Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2025: у мэдычных установах правялі агітацыю за Лукашэнку, але шырока пра сустрэчы не расказваюць


Кампанія з расейскім словам «Надо!», праведзеная ў падтрымку вылучэньня Лукашэнкі на чарговыя выбары
Кампанія з расейскім словам «Надо!», праведзеная ў падтрымку вылучэньня Лукашэнкі на чарговыя выбары

У Беларусі з 1 па 25 студзеня праходзіць агітацыйны этап выбарчай кампаніі. Улады ўтойваюць зьвесткі пра агітацыйныя сустрэчы, у дзяржаўных мэдыя яны амаль не асьвятляюцца.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» знайшла рэгіён, у якім назвалі прозьвішча даверанай асобы. Раённая газэта Менскага раёну «Прысталічча» за два тыдні агітацыі пісала толькі пра сустрэчы адной з 15 давераных асоб Лукашэнкі — дырэктара Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі (МНПЦ) і галоўнага пазаштатнага хірурга-трансплянтоляга Міністэрства аховы здароўя Алега Румо. У лякарнях Меншчыны ён хваліў дасягненьні ў галіне мэдыцыны ў Беларусі.

8 студзеня Румо правёў агітацыйныя сустрэчы ў Менскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні, РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, а таксама з супрацоўнікамі Менскай абласной клінічнай лякарні.

«Чыстая, кампактная і мірная Беларусь непарыўна зьвязаная зь імем Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта ён браў актыўны ўдзел у будаўніцтве і станаўленьні дзяржавы», — сказаў Румо пра свайго кандыдата.

У які час адбывалася сустрэча, невядома, але гэта было ўдзень (магчыма, у працоўны час), бо на фатаздымках за вокнамі яшчэ сьветла. Гэта тычыцца ўсіх сустрэч Румо з мэдыцынскімі работнікамі.

9 студзеня Румо сустрэўся з працоўным калектывам Менскай цэнтральнай раённай клінічнай лякарні і Менскага абласнога клінічнага шпіталя інвалідаў вайны імя Пятра Машэрава. Агітуючы за Лукашэнку, ён сказаў:

«Да нас едуць лячыцца і вучыцца з краін блізкага і далёкага замежжа».

Пры гэтым незалежныя экспэрты і беларускія мэдыкі адзначаюць вострую няхватку спэцыялістаў у шэрагу мэдыцынскіх устаноў. Шмат лекараў празь перасьлед пакінулі краіну і вымушана жывуць за мяжой.

13 студзеня Румо сустрэўся з мэдыцынскімі работнікамі Менскага абласнога супрацьсухотнага дыспансэру і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі ім. М. М. Аляксандрава.

У рэпартажы журналістка Валерыя Грамовіч нават не назвала імя даверанай асобы, нягледзячы на тое, што ў матэрыяле апублікаваныя фатаздымкі Алега Румо. У матэрыяле пазначана, што «асноўная тэма абмеркаваньня — разьвіцьцё мэдыцыны».

  • Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
  • У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
  • Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека.
  • З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG