Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на лячэньні знаходзяцца 25 расейскіх вайскоўцаў, перададзеных Украінай у рамках абмену

абноўлена

Украіна адправіла на мяжу зь Беларусьсю машыны хуткай і рэанімацыйнай дапамогі для сваіх палонных, 15 студзеня 2025
Украіна адправіла на мяжу зь Беларусьсю машыны хуткай і рэанімацыйнай дапамогі для сваіх палонных, 15 студзеня 2025

Паводле расейскага боку, абмен адбыўся пры пасярэдніцтве Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі пра чарговы абмен палоннымі з Украінай — бакі перадалі адзін аднаму па 25 вайскоўцаў.

«Цяпер усе расейскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім аказваюць неабходную псыхалягічную і мэдычную дапамогу, а таксама магчымасьці зьвязацца з сваякамі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Згодна з інфармацыяй Мінабароны Расеі, пазьней расейскіх вайскоўцаў даставяць у Расею для лекаваньня і рэабілітацыі ў адмысловых установах ведамства. У той жа час не паведамляюць, колькі часу яны яшчэ прабудуць на беларускай тэрыторыі і ў якой яны цяпер мэдычнай установе.

Паводле расейскага боку, абмен адбыўся пры пасярэдніцтве Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з палоннымі паведамілі, што гэты абмен адбыўся ў асобным фармаце, каб вярнуць цяжкахворых і цяжкапараненых палонных.

Сярод вызваленых з расейскага палону – жаўнеры, матросы і сяржанты, якія абаранялі Харкаўскую, Запароскую і Данецкую вобласьці, Марыюпаль, а таксама ваявалі ў Курскай вобласьці.

Сярод 25 украінцаў дадому вярнуўся і адзін цывільны, якога расейцы захапілі на Кіеўшчыне і незаконна ўтрымлівалі.

Наймалодшаму вызваленаму з палону – 24 гады, а найстарэйшаму – 60. Украінскі бок выказаў удзячнасьць Аб’яднаным Арабскім Эміратам за дапамогу ў арганізацыі абмену.

Сярод асобаў, перададзеных Расеяй ва Ўкраіну, беларусаў няма. Гэта вынікае зь сьпісаў, якія мае Свабода.

26 чэрвеня 2022 году ў баях пад Лісічанскам загінулі камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Вадзім Шатроў, Васіль Грудовік, а яшчэ два беларусы — Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў — трапілі ў расейскі палон.

Раней Украіна перадала Расеі беларусаў Максіма Запеку, Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча, якія ваявалі на баку Расеі.

Сёлета вясной ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус Яўген Камянькоў, які падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку».

Пасьля пачатку Ўкраінай курскай апэрацыі ўсе абмены палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай адбываюцца на тэрыторыі Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG