Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Мэксыкі ў адказ на заявы Трампа прапанавала назваць частку ЗША «Мэксыканскай Амэрыкай»


Прэзыдэнтка Мэксыкі Кляўдыя Шэйнбаўм, архіўнае фота
Прэзыдэнтка Мэксыкі Кляўдыя Шэйнбаўм, архіўнае фота

Прэзыдэнтка Мэксыкі Кляўдыя Шэйнбаўм прапанавала назваць частку ЗША «Мэксыканскай Амэрыкай», паведамляе The Guardian.

Гэта яе адказ на ідэю абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа перайменаваць Мэксыканскую затоку ў Амэрыканскую. Пра гэта Трамп сказаў на нядаўнім брыфінгу.

Шэйнбаўм сустрэлася з журналістамі каля мапы 1607 году, на якой большая частка Паўночнай Амэрыкі названая «Мэксыканскай Амэрыкай». «Гучыць прыгожа, праўда?» — спытала Шэйнбаўм. На гэтай жа мапе затока, якую хоча перайменаваць Трамп, пазначаная як Мэксыканская.

Таксама Трамп неаднойчы заяўляў пра свае прэтэнзіі на Панамскі канал і Грэнляндыю «дзеля эканамічнай бясьпекі». Прэзыдэнт Панамы Хасэ Рауль Муліна папракнуў Трампа за такія словы, а ўлады Даніі думаюць, як рэагаваць, каб не пасварыцца з ЗША.

«Мы адкрытыя для дыялёгу з амэрыканцамі аб тым, як мы можам супрацоўнічаць яшчэ больш шчыльна, каб гарантаваць рэалізацыю амэрыканскіх амбіцыяў», — заявіў кіраўнік МЗС Даніі Ларс Расмусэн. ЗША ўжо даўно шчыльна супрацоўнічаюць з Даніяй у Арктыцы і ў Грэнляндыі, дзе знаходзіцца самая паўночная амэрыканская вайсковая база.

CNN таксама піша, што дарадцы Трампа папярэджваюць дацкіх чыноўнікаў, што той наконт Грэнляндыі настроены сур’ёзна. Раней Трамп пагражаў Даніі павышэньнем тарыфаў, калі яна не адмовіцца ад вострава, і ня стаў выключаць, што той можа быць захоплены ваенным шляхам.

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц перасьцярог ад гвалтоўнай зьмены межаў дзяржаваў у сьвятле заяваў Трампа аб прэтэнзіях на Грэнляндыю, піша DW.

«Прынцып непарушнасьці межаў распаўсюджваецца на кожную краіну — незалежна ад таго, знаходзіцца яна на ўсход ад нас ці на захад», — сказаў Шольц.

Расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін парушыў прынцып недатыкальнасьці межаў, напаўшы на Ўкраіну, заявіў канцлер, адкрыта правёўшы паралель з вайной ва Ўкраіне і патэнцыйным гвалтоўным захопам Грэнляндыі, якога не выключае Трамп.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG