Маршалак польскага Сэйму Шыман Галоўня падпісаў і накіраваў у Нацыянальную выбарчую камісію і Канцылярыю прэм’ер-міністра пастанову аб прызначэньні прэзыдэнцкіх выбараў на 18 траўня, паведамляе Polskie Radio. 15 студзеня пастанова будзе афіцыйна апублікаваная, што дасьць старт прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
Першы тур выбараў адбудзецца 18 траўня, другі тур, пры неабходнасьці, адбудзецца праз два тыдні, 1 чэрвеня.
На цяперашні момант пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году заявілі 10 кандыдатаў.
Асноўныя палітычныя сілы Польшчы будуць прадстаўляць:
- намесьніца сьпікера польскага Сэнату Магдалена Б’ежат, якая прадстаўляе левых;
- маршалак Сэйму і лідэр руху «Польша 2050» Шыман Галоўня;
- адзін зь лідэраў «Канфэдэрацыі» Славамір Ментцэн, які прадстаўляе правых;
- мэр Варшавы і намесьнік старшыні «Грамадзянскай кааліцыі», якая ўзначальвае кіроўную кааліцыю, Рафал Тшаскоўскі;
- кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі, яго падтрымлівае партыя «Права і справядлівасьць», якая знаходзіцца ў апазыцыі.
Акрамя іх, пра свой удзел у прэзыдэнцкай гонцы таксама заявілі:
- сустаршыня партыі «Разам» Адрыян Зандбэрг;
- Марэк Вох ад беспартыйных службовых асобаў мясцовага самакіраваньня;
- Марэк Якубяк, дэпутат ад групы «Свабодныя рэспубліканцы»;
- незалежная кандыдатка Катажына Ціхас;
- старшыня прафсаюзу «Альтэрнатыва» Пётар Шумлевіч.
Папярэднія апытаньні, якія рэгулярна праводзяць у Польшчы ў апошнія месяцы, не даюць ніводнаму з кандыдатаў больш за 50% галасоў у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле апытаньняў, найбольшыя шанцы прайсьці ў другі тур маюць Рафал Тшаскоўскі і Караль Наўроцкі.
Для Рафала Тшаскоўскага гэта будзе ня першая прэзыдэнцкая гонка. У 2020 годзе ён выйшаў у другі тур выбараў разам з Анджэем Дудам і прайграў яму зь мінімальным адрывам.
«Права і справядлівасьць» зрабіла стаўку на не вядомага шырокай аўдыторыі старшыню Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Караля Наўроцкага.
- У 2025 годзе завяршаецца другі тэрмін дзейнага прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды, і паводле закону больш балятавацца ён ня можа.
- Кіраўнік дзяржавы ў Польшчы мае ўплыў на фармаваньне замежнай палітыкі краіны, таму вынікі выбараў відавочна адаб’юцца на будучых адносінах Польшчы з эўрапейскімі саюзьнікамі, ЗША і Ўкраінай.
- Таксама прэзыдэнт Польшчы мае права накладаць вэта на законапраекты парлямэнту і ініцыятывы ўраду, чым актыўна карыстаецца цяперашні прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Таму ад таго, хто стане прэзыдэнтам, залежыць эфэктыўнасьць цяперашняга ўраду і ў многім вынік наступных парлямэнцкіх выбараў у Польшчы.
Форум