Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых у лютым на Палесьсі ўкраінскіх «дывэрсантаў» асудзілі на 20 гадоў калёніі кожнага


Затрыманыя грамадзяне Ўкраіны Сяргей і Павал Кабарчукі, архіўнае фота
Затрыманыя грамадзяне Ўкраіны Сяргей і Павал Кабарчукі, архіўнае фота

У Гомельскім абласным судзе абвясьцілі прысуд бацьку і сыну Сяргею і Паўлу Кабарчукам, абвінавачаным у падрыхтоўцы дывэрсіі на замову Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ).

Грамадзян Украіны Сяргея і Паўла Кабарчукоў асудзілі на 20 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму кожнага, паведамляе БЕЛТА. Таксама Кабарчукам прысудзілі па 28 тысяч беларускіх рублёў штрафу кожнаму (700 базавых велічынь).

Іх прызналі вінаватымі ў агентурнай дзейнасьці (арт. 358-1 КК), падрыхтоўцы да акту тэрарызму (ч.1 арт.13, ч. 3 арт. 289 КК), незаконных дзеяньнях у дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў у складзе арганізаванай групы (ч. 3 арт. 333-1, ч. 4 арт. 295 КК).

Суд над імі быў закрыты.

У лютым сілавікі затрымалі беларуса Віталя Ўласюка і грамадзян Украіны, бацьку і сына Сяргея і Паўла Кабарчукоў. Тады на іх завялі крымінальныя справы па арт. 13 і арт. 289 (Падрыхтоўка да акту тэрарызму) і арт. 358-1 (Агентурная дзейнасьць) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Паводле КДБ Беларусі, пры затрыманых Кабарчуках знайшлі выбуховыя прыстасаваньні, якія прызначаліся «для ўчыненьня тэрактаў перш за ўсё на тэрыторыі Расеі і Беларусі». КДБ сьцьвярджае, што іх рэйд у Беларусь арганізавала Служба бясьпекі Ўкраіны.

Дзякуючы тэлеграм-боту, які зьбірае публічную інфармацыю пра судовыя паседжаньні, стала вядома пра крымінальны перасьлед ва Ўкраіне затрыманых у Беларусі Кабарчукоў. Згодна з атрыманымі зьвесткамі, Сяргей і Павал Кабарчукі знаходзіліся пад сьледзтвам, іх абвінавачвалі ў кантрабандзе наркатычных рэчываў і судзілі ва Ўкраіне з чэрвеня 2023 году. Наступнае паседжаньне, сама меней шостае, было прызначанае на 21 лютага 2024 году. Увесь гэты час яны былі на волі, бо ўнесьлі грашовы заклад. На відэа, якое зьявілася на беларускіх дзяржаўных каналах 16 лютага, затрыманы Сяргей Кабарчук казаў, што яму нібыта абяцалі скасаваць крымінальную справу супраць яго за перавозку грузу празь мяжу.

Нядаўна стала вядома, што беларусу Віталю Ўласюку прад'явілі абвінавачаньне ў кантрабандзе (паводле ч. 3 арт. 228 КК). Суд над беларусам пачнецца 29 кастрычніка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG