Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго Эўразьвязу чакаць у 2025 годзе. Аналіз Свабоды


Сьцягі Эўразьвязу ў Брусэлі. Архіўнае фота
Сьцягі Эўразьвязу ў Брусэлі. Архіўнае фота

Большая частка таго, што адбудзецца ў Эўразьвязе ў 2025 годзе, залежыць ад абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Дональд Трамп размаўляў з афіцыйнымі асобамі ЭЗ на працягу апошніх некалькіх тыдняў; усе яны, здаецца, чакаюць інаўгурацыі 20 студзеня — а тады будзе відаць, якія праблемы прынясе ягоная новая адміністрацыя. Аднак да некаторых рэчаў яны рыхтуюцца ўжо цяпер.

Адна зь іх — тарыфы. Лічыцца, што перадвыбарнае абяцаньне Трампа ўвесьці агульны тарыф на імпарт у памеры ад 10 да 20 працэнтаў будзе выканана і што гэтаму льга будзе даць рады, хоць і ёсьць асьцярогі, што некаторыя прадукты будуць абкладацца яшчэ вышэйшым мытам.

Яшчэ адна — імкненьне павялічваць выдаткі на абарону. Будучы прэзыдэнт ЗША нядаўна прапанаваў траціць на войска аж 5% валавога ўнутранага прадукту (ВУП), пры тым, што большасьць эўрапейскіх сяброў NATO ледзьве дасягнула ранейшай мэты — 2%.

Наконт Украіны ў ЭЗ не хапае ідэй

Будучыня Ўкраіны будзе ў цэнтры ўвагі, асабліва калі ў 2025 годзе ўдасца заключыць мір або хоць бы дамовіцца аб спыненьні агню. Зноў жа, гэта шмат у чым залежыць ад Трампа. Для ЭЗ мэта — прынамсі забясьпечыць сабе месца за сталом перамоваў, што далёка ня факт. У справе Ўкраіны Эўразьвяз, здаецца, дзейнічае толькі на пэрыфэрыі.

Вось апошняя прапанова прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага — перадаць мільярды замарожаных на Захадзе расейскіх актываў Украіне на куплю амэрыканскай зброі. Эўразьвяз ад такой дамоўленасьці мала што выйграе. Па-першае, грошы пайшлі б у кішэню ЗША, а не Эўропы; па-другое, большая частка гэтых расейскіх грошай знаходзіцца ў ЭЗ, і такі крок можа патэнцыйна падарваць эўразону як бясьпечнае месца для бізнэсу трэціх краін.

Прэзідэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм'ер-міністар Дзяніс Шмыгаль і прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен. Кіеў, 2 лютага 2023
Прэзідэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм'ер-міністар Дзяніс Шмыгаль і прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен. Кіеў, 2 лютага 2023

ЭЗ выкарыстаў гэтыя замарожаныя актывы як гарантыю апошняй пазыкі, выдзеленай Украіне «Вялікай сямёркай»; гэтая пазыка мае пакрыць выдаткі Кіева прынамсі на 2025 год. Калі гаварыць пра ідэі і ініцыятывы, гэта той максымум, на які Эўропа гатовая пайсьці.

Пошукі кансэнсусу адносна расейскіх санкцыяў

ЭЗ будзе надалей ужываць санкцыі, каб рабіць Расеі балюча. Падчас шасьцімесячнага старшынства Вугоршчыны ў Радзе Эўразьвязу ў другой палове мінулага году Брусэль у гэтым кірунку прымаў самыя слабыя захады.

Цяпер, калі там старшынюе істотна больш рашуча настроеная Польшча, у Брусэлі ёсьць надзеі, што да трэцяй гадавіны поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну — 24 лютага — будзе гатовы новы пакет. Такія ідэі, як захады супраць звадкаванага прыроднага газу і ядзернай індустрыі Расеі, безумоўна, будуць прасоўвацца некаторымі сябрамі ЭЗ, але наўрад ці атрымаюць зялёнае сьвятло ва ўсіх 27 краінах.

Кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен з прэм'ер-міністрам Вэнгрыі Віктарам Орбанам
Кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен з прэм'ер-міністрам Вэнгрыі Віктарам Орбанам

Вугоршчына дагэтуль не ўхваліла падаўжэньня на паўгода цяперашніх эканамічных санкцый ЭЗ у дачыненьні да Расеі. Апошні тэрмін — 31 студзеня. Па словах дыпляматаў, зь якімі я размаўляў і якім забаронена гаварыць на дыктафон, Будапэшт папрасіў, каб блёк прыняў рашэньне пасьля інаўгурацыі Трампа.

Незразумела, чаго хоча Вугоршчына — напэўна, самая прарасейская дзяржава ў Эўразьвязе, — узамен за такую адтэрміноўку: ці зьмякчэньня санкцый, ці доступу да сродкаў ЭЗ, замарожаных за неадназначныя крокі ў галіне дэмакратыі.

Дыпляматы ЭЗ ужо пачынаюць нэрвавацца наконт гэтай справы, якая зацягваецца аж да апошняга тыдня студзеня. Ня выключана, што яна ня вырашыцца аж да 27 студзеня, калі міністры замежных спраў ЭЗ сустрэнуцца ў Брусэлі, або нават да магчымага надзвычайнага саміту ў канцы таго ж тыдня.

Пашырэньне Эўразьвязу ў асноўным прыпынена

Што тычыцца пашырэньня ЭЗ у 2025 годзе, то, імаверна, будзе прынята гістарычнае рашэньне адкрыць некалькі з 33 разьдзелаў пашырэньня ЭЗ — ключавых кірункаў палітыкі, якія краіны-кандыдаты павінны прывесьці ў адпаведнасьць са стандартамі ЭЗ падчас польскага старшынства. Але гэта яшчэ канчаткова ня вырашана. Каб залучыць усе краіны-сябры, у тым ліку скептычна настроеныя, такія як Вугоршчына і Славаччына, якія ўсё больш крытычна ставяцца да плянаў Кіева ўступіць у Эўразьвяз, — праўдападобна, далейшыя разьдзелы пашырэньня адкрые Сэрбія, гэта стаў бы першы такі крок пасьля маштабнага ўварваньня Расеі ў 2022 годзе.

Краінам Балтыі, Польшчы і Нідэрляндам давялося б пагадзіцца на гэта, сьцяўшы зубы, бо іх раздражняе блізкасьць Белграду да Расеі і праблемы з дэмакратыяй у Сэрбіі.

Амаль пэўна, што ўступленьне Грузіі ў ЭЗ застанецца замарожаным. Да гэтага часу ЭЗ ня мае адзінай пазыцыі наконт таго, што рабіць з Тбілісі, які пры кіраваньні «Грузінскай мары» абвінавачваюць у адступленьні ад дэмакратыі. У справе санкцыяў, накшталт уведзеных ужо Злучанымі Штатамі, супраць асобаў, зьвязаных з кіроўнай партыяй, згоды мала. Пакуль што рыхтуецца даволі сымбалічны крок — прыпыненьне лібэралізацыі візавага рэжыму для ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў.

Тбілісі, 7 студзеня 2025.
Тбілісі, 7 студзеня 2025.

Пэўна, ня будзе ўзгодненага патрабаваньня правесьці паўторнае галасаваньне замест неадназначных парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку 2024 году, якія многія асудзілі як несвабодныя і несправядлівыя. Гэта відаць з акуратна сфармуляванай заявы міністраў замежных спраў Паўночных і Балтыйскіх краін, якія звычайна выказваюцца адкрыта; заява прагучала 29 студзеня, калі прэзыдэнтка Саламэ Зурабішвілі пакідала пасаду:

«Грузіі тэрмінова патрэбны выхад з крызісу і аднаўленьне грамадзкага даверу да яе дэмакратычных інстытутаў. Мы заклікаем улады Грузіі зрабіць неадкладныя крокі ў гэтым кірунку, у тым ліку выканаць рэкамэндацыі АБСЭ па выбарах і разгледзець магчымасьць новых выбараў на аснове гэтых рэкамэндацый».

Цяпер у Брусэлі мяркуюць, што Грузія апынецца ў такім жа становішчы, як і Турэччына — тая афіцыйна застаецца кандыдаткаю ў ЭЗ, але яе шлях да сяброўства, па сутнасьці, замарожаны.

Сэрбія і Косава — па-ранейшаму на раздарожжы

Сярод тых, хто спадзяецца на ўступленьне ў ЭЗ на Заходніх Балканах, Альбанія будзе ўпэўнена крочыць да сяброўства, адкрыўшы новыя разьдзелы для перамоваў на дадатак да сямі, адкрытых у другой палове 2024 году. Паўночная Македонія, а таксама Босьнія і Герцагавіна, хутчэй за ўсё, застануцца ў тупіку з прычыны адсутнасьці рэформаў, у той час як Чарнагорыя, якая ўжо адкрыла ўсе свае разьдзелы, будзе спадзявацца закрыць некаторыя ў 2025 годзе. Дагэтуль Чарнагорыі ўдалося закрыць каля адной пятай разьдзелаў, і ў Брусэлі ёсьць шмат добрай волі, каб краіна стала 28-м сябрам Зьвязу да канца дзесяцігодзьдзя — гэта пакажа, што пашырэньне ЭЗ усё яшчэ можа адбывацца.

Нездарма новы камісар па пашырэньні ЭЗ Марта Кос, хутчэй за ўсё, зробіць Падгорыцу сваім першым пунктам падарожжа па рэгіёне на пачатку гэтага году. Ключавым для рэгіёну, як і заўсёды, застаецца працэс нармалізацыі паміж Бялградам і Прыштынай, які працягваецца з 2011 году. Пасьля парлямэнцкіх выбараў у Косаве 9 лютага, якія, верагодна, пакінуць ва ўладзе дзейнага прэм’ер-міністра Альбіна Курці, будуць спробы рэанімаваць гэтыя перамовы на вышэйшым узроўні.

Новы вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы Кая Калас зьдзейсьніць сваё першае турнэ па Заходніх Балканах, верагодна, пасьля выбараў у Косаве. Трэба ўлічыць, што ні Курці, ні прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч дагэтуль не паказалі вялікага жаданьня, каб перамовы былі пасьпяховыя. Калас будзе дапамагаць дацкі прафэсійны дыплямат і былы спэцпрадстаўнік ЭЗ у Босьніі і Герцагавіне Петэр Сэрэнсэн, накшталт таго як былы міністар замежных спраў Славаччыны Міраслаў Лайчак суправаджаў аналягічны дыялёг для папярэдніка Калас — Жузэпа Бурэля.

Папулісты на маршы

Папулісцкія партыі і палітыкі ў 2025 годзе, хутчэй за ўсё, замацуюцца па ўсім Эўразьвязе. Германія пачынае год у перадвыбарчым рэжыме, выбары ў парлямэнт прызначаныя на 23 лютага. У той час як найбольш верагодны пераможца — вялікая кааліцыя правацэнтрысцкага Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу і левацэнтрысцкай Сацыял-дэмакратычнай партыі, ультраправая партыя «Альтэрнатыва для Германіі», хутчэй за ўсё, зойме другое месца, набраўшы каля 20 працэнтаў галасоў — што стане яе найвышэйшым вынікам у гісторыі на нацыянальным узроўні.

У Францыі ўрад будзе па-ранейшаму кульгаць пры маўклівай падтрымцы ўльтраправых аж да новых датэрміновых выбараў — іх абвяшчэньня чакаюць у ліпені. Урады Гішпаніі і Нідэрляндаў хісткія і могуць пайсьці ў адстаўку ў гэтым годзе. Далей на ўсходзе чэскі мільярдэр-папуліст Андрэй Бабіш, верагодна, выйграе выбары ў кастрычніку, што палітычна зблізіць Прагу з Вугоршчынай і Славаччынай. А ў Аўстрыі ўльтраправай Партыі свабоды нядаўна ўпершыню ў гісторыі было даручана сфармаваць урад, які патэнцыйна далучыць Вену да цэнтральнаэўрапейскага папулісцкага блёку.

Польшча — выключэньне з гэтага шэрагу, і гэта адна з прычын, чаму яе лідэр, празаходні прэм’ер Дональд Туск, цяпер наймацнейшы палітык у ЭЗ — гэтаму спрыяе тое, што ягоная краіна старшынюе ў ЭЗ, мае цёплыя адносіны з Вашынгтонам і самыя вялікія ў NATO выдаткі на вайсковыя мэты ў працэнтах ад ВУП. Але і Варшаву турбуюць выбары — прэзыдэнцкія 18 траўня, з патэнцыйным другім турам 1 чэрвеня. Саюзьнік Туска, мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, — фаварыт, і калі ён пераможа, то гэта ўмацуе ўладу Туска ў краіне. Вылучэнец ад кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць» Караль Наўроцкі, безумоўна, ня здасца бяз бою — і ўвесну ўся краіна будзе захоплена гэтым змаганьнем.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG