Антыбіётыкі могуць нанесьці шкоду бактэрыям, якія жывуць у кішэчніку і называюцца мікрабіёмам. Добрая навіна, паводле газэты The New York Times, заключаецца ў тым, што гэта не назаўсёды і што стан бактэрыяльнай флёры ў кішэчніку можна аднавіць.
З таго часу, як у 1928 годзе быў адкрыты пэніцылін, антыбіётыкі ператварылі некаторыя невылечныя і небясьпечныя для жыцьця інфэкцыі ў вылечныя. Але падчас зьнішчэньня «дрэнных» бактэрый яны могуць зьнішчаць і «добрыя». А ў апошнія гады навукоўцы атрымліваюць усё больш сьведчаньняў пра важнасьць мікрабіёму для ўсяго арганізму, для мозгу і нават для псыхікі чалавека.
На шчасьце, для большасьці людзей адмоўны ўплыў антыбіётыкаў на мікрабіём кішэчніка носіць часовы характар, кажа гастраэнтэроляг Тыен Донг і дадае, што калі чалавек здаровы, то пасьля курсу антыбіётыкаў мікрабіём можа аднавіцца сам.
Калі ж вы адчуваеце, што антыбіётыкі пакінулі адмоўны сьлед у вашым кішэчніку ці хочаце такога эфэкту пазьбегнуць, варта больш уважліва ставіцца да свайго рацыёну.
Што антыбіётыкі робяць з кішэчнікам
Антыбіётыкі ўплываюць на мікрабіём гэтак жа, як лясныя пажары ўплываюць на расьліны і жывёл у лесе, кажа доктар Донг. Ляндшафт аднаўляецца, але зь меншай разнастайнасьцю, чым раней. Першыя расьліны, якія аднаўляюцца пасьля пажару, — гэта пустазельле, якое расьце паўсюль. Тое ж самае адбываецца ў кішэчніку пасьля антыбіётыкаў, кажа доктар Донг. Першымі бактэрыямі, якія туды вяртаюцца, — гэта так званыя ўнівэрсалы, яны хутка растуць і хутка захопліваюць кішэчнік. У выніку фармуецца менш разнастайны і менш здаровы мікрабіём.
На шчасьце, пэраральныя антыбіётыкі шырокага спэктру дзеяньня не забіваюць усю нашу родную флёру, кажа мікрабіёляг з Канады Эмі Лэнгдан. Падобна таму, як выпадковыя ўчасткі зеляніны могуць выжыць на выпаленым ляндшафце, так і невялікія супольнасьці карысных бактэрый могуць хавацца ў такіх месцах стрававальнага тракту, куды антыбіётыкі ня могуць дабрацца. «І мы разьлічваем, што яны зноў заселяць кішэчнік», — кажа доктарка Лэнгдан.
З часам гэтыя выжыўшыя — разам з новымі бактэрыямі, якія мы набываем зь ежай, ад іншых людзей і хатніх жывёл, — могуць выціснуць пустазельле і аднавіць здаровы мікрабіём.
Гэты працэс можа займаць больш часу для маленькіх дзяцей, пажылых людзей і тых, хто часта прымае антыбіётыкі. Але большасьць здаровых дарослых могуць чакаць, што іх кішэчнік вернецца ў норму на працягу двух-трох месяцаў, кажа доктар Донг.
Што трэба есьці пасьля курсу антыбіётыкаў
Дыета можа быць самым важным элемэнтам аднаўленьня пасьля курсу антыбіётыкаў, кажа імунабіёляг з анкалягічнага цэнтру Ўнівэрсытэту Арызоны Павел Кіела, які дасьледуе мікрабіём кішэчніка. Некаторыя віды ежы лепш стымулююць рост «добрых» мікробаў і перашкаджаюць росту «дрэнных».
Напрыклад, здаровыя кішэчныя бактэрыі, як правіла, аддаюць перавагу клятчатцы, кажа доктар Кіела.
У дасьледаваньні 2021 году навукоўцы перасадзілі чалавечыя фэкальныя бактэрыі дзьвюм групам мышэй: адной на дыеце з нізкім утрыманьнем клятчаткі, а іншай на стандартнай дыеце з мышынага корму, які звычайна зьмяшчае сумесь збожжавых з высокім утрыманьнем клятчаткі. Пасьля таго, як абедзьвюм групам далі курс антыбіётыкаў, разнастайнасьць мірабіёму мышэй на дыеце зь нізкім утрыманьнем абалоніны аднаўлялася павольней, чым у мышэй на стандартнай дыеце. А некаторыя з «добрых» бактэрый у мышэй зь першай групы не аднавіліся наогул, бо іх дыета зь нізкім утрыманьнем клятчаткі дала ім меншую мікробная разнастайнасьць.
У ЗША чыноўнікі аховы здароўя рэкамэндуюць спажываць ня менш за 21–38 грамаў клятчаткі ў дзень у залежнасьці ад узросту і полу. Гэта добрая колькасьць, да якой трэба імкнуцца, кажа доктар Кіела і дадае, што цыбуля, часнок, бананы, спаржа, артышокі, авёс і бабовыя зьяўляюцца выдатнымі крыніцамі клятчаткі.
У некаторых людзей антыбіётыкі могуць выклікаць дыярэю, уздуцьце жывата і спазмы, а прадукты з высокім утрыманьнем клятчаткі могуць пагоршыць гэтыя сымптомы, кажа доктар Донг. Таму, калі вы ня хочаце есьці вялікія порцыі салату і іншай гародніны падчас прыёму лекаў, можна пачакаць, пакуль выкліканыя антыбіётыкамі сымптомы ня зьнікнуць.
Таксама ёсьць доказы, што фэрмэнтаваныя прадукты ці напоі, такія як кімчы або кефір, якія ўтрымліваюць разнастайныя супольнасьці бактэрый, могуць дапамагчы замяніць карысныя бактэрыі, якія вы, магчыма, цалкам страцілі падчас прыёму антыбіётыкаў, кажа доктар Кіела.
Доктарка Лэнгдан таксама прапануе ўключаць у рацыён імбір. Ёсьць доказы, што імбір можа зьменшыць некаторыя сымптомы, зьвязаныя з прыёмам антыбіётыкаў, такія як млоснасьць, уздуцьце жывата і газы. Паспрабуйце заварыць сьвежы імбір у вадзе, каб зрабіць гарбату, ці дадайце сталовую лыжку цёртага імбіра ў смузі, кажа доктарка Лэнгдан.
Ці варта прымаць прабіётыкі
Больш за дзесяць гадоў таму некаторыя дасьледаваньні паказалі, што прабіятычныя дабаўкі могуць дапамагчы пры некаторых пабочных эфэктах антыбіётыкаў, такіх як дыярэя і спазмы. Гэта заахвоціла лекараў рэкамэндаваць прымаць прабіятычныя дабаўкі разам з антыбіётыкамі, кажа доктар Кіела.
Аднак найноўшыя і больш надзейныя дасьледаваньні паказваюць, што прабіятычныя дадаткі не аказваюць істотнага ўплыву на мікрабіём кішэчніка пасьля выкарыстаньня антыбіётыкаў. А некаторыя дасьледаваньні сьведчаць, што яны могуць нават запаволіць аднаўленьне кішэчніка.
Калі абмежаваны спэктар мікраарганізмаў трапляе ў кішэчнік праз дабаўкі, кажа доктар Кіела, яны канкуруюць за месца і ежу і могуць нават выпрацоўваць хімічныя рэчывы, якія не дазваляюць вашым уласным карысным кішэчным бактэрыям аднаўляцца.
Сутнасьць у тым, кажа доктар, што прыём прабіётыкаў, верагодна, «не пашкодзіць». Але ці дапамогуць яны вашаму мікрабіёму аднавіцца да таго стану, у якім ён быў раней, то просты адказ доктара Кіелы: «Не».
Форум