Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 фактараў, якія могуць выклікаць цяжкае цячэньне грыпу


Па меры набліжэньня да зімы і паніжэньня тэмпэратуры паветра ўсё больш людзей пачынаюць хварэць на розныя рэсьпіратарныя хваробы, у тым ліку грып.

Газэта The New York Times сабрала меркаваньні экспэртаў пра фактары рызыкі, якія могуць выклікаць цяжкае цячэньне грыпу.

Што трэба ведаць

У большасьці людзей імунная сыстэма можа перамагчы сымптомы грыпу прыкладна за тыдзень. Але ў некаторых з нас грып можа прывесьці да цяжкіх ускладненьняў, шпіталізацыі і нават сьмерці. У такой разьвітай краіне як ЗША кожны год грып выклікае 710 000 шпіталізацый і 51 000 сьмерцяў.

Новы аналіз амэрыканскіх мэдыкаў, у якім вывучаліся шпіталізацыі з 2010 па 2023 год, зьвязаныя з грыпам, вызначыў фактары, што падвяргаюць людзей найбольшай рызыцы сур’ёзных ускладненьняў. Вось яны:

1. Узрост

Маленькіх дзяцей і пажылых людзей з грыпам часьцей за ўсё кладуць у шпіталі, бо іх імунная сыстэма менш моцная, чым у дзяцей старэйшага ўзросту або ў маладых дарослых. Людзі са слабейшай сыстэмай менш здольныя процістаяць інфэкцыі.

Існуе два тыпы вірусу грыпу, якія распаўсюджваюцца кожны сэзон: тып A і тып B. Самыя высокія паказьнікі шпіталізацыі з 2010 году назіраліся ў сэзоны грыпу, калі пераважалі вірусы тыпу A. Гэта зьвязана з тым, што пажылыя людзі, як правіла, больш схільныя да ўзьдзеяньня штама вірусу тыпу A — так званага H3N2.

2. Нэўралягічныя праблемы

У некаторых дзяцей з нэўралягічнымі захворваньнямі, такімі як эпілепсія, цэрэбральны параліч або сындром дэфіцыту ўвагі і гіпэрактыўнасьці (ADHD), могуць зьявіцца праблемы з функцыяй цягліцаў і лёгкіх.

У апошнім выпадку могуць пагоршыцца кашаль і вывядзеньне вадкасьці з дыхальных шляхоў. А гэта, у сваю чаргу, можа ўскладніць сымптомы грыпу і прывесьці да пнэўманіі.

3. Хваробы лёгкіх

Грып можа справакаваць прыступы астмы ў дзяцей, якія ёй хварэюць, і выклікаць хранічнае запаленьне дыхальных шляхоў. Таксама грып можа прывесьці да пнэўманіі і іншых рэсьпіратарных праблем, якія могуць запатрабаваць шпіталізацыі.

Дарослым з хранічнай абструктыўнай хваробай лёгкіх, у якіх парушаны імунны адказ, больш складана пазбавіцца ад сымптомаў грыпу. Інфэкцыя можа выклікаць большае запаленьне ў дыхальных шляхах, што яшчэ больш абцяжарыць дыханьне пацыентаў.

4. Цяжарнасьць

Амаль 30 працэнтаў жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, шпіталізаваных з грыпам на працягу сэзонаў грыпу 2010 — 2023 гадоў, былі цяжарнымі.

Дасьледаваньні паказалі, што гармоны цяжарнасьці падаўляюць імунную сыстэму, што прыводзіць да цяжэйшага цячэньня хваробы і больш частых выпадкаў шпіталізацыі. Інфэкцыя грыпу падчас цяжарнасьці таксама нясе пэўную рызыку для плода.

5. Атлусьценьне і хранічныя хваробы абмену рэчываў

Як для дзяцей, так і для дарослых, атлусьценьне зьяўляецца фактарам рызыкі цяжкага цячэньня хваробы. Гэта можа быць зьвязана зь некалькімі рознымі фактарамі. Залішняя вага можа ўскладніць глыбокія ўдыхі, неабходныя для ачышчэньня лёгкіх ад інфэкцыі, мяркуе доктар Уільям Шафнэр, спэцыяліст па інфэкцыйных хваробах з Унівэрсытэту Вандэрбільта.

Атлусьценьне часта таксама зьвязанае зь іншымі мэтабалічнымі хваробамі, такімі як дыябэт і гіпэртанія. У пацыентаў з дыябэтам грып можа прывесьці да таго, што ўзровень цукру ў крыві стане больш складана кантраляваць. А высокі ўзровень глюкозы, як мяркуецца, уплывае на функцыю белых крывяных цельцаў. Гэта пагаршае цячэньне хваробы і павялічвае час выздараўленьня, сказала прафэсар мэдыцыны з Унівэрсытэту Д’юка С’юзан Спрат.

6. Сардэчныя захворваньні

Каля паловы дарослых, шпіталізаваных з грыпам, маюць сардэчныя захворваньні. Людзі з сардэчна-судзіннымі хваробамі — гэта, як правіла, пажылыя людзі са слабейшай імуннай сыстэмай. Дасьледаваньні паказваюць, што грып павялічвае рызыку сардэчнага прыступу і інсульту ў людзей з сардэчна-судзіннымі хваробамі, сказала журналістам New York Times кардыёляг Садзія Ган.

«Людзі з сардэчнымі захворваньнямі горш пераносяць стрэс ад самой інфэкцыі», — дадала яна.

7. Высокі крывяны ціск

На працягу двух апошніх сэзонаў у чвэрці пацыентаў ва ўзросьце ад 18 да 49 гадоў, шпіталізаваных з грыпам, быў высокі крывяны ціск. Прыкладна тры чвэрці шпіталізаваных, старэйшых за 65 гадоў, мелі высокі ціск.

Гіпэртанія можа прывесьці да скаванасьці або пашкоджаньня артэрый, нагружаючы крывяносную сыстэму. Для людзей з гіпэртаніяй, як сказала доктарка Спрат, грыпозная інфэкцыя можа стварыць яшчэ большую нагрузку на сэрца.

8. Статус вакцынацыі

Вакцыны ад грыпу значна зьмяншаюць рызыку шпіталізацыі ў дзяцей і дарослых. Нядаўні аналіз паказаў, што вакцынацыя зьнізіла ўзровень шпіталізацыі на 34,5 працэнта сёлета ў пяці краінах Паўднёвай Амэрыкі, дзе сэзон грыпу пачаўся раней.

Тым ня менш, статыстыка паказвае, што людзі цяпер менш ахвотна робяць прышчэпкі ад грыпу. Мэдыкі называюць гэта памылкай і нагадваюць, што нават калі вы прышчэпленыя, важна падчас хваробы сачыць за сымптомамі, якія могуць запатрабаваць мэдычнай дапамогі. Да іх адносяцца абцяжаранае дыханьне і боль у грудзях. Экспэрты таксама рэкамэндуюць зьвяртацца па дапамогу, калі вы маеце іншыя сымптомы грыпу, напрыклад, ліхаманку ці кашаль, якія не праходзяць на працягу тыдня.

«Вакцына не зьяўляецца панацэяй, — падсумоўвае доктар Шафнэр. — Яна проста робіць менш верагоднай вашу шпіталізацыю».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG