Так палітык пракамэнтаваў на просьбу журналіста адмову абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа выключыць ужываньне сілы пры вырашэньні пытаньня з пакупкай Грэнляндыі.
Трамп некалькі разоў заяўляў пра жаданьне набыць Грэнляндыю ў Даніі, назваўшы яе «абсалютна неабходнай» для амэрыканскай бясьпекі. Данія адмаўляе магчымасьць угоды. На прэс-канфэрэнцыі 7 студзеня ў абранага прэзыдэнта ЗША спыталі, ці выключае ён ужываньне эканамічнага ці вайсковага прымусу для вырашэньня гэтага пытаньня. Ён адмовіўся пацьвердзіць, што гэта немагчыма.
Баро камэнтаваў словы Трампа для францускага радыё. «Грэнляндыя — аўтаномія Даніі і зьяўляецца тэрыторыяй ЭЗ. Не можа быць гутаркі пра тое, каб ЭЗ дазволіў якой-небудзь іншай краіне ў сьвеце атакаваць свае сувэрэнныя межы», — цытуе словы Баро AFP.
Францускі міністар дадаў, што ня лічыць, што ЗША насамрэч будуць урывацца на востраў. «Калі вы пытаецеся ў мяне, ці думаю я, што Злучаныя Штаты ўварвацца ў Грэнляндыю, мой адказ — не. Але ці ўступілі мы ў пэрыяд, калі выжывае наймацнейшы? Мой адказ — так», — сказаў Баро.
Прэсавая сакратарка францускага ўраду Сафі Прымас сказала журналістам пасьля ўрадавага паседжаньня, што заявы Трампа былі «формай імпэрыялізму». Яна дадала, што эўрапейцам варта пазбаўляцца наіўнасьці і ўзбройвацца.
Прэсавы сакратар нямецкага ўраду Штэфэн Гэбэштрайт на прэсавай канфэрэнцыі адмовіўся адказваць пытаньне, ці ўспрымае Бэрлін усур’ёз пагрозы Трампа саюзьнікам па NATO Даніі і Канадзе. Гэбэштрайт сказаў толькі, што нямецкі ўрад прыняў гэтыя заявы «да ведама».
Форум