Як адзначаецца ў афіцыйным Telegram-канале прэзыдэнта Казахстану, з моманту перасячэньня дзяржаўнай мяжы да пасадкі ў аэрапорце Масквы ў паветранай прасторы Расеі самалёт Касыма-Жамарта Такаева суправаджалі зьнішчальнікі Су-35 Міністэрства абароны Расеі.
Гэта, імаверна, зроблена ў сувязі зь безупыннымі атакамі расейскай тэрыторыі ўкраінскімі дронамі.
У Крамлі паведамілі, што ў часе дзяржаўнага візыту прэзыдэнта Казахстану ў Расеі абмяркуюць «актуальныя пытаньні» стратэгічнага партнэрства і хаўрусьніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і культурна-гуманітарнай сфэры, а таксама асноўныя тэмы рэгіянальнага і глябальнага парадку дня.
Летась 25 сьнежня пацярпеў катастрофу азэрбайджанскі самалёт AZAL, які выконваў рэйс Баку — Грозны, тады загінулі 38 чалавек. Міністэрства транспарту Казахстану апублікавала папярэднюю справаздачу аб расьсьледаваньні аварыі ў пачатку лютага. У справаздачы адзначалася, што на самалёт AZAL перад ударам аб зямлю былі вонкавыя ўзьдзеяньні. Пры гэтым самалёт перад узьлётам быў у добрым тэхнічным стане. Не выключалі, што гэтыя пашкоджаньні самалёт атрымаў у выніку абстрэлу расейскай СПА.
Форум