя краіны стануць чальцамі ЭЗ у 2028, 2029 і 2030 гадах.